Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Віцебскім Курапатам» могуць надаць гісторыка-мэмарыяльны статус


Мясьціны каля вёскі Хайсы Віцебскага раёну могуць быць прызнаныя мэмарыяльнымі. Пра гэта гаворыцца ў адказе зь Віцебскага аблсавету, дасланым старшыні Віцебскай абласной арганізацыі партыі БНФ Канстанціну Смолікаву.

Паводле ліста з аблвыканкаму, цяпер вывучаюцца вынікі пошукавых прац, якія праводзіліся ў траўні гэтага году з удзелам 52-га пошукавага батальёну і супрацоўніка Інстытута гісторыі Акадэміі навук Алега Іова. Згодна з высновамі навукоўца, «сабраныя знаходкі (гільзы, абутак, манэты, гузікі і г.д.), чарапы з агнястрэльнымі раненьнямі і сам спосаб пахаваньня зьяўляюцца ўскоснымі доказамі масавых рэпрэсій пэрыяду 1937–38 гадоў». У лісьце таксама гаворыцца, што неабходна правесьці яшчэ шэраг адмысловых дасьледаваньняў і экспэртызаў, і па выніках будзе прынята рашэньне наконт наданьня гісторыка-мэмарыяльнага статусу гэтым мясьцінам.

У лесе каля вёскі Хайсы (архіўнае фота)
У лесе каля вёскі Хайсы (архіўнае фота)

Да якіх высноваў прыйшлі пашукавікі адмысловага 52-га батальёну, у адказе не паведамляецца. Аднак сказана, што ў вобласьці пачаўся пераўлік месцаў масавых пахаваньняў і што «масавыя палітычныя рэпрэсіі 30–40-х гадоў мінулага стагодзьдзя асуджаныя дзяржавай і грамадзтвам».

Старажылы вёскі Хайсы і навакольных вёсак згадваюць пра масавыя расстрэлы ў бліжэйшым лесе, якія адбываліся ў 1937–38 гадах. Мясцовыя ўлады сьпярша ставіліся да іхных успамінаў скептычна, аж пакуль у лесе не пачалі адкрывацца ўсё новыя невядомыя масавыя пахаваньні.

Чалавечыя парэшткі знаходзяць у лесе каля вёсак Хайсы і Дрыкольле з 2014 году. Найверагодней, масавыя пахаваньні зацікавілі «чорных капальнікаў», якія ў пошуках спажывы проста павыкідалі зь зямлі чалавечыя косткі. З ініцыятывамі ўшанаваць памяць ахвяраў, паставіўшы тут мэмарыяльныя знакі, ужо ня першы год выступае грамадзкая ініцыятыва «Хайсы». Рабіць гэта ўлады не сьпяшаюцца, і актывісты самі ўсталявалі ў лесе пад тры дзясяткі мэмарыяльных крыжоў.

У жніўні 2017 году ўдзельнікі ініцыятывы «Хайсы» падалі дакумэнты на рэгістрацыю аднайменнай гістарычна-асьветніцкай грамадзкай арганізацыі. Актывісты мяркуюць, што гэта паспрыяе большаму ўплыву і на пазыцыю ўладаў, і на грамадзкую думку.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG