Сучасныя беларускія гісторыкі ня могуць адназначна сказаць, на якім месцы адбылася гістарычная бітва 8 верасьня 1514 году. Вынік яе вядомы: у бітве пад Воршай войска на чале зь вялікім гетманам Вялікага Княства Літоўскага Канстанцінам Астроскім перамагло ўтрая большае войска Маскоўскага княства. А вось тапаграфічных вэрсій некалькі, і ў кожнай адны й тыя самыя арыенціры: маленькая рэчка Крапіўна, або Крапівенка, і шырокі Дняпро, куды яна ўпадае...
На беразе Крапівенкі сёньня — дамкі-лецішчы. І поле, вядомае ў найноўшай гісторыі ўжо не вайсковай славай, а музычнай: тут у першыя выходныя верасьня, пачынаючы зь 1991 году, адбываўся фэстываль бардаўскай песьні і паэзіі ў гонар перамогі войска ВКЛ над маскоўскімі дружынамі. Больш за 10 гадоў фэст праводзіўся рэгулярна, але з 2007-га ўлады перашкаджалі правядзеньню культурніцкай патрыятычнай імпрэзы, затрымлівалі і арыштоўвалі яе ўдзельнікаў. Сьпеўны фэст пачалі лічыць «несанкцыянаваным мерапрыемствам», і небясьпека быць пакаранымі зрабіла колькасьць выступоўцаў і слухачоў меншай у дзясяткі разоў.
Шматкроць рабіліся спробы перанесьці выступы ў іншыя мясьціны паблізу, і штогод на пачатку верасьня сюды прыяжджалі кампаніі з гітарамі.
У 2014 годзе былі спробы ўрачыста адзначыць 500-я ўгодкі бітвы. Пра гэтую дату сьведчыць надпіс на вялікім валуне. Побач яшчэ валуны, з выявамі і імёнамі славутых ваяроў і грамадзкіх дзеячоў ВКЛ — Астроскага, Сапегі, Радзівіла.
Непадалёк можна ўбачыць камень зь лічбамі «1514» і яшчэ адзін, урослы ў зямлю, — з радкамі песьні пра бітву і яе герояў. Ад валуна да валуна вядзе сьцяжынка (яе называюць «Сьцяжына герояў»), а пачынаецца яна на высокім узгорку, амаль што ад самага крыжа з надпісам «Героям Аршанскай перамогі». Унізе, на самым беразе, стаіць помнік-камень з шыльдай, якая нагадвае пра падзеі сівой даўніны.
Усё гэта: помнік, камяні з выявамі і надпісамі, драўляны пяцімэтровы крыж — зроблена неабыякавымі людзьмі, якія шануюць беларускую гісторыю. Улады аніякім чынам не прычыніліся да ўшанаваньня гістарычных падзеяў. Наадварот: якраз напярэдадні чарговых угодкаў ахвотныя трапіць на месца бітвы вельмі часта сутыкаюцца зь перашкодамі, бо нехта аддае загад пераараць Крапівенскае поле.
Так здарылася і сёлета, піша на сваёй старонцы ў Facebook аршанскі актывіст Генадзь Шэпелеў. Поле зноў узаралі. Але наўрад ці гэткая падступная дробязь можа спыніць тых, хто прыедзе ўспомніць герояў бітвы пад Воршай.