Прэс-служба абароннага ведамства Ўкраіны паведамляе, што спэцыялісты з адной з авіяцыйных базаў ЗША навучаць украінскіх калегаў-авіятараў «метадам узаемадзеяньня зь іншымі родамі войскаў у розных умовах».
Асноўная частка вучэньняў пройдзе ў Міжнародным цэнтры міратворчасьці і бясьпекі Нацыянальнай акадэміі Сухапутных войскаў на Яварыўскім палігоне ў Львоўскай вобласьці з 11 па 23 верасьня. Чакаецца, што ў іх прымуць удзел 2,5 тысячы вайскоўцаў з больш як 10 краінаў. Акрамя Ўкраіны і ЗША, гэта і вайскоўцы з Канады, Вялікай Брытаніі, Італіі, Нарвэгіі, Польшчы, Турэччыны, Грузіі, а таксама Малдавіі.
Як адзначаецца на афіцыйнай старонцы праграмы «Rapid Trident», падчас манэўраў, накіраваных на падтрымку Ўкраіны ЗША і іншымі краінамі-саюзьнікамі NATO, будуць адпрацоўвацца апэрацыі па падтрыманьні міру і стабільнасьці ў рэгіёне.
Вучэньні «Rapid Trident», як падкрэсьліваюць у Мінабароны Ўкраіны, праводзяцца рэгулярна і не зьяўляюцца адказам на расейска-беларускія манэўры «Захад-2017», якія пачынаюцца 14 верасьня. Выступаючы ў Вярхоўнай Радзе 7 верасьня зь пасланьнем да дэпутатаў, прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка заявіў, што пад выглядам вучэньняў арміяў Расеі і Беларусі «не выключаецца стварэньне новых ударных груповак расейскіх войскаў для ўварваньня на тэрыторыю Ўкраіны».
«Захад-2017»: усё пра беларуска-расейскія вайсковыя вучэньні
Напярэдадні 57 прадстаўнікоў узброеных сілаў Малдовы, нягледзячы на забарону прэзыдэнта краіны Ігара Дадона, якога лічаць прарасейскім кіраўніком дзяржавы, прыбылі на Яварыўскі палігон. 6 верасьня малдаўскі ўрад даў згоду на іх удзел у «Rapid Trident-2017». У той жа час Дадон абвінаваціў Кабінэт міністраў ва ўзурпацыі ўлады і прыгразіў пакараць вайскоўцаў, якія адправіліся на ўкраіна-амэрыканскія манэўры насуперак яго забароны.