Чарговы госьць перадачы «Інтэрвію тыдня» — сьвятар Сьвята-Міхайлаўскага праваслаўнага прыходу ў Менску Аляксандар Шрамко. Ён расказвае, чаму ў наведваньні царквы няма ніякай заслугі перад Богам; заяўляе, што хрысьціяне іншых канфэсіяў для яго не канкурэнты, а браты; і тлумачыць, чаму кожны вернік адчувае сябе дысыдэнтам на гэтым сьвеце.
— Паводле розных сацыялягічных апытаньняў, працэнтаў 70-80 жыхароў Беларусі называюць сабе праваслаўнымі. Але пераважная большасьць зь іх альбо зусім не бывае ў царкве, альбо бывае хіба некалькі разоў на год на вялікія сьвяты. Калісьці вы неяк прыводзілі ў «Фэйсбуку» даволі цікавыя падлікі таго, колькі ж сапраўды актыўных вернікаў у Праваслаўнай царкве.
— Сапраўды, вернікаў, вядома, ня 70-80 працэнтаў. Тых людзей, якія прыходзяць у царкву кожную нядзелю (а сапраўдны хрысьціянін павінен прыходзіць у царкву штонядзелю), іх ня болей за 1 працэнт, нават долі працэнта. Нават тыя, хто ходзіць у царкву, таксама падзяляюцца. Бо некаторыя зь іх проста ходзяць па звычцы, традыцыйна выконваюць абрады, і пры гэтым, можа, мала што разумеюць. Так што сярод іх сумленных сьвядомых хрысьціян яшчэ менш.
Але ёсьць людзі, якія, можа, меней удзяляюць увагі абрадам, але кіруюцца ў сваім жыцьці хрысьціянскімі запаветамі. Для іх важна прыйсьці ў царкву на Вялікдзень ня толькі, каб прынесьці кулічы, але і прычасьціцца. Нават праблема бывае такім людзям патлумачыць, што трэба ж хадзіць у царкву часьцей — і падчас Вялікага посту, і на іншыя сьвяты, апроч Вялікадня.
— А хто вам бліжэй, каго вы лічыце больш шчырым вернікам — чалавека, які кіруецца ў жыцьці хрысьціянскімі запаветамі, але ня так актыўна ходзіць у царкву, ці чалавек, які наведвае храм даволі часта, але пра яго нельга сказаць, што ён жыве хрысьціянскімі ідэямі?
Тое, што мы ходзім у царкву — у гэтым няма ніякай нашай заслугі перад Богам.
— Вядома, той, хто жыве згодна з хрысьціянскімі запаветамі. Тое, што мы ходзім у царкву — у гэтым няма ніякай нашай заслугі перад Богам. Наша заслуга перад Богам у тым, што мы робім, як ставімся да людзей, як ідэі Хрыста нясём у сьвет. Вядома, у гэтым дапамагае наш удзел у царкоўных таінствах, чытаньне Бібліі, малітва. Але гэта толькі сродак. А мэта — перамена нашага жыцьця. І калі здаецца, што мы ўсё робім, а наша жыцьцё не мяняецца — гэта кепска.
Хрыстос супрацьстаяў фарысэям і мытарам і гаварыў пра несапраўдную праведнасьць фарысэя.
— Часам людзі апісваюць у сацыяльных сетках, як яны сустракаюцца ў праваслаўных цэрквах зь не зусім прыязным стаўленьнем, з заўвагамі наконт адзеньня альбо паводзінаў. Ці, напрыклад, служкі ў царкве адмаўляліся прымаць запіску, калі на ёй не праваслаўнае, а каталіцкае імя. Гэта «перагібы на месцах» альбо тут ёсьць нейкая афіцыйная палітыка Праваслаўнай царквы?
Некаторыя пажылыя верніцы бываюць такія ўпартыя, што нават і сьвятар ня можа ім нічога часам давесьці.
— Вядома, тут няма ніякай афіцыйнай палітыкі. Ёсьць такія людзі ў нас у царкве, зь імі працуюць, спрабуюць ім нешта патлумачыць. Думаю, тое, што вы апісалі, ужо ня так часта і здараецца. Нашы герархі ўвесь час тлумачаць, што да людзей трэба ставіцца больш добразычліва, нават нейкую заўвагу можна зрабіць ветліва. Але ведаеце, некаторыя пажылыя верніцы бываюць такія ўпартыя, што нават і сьвятар ня можа ім нічога часам давесьці.
Наконт запісак з каталіцкімі імёнамі, то цяпер праводзіцца такая палітыка, што прымаюцца ўсе імёны. Але пазначаецца адмыслова, калі гэта неправаслаўны. І ёсьць службы, дзе памінаюцца менавіта ўсе вернікі, усе чальцы Царквы. Напрыклад, у час літургіі памінаюць толькі праваслаўных, а ўсіх хрысьціян — у час малебну.
— А хто для вас бліжэйшы — праваслаўны, які ня вельмі актыўны вернік і ня вельмі ўзорны хрысьціянін, ці каталік альбо пратэстант, які больш шчыры вернік? То бок хто для вас хрысьціяне іншых канфэсіяў — больш браты ці канкурэнты?
— Найперш браты. У кожным чалавеку мы павінны бачыць Хрыста перш за ўсё. Калі чалавек ставіцца да Хрыста як да свайго Збавіцеля, то ён для мяне найперш брат. Можна спрачацца, але гэта спрэчкі паміж сябрамі. Я ня стаўлюся да іх як да канкурэнтаў.
— Калі вы бачыце ці недзе чытаеце, што чалавек быў праваслаўным, але тут яму шмат чаго не падабалася і ён перайшоў у іншую канфэсію, што вы адчуваеце?
— Вядома, мне шкада, што чалавек перайшоў ад нас. І гэта наша віна, што мы не зрабілі ўсё, каб чалавек застаўся.
Напрыклад, было, калі актыўны вернік сышоў ад нас ва ўніяцкую царкву, бо там нашмат больш беларускага.
Напрыклад, было, калі актыўны вернік сышоў ад нас ва ўніяцкую царкву, бо там нашмат больш беларускага. У нас служыцца літургія па-беларуску, але гэтага было недастаткова для чалавека. У нас сапраўды няма такога беларускага ўплыву, як ва ўніяцкай царкве.
— Вы кажаце: «гэта наша віна». Але ж царква ня можа ўсім падабацца і ва ўсім ісьці насустрач сваім вернікам. Напрыклад, у Праваслаўнай царкве больш строгія абрады, чым у каталікоў. Ці павінна яна тут мяняцца, улічваючы настроі сучасных людзей, ці заставацца разам са сваімі традыцыямі?
— Царква разьвіваецца заўсёды. Але трэба разумець, што мэта царквы — каб чалавек прыйшоў да Бога. Гэта робіцца дзеля ратаваньня ягонай душы, а не дзеля таго, каб «чым прасьцей, тым лепей».
Адным цяжка пераадолець гэтыя доўгія і нялёгкія службы. Але бывае і наадварот, людзі выказваюць незадавальненьне, калі скарачаюцца службы, калі робіцца нешта не паводле строгіх правілаў. Таму трэба ўлічваць усе настроі. І ў выніку ўсе новыя рэчы царква ўводзіць даволі асьцярожна.
— Вас не турбуе, што Праваслаўная царква (што ў Беларусі. што ў Расеі) трапляе ў СМІ часта ў сувязі з рознымі скандаламі? То ў Беларусі ў царкве выступае расейскі палкоўнік ГРУ з шавіністычнымі заявамі, то ў Расеі людзі, якія называюць сабе праваслаўнымі, выступаюць супраць пэўнага фільму. Чаму так адбываецца?
— Царква — гэта людзі, вельмі розныя людзі. Ніхто ня можа ўсё трымаць пад кантролем, усе праявы людзей, якія называюць сабе вернікамі. Царква — гэта агульнадаступная ўстанова, кожны можа назваць сябе так. Але я думаю, што нашы герархі маглі б больш актыўна рабіць там, каб гэтага было менш. Нейкіх людзей трэба ставіць на месца, прытарможваць, я так думаю.
— Неяк я глядзеў фільм «Галгофа» пра ірляндзкага сьвятара. І сярод усіх разнастайных герояў фільму ён адзіны выглядаў, як «іншы», як дысыдэнт. Ці можна казаць, што ў сучасным сьвецкім грамадзтве сапраўдны вернік адчувае сабе дысыдэнтам?
— Бывае, калі ты адчуваеш сабе, як зь іншай плянэты. Але гэта звычайны стан. Так і павінна быць. Бо царква прыходзіць у сьвет, каб сьведчыць аб новым Царстве. Нават проціпастаўляецца Царства Божае царству гэтага сьвету. І шчырыя вернікі заўсёды будуць як дысыдэнты сярод гэтага сьвету, які ляжыць у граху.