Пра гэта паведаміў карэспандэнту Свабоды прэс-сакратар галоўнага ўпраўленьня ідэалягічнай працы Міністэрства абароны Беларусі Ўладзімер Макараў.
«Я толькі пацьвярджаю, што вайскоўцы, заплянаваныя для ўдзелу ў вучэньнях на тэрыторыі Беларусі, а менавіта зь дзесяці тысяч удзельнікаў тры тысячы — гэта вайскоўцы Ўзброеных сілаў РФ. Усе іхныя падразьдзяленьні і ўвесь іхны асабовы склад знаходзіцца на тэрыторыі Беларусі і прыступіў да адпрацоўкі вучэбных задачаў у рамках вучэньняў.
Іншых расейскіх падразьдзяленьняў на вучэньнях на тэрыторыі Беларусі ня будзе.
Што да адпрацоўкі пытаньняў у рамках вучэньняў, то гэта без рэальнай перагрупоўкі на тэрыторыю РБ. Гэта адназначна».
Наконт інфармацыі, якую разьмясьціла міністэрства абароны Расеі, ён сказаў;
«Дзеля бога. Ніякай рэальнай перагрупоўкі расейскіх войскаў на тэрыторыю Беларусі ня будзе».
У прэсавай службе міністэрства абароны Расеі карэспандэнту Свабоды ня сталі камэнтаваць сытуацыю.
Раней міністэрства абароны Расеі паведаміла, што падразьдзяленьні Заходняй вайсковай акругі, якiя прыцягваюцца да сумеснага стратэгічнага вучэньня «Захад-2017», пачалі перакідку асабовага складу, узбраеньня, вайсковай і спэцыяльнай тэхнікі на палігоны ў Беларусь.