Трэці дзень у Заводзкім судзе Менску ідзе працэс над былым намесьнікам міністра надзвычайных сытуацый Дзьмітрыем Бегуном і былым дырэктарам будаўнічай фірмы «Грыфрэстаўрацыя» Аляксандрам Грыцам. Экс-чыноўніка вінавацяць у атрыманьні хабару, экс-дырэктара — у даваньні хабару і падбухторваньні да злачынства.
Дзьмітрыю Бегуну пагражае да 15 гадоў зьняволеньня з канфіскацыяй маёмасьці. Ягонае стаўленьне да абвінавачаньня публічна яшчэ не агалошанае: на першым паседжаньні Дзьмітры Бягун сказаў, што выкажацца і дасьць паказаньні пасьля таго, як цалкам азнаёміцца з матэрыяламі справы, маўляў, яшчэ не пасьпеў гэтага зрабіць.
Аляксандар Грыц сваю віну ў даваньні хабару Дзьмітрыю Бегуну прызнаў і падрабязна расказаў, за што і калі даваў таму грошы.
«Хочаш са мной працаваць?» — паводле Грыца, спытаў у яго Бягун, тады начальнік менскай гарадзкой управы МНС. Гэта было пасьля восені 2012 году, яны размаўлялі ў службовым кабінэце Бегуна і дамовіліся пра 3% «адкату» ад коштаў будаўніча-мантажных работ на абʼектах, якія Бягун бярэцца «апякаць».
7 верасьня суд вывучаў эпізод, які адбыўся ў пачатку 2017 году. У ім фігуруе 5 тысяч даляраў хабару за тое, каб пажарныя зьнялі прэтэнзіі да станцыі тэхабслугоўваньня аўтамабіляў на вуліцы Ўбарэвіча. Станцыю будавала фірма «Грыфрэстаўрацыя».
Сьведка Аляксандар Цудзіла, адказны супрацоўнік фірмы, згадаў, што ў студзені 2017 году яму стала вядома, што МНС мае да абʼекта прэтэнзіі адносна пажарнай бясьпекі. Сьведка згадаў размову з дырэктарам фірмы Аляксандрам Грыцом, зь якім яны сябравалі. Той паведаміў яму як сябру, што ўладальнік фірмы Вадзім К. загадаў «вырашыць гэтую праблему любым чынам». На гэта Грыц, паводле сьведкі, сказаў, што зьвернецца ў МНС і гэта абыдзецца ў 5 тысяч даляраў, грошы трэба будзе перадаць Дзьмітрыю Бегуну. Але ці было гэта перадачай хабару, ці нечым іншым, сьведка пэўна не сказаў. «Дакладна ня ведаю, я ж там не прысутнічаў».
Аднак пракурора Вадзіма Кісяля такія паказаньні Аляксандра Цудзілы не задаволілі, і ён прапанаваў суду зачытаць заяву, якую сьведка напісаў пасьля першай размовы са сьледчым.
«Пасьля некалькіх візытаў інспэктара МНС праблема ніяк не вырашалася... Тады А. Грыц дамовіўся пра сустрэчу з Д. Бегуном і пасьля сустрэчы паведаміў К., што праблему Бягун паабяцаў вырашыць за 5 тысяч даляраў. Той сказаў, што цяпер грошай няма, але праз 2 месячы будуць, і тады хабар Бегуну Грыц перадасьць. Яны сустрэліся каля вуліцы Кальварыйскай, і грошы Бегуну былі перададзеныя», — напісаў у адмысловай заяве на імя сьледчага Аляксандар Цудзіла. Пры гэтым ён быў папярэджаны, што панясе адказнасьць, калі паклёпнічаў на Грыца і Бегуна.
«Ці пацьвярджаеце цяпер тую заяву?» — спытаў у сьведкі пракурор. Аляксандар Цудзіла ледзь чутна адказаў, што ўсё напісаў дакладна.
Дарэчы, адвакат Дзьмітрыя Бегуна мяркуе, што сьведку Цудзілу падчас сьледзтва менавіта затрымлівалі, а ня проста зь ім размаўлялі, і прасіў пракурора падчас допыту сьведкі не аказваць на яго ціску. Але ўмяшалася судзьдзя Жанна Хвайніцкая: «Ціску няма, проста сам сьведка дае няўцямныя паказаньні, а пракурор высьвятляе, што было насамрэч».
Другі сьведка, Сяргей Пігулеўскі, працаваў на будоўлі СТА па вуліцы Ўбарэвіча майстрам. Сьведка пацьвердзіў, што паводле першапачатковага праекту фасад будынка СТА павінны былі пакрыць іншымі матэрыяламі, але потым абралі таньнейшы — пенапляст. Вось да яго і ўзьніклі прэтэнзіі ў інспэктара МНС па Заводзкім раёне — нібыта матэрыял не адпавядаў правілам пажарнай бясьпекі. Але што было далей, як кіраўнікі выходзілі са складанага становішча, сьведка ня ведае.
Дарэчы, паводле абвінаваўчага заключэньня, 5 тысяч даляраў, нібыта атрыманых Бегуном ад Грыца за зьняцьце прэтэнзій да СТА на Ўбарэвіча — гэта самая вялікая сума аднаразовага хабару. У іншых эпізодах фігуруюць сумы меншыя — 90 мільёнаў недэнамінаваных рублёў, 15, 10, 5 мільёнаў рублёў. Такім чынам, агулам хабару, інкрымінаванага экс-намесьніку міністра, набіраецца прыкладна на 11 тысяч даляраў.
Ня дзіва, што Дзьмітры Бягун не здаецца і на лаве падсудных выглядае чалавекам, які ня верыць, што з надзвычайнага становішча, у якім апынуўся, няма выйсьця. Уважліва сочыць за падзеямі на працэсе, задае сьведкам лягічныя пытаньні, усяляк падтрымлівае выгляд бадзёрага, незламанага чалавека.
Наколькі хопіць гэтай бадзёрасьці? Паводле зьвестак, працэс над Дзьмітрыем Бегуном і Аляксандрам Грыцам працягнецца некалькі тыдняў.