Зноў брыфінг у фармаце заявы: без пытаньняў ад журналістаў
Генэрал-маёр Алег Воінаў заявіў пра мэту манэўраў «Захад-2017»:
«Падрыхтоўка і прымяненьне груповак сілаў Беларусі і Расеі дзеля забесьпячэньня бясьпекі Саюзнай дзяржавы, кіраваньне войскамі і зброяй, апрабацыя новых пагадненьняў паміж РФ і РБ».
Тэрмін вучэньняў — 14-20 верасьня. Кіраўнікі — начальнікі генштабоў, міністры і першыя намесьнікі міністраў абароны РФ і РБ.
Тэматыка вучэньняў — барацьба з сэпаратызмам і тэрарызмам
Генэрал-маёр Алег Воінаў зазначыў, што пры падрыхтоўцы манэўраў улічваліся сучасныя падыходы на аснове крызісных сытуацыяў і нарастаньне «канфліктаў з боку міжнародных тэрарыстычных і сэпаратысцкіх арганізацыяў». «Паводле такіх сцэнароў узьнікалі ўсе канфлікты апошняга часу», — падкрэсьліў генэрал-маёр.
Вучэньні пройдуць у два этапы. Першы — перагрупоўка войскаў да баявога прымяненьня і нэўтралізацыя груповак праціўніка. Другі — узгадненьне пытаньняў кіраваньня войскамі ва ўмовах хуткацечнай абстаноўкі.
Манэўры аддаленыя ад межаў
Генэрал-маёр Алег Воінаў адзначыў, што вучэньні наўмысна аддаленыя ад сумежных тэрыторыяў з Украінай, Літвой, Латвіяй і Польшчай. У Расеі манэўры пройдуць на трох палігонах, яны гэтаксама не пагражаюць суседнім дзяржавам.
На тэрыторыі Беларусі будуць вучыцца 10 200 вайскоўцаў. Зь іх 7 тысяч — зь беларускіх падразьдзяленьняў, 3 тысячы — з расейскіх.
«Гэта нашмат меней, чым сканцэнтравана натаўскага кантынгенту на подступах да Беларусі», — падкрэсьліў Воінаў.
Будуць назіральнікі з Украіны і 5 краінаў NATO
Беларусь для выключэньня недаверу і напружанасьці, апроч суседзяў, запрасіла на вучэньні назіральнікаў са Швэцыі і Нарвэгіі, а таксама з краінаў Балтыі.
"Такім чынам, за манэўрамі будуць сачыць прадстаўнікі ад 5 краінаў NATO. Хоць міжнародныя нормы дазваляюць гэтага не рабіць",— падкрэсьліў Воінаў.
Акрэдытаваныя 280 журналістаў
«Мы дамо ўсе магчымасьці для інспэкцыйнай дзейнасьці, паколькі Беларусь выконвае ўсе міжнародныя абавязаньні ў сфэры кантролю за ўзбраеньнямі», — адзначыў Воінаў.
Па яго словах, акрэдытавана 280 прадстаўнікоў мас-мэдыя, пераважна замежных.
Расейскія салдаты пакінуць Беларусь да 30 верасьня
Генэрал-маёр Алег Воінаў зазначыў, што па заканчэньні вучэньняў, да 30 верасьня асабовы склад вайсковых частак узброеных сілаў Беларусі і Расеі, якія прымаюць удзел у вучэньнях, вернуцца ў месцы сваёй пастаяннай дысьлякацыі.