Прэзыдэнт Эўрапейскага банку рэканструкцыі і разьвіцьця Сума Чакрабарці наведае зь візытам Беларусь з 12 па 14 верасьня. Ён плянуе сустрэцца з кіраўніком Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам і прэмʼер-міністрам Андрэем Кабяковым, а таксама з прадстаўнікамі бізнэсу, дзелавой, дыпляматычнай і грамадзянскай супольнасьці.
«Апошнімі гадамі Беларусь дэманструе вялікую міжнародную адкрытасьць і вялікую гатоўнасьць абмяркоўваць унутрыпалітычныя падзеі, у тым ліку сытуацыю з правамі чалавека ў краіне. Гэтыя зьмены таксама дазволілі ЭБРР прыняць новую краінавую стратэгію, якая прадугледжвае больш шырокі ўдзел у праектах дзяржаўнага сэктару, уключаючы дзяржаўную і муніцыпальную інфраструктуру і перадпрыватызацыйную падтрымку дзяржаўных прадпрыемстваў», — паведамляе прэс-служба банку.
Падчас візыту плянуецца падпісаць пагадненьне аб прадастаўленьні субардынаванага крэдыту зь «Белінвэстбанкам», мэмарандум аб узаемаразуменьні ў разьвіцьці мясцовых рынкаў капіталу, камэрцыялізацыі і карпаратыўным кіраваньні дзяржаўнымі прадпрыемствамі, а таксама грантавае пагадненьне з ЭЗ аб падтрымцы малога і сярэдняга бізнэсу ў Беларусі.
Па выніках візыту ў Менску плянуецца прэсавая канфэрэнцыя для журналістаў.
Старэйшы аналітык кампаніі «Альпары» Вадзім Іосуб сказаў Свабодзе, што новыя банкаўскія праграмы пойдуць на карысьць Беларусі.
«Грошы ЭБРР — гэта грошы, якія ідуць на канкрэтныя інфраструктурныя праекты. Банк бярэ ўдзел у адборы гэтых праектаў і кантралюе расходаваньне сродкаў. Крэдыты МВФ ідуць на папаўненьне золатавалютных рэзэрваў, а па сутнасьці выдаткоўваюцца на вяртаньне раней узятых даўгоў. Тут жа гаворка ідзе пра фінансаваньне канкрэтных праектаў. Што тычыцца большай увагі праектам на аснове дзяржпрадпрыемстваў, ранейшая палітыка ЭБРР была арыентаванае на тое, каб больш крэдытаваць прыватныя праекты. Але, на жаль, па сутнасьці, доля дзяржавы ў нас павялічваецца, прыватных праектаў ня так шмат. І калі абмяжоўвацца фінансаваньнем выключна прыватных прадпрыемстваў, атрымаецца, што ня так ужо багата ёсьць варыянтаў для ўкладаньня грошай ЭБРР».
З 1992 году ЭБРР інвэставаў амаль 1,9 мільярда эўра ў 90 праектаў у розных сэктарах эканомікі Беларусі.
Ранейшая стратэгія, дзеяньне якой скончылася ў 2015 годзе, не прадугледжвала крэдытаваньня дзяржсэктару Беларусі. Раней Аляксандар Лукашэнка прапанаваў кіраўніцтву банку, улічваючы няпростую эканамічную сытуацыю ў Беларусі, пачаць крэдытаваньне дзяржаўных прадпрыемстваў.