Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі чарговы раз выступіла з ініцыятывай забараніць продаж алькагольных напояў у начны час, а таксама на аўтазапраўках.
У прыватнасьці, разглядаецца прапанова спыніць рэалізацыю сьпіртнога пасьля 23.00, а крамы пры АЗС пазбавіць права на падобны асартымэнт.
Пакуль жа ў Беларусі алькаголь можна набыць усюды, у любы час і без абмежаваньняў.
У чэрвені 2015 году ўжо прымалася рашэньне абмежаваць продаж алькаголю ад 23.00 да 9.00. Аднак навацыі пратрымаліся зусім нядоўга: падчас нарады ў пытаньнях вытворчасьці і абарачэньня алькагольнай прадукцыі Аляксандар Лукашэнка пакрытыкаваў «самадзейнасьць» асобных ведамстваў — і абмежаваньні неадкладна адмянілі.
Свабода высьветліла, як змагаюцца з начнымі выпівохамі ў іншых краінах.
Расея
У Расеі фармальна абвешчана антыалькагольная кампанія, хоць разгалінаваная сетка падпольнага гандлю зводзіць тыя высілкі да мінімуму. Продаж моцных (ад 15%) напояў мусіць ажыцьцяўляцца ад 10-й да 22-й гадзіны. Забароны на начны продаж дзейнічаюць больш як у 70 рэгіёнах Расейскай Фэдэрацыі, а самы суровы абмежавальны графік на Чукотцы — ад 20-й і да поўдня.
Украіна
На пачатку чэрвеня набыло сілу рашэньне гаспадарчага суду Кіева, у адпаведнасьці зь якім гарадзкая рада абавязаная адмяніць забарону на продаж алькаголю ў сталіцы ад 23.00 да 10.00. Згодна з судовым вэрдыктам, мясцовая ўлада, абмежаваўшы рэалізацыю алькагольных і слабаалькагольных напояў у аб’ектах гандлю, самавольна ўстанавіла забарону, чым абмежавала самастойнасьць прадпрыемстваў у рэалізацыі тавараў. Такім чынам, алькаголь у Кіеве ды астатніх гарадах можна набываць вольна і ў любы час.
Польшча
Летась у Польшчы заявілі пра падрыхтоўку закону аб абмежаваньні продажу алькаголю. Анансавалася, што праект прадугледжвае права органаў мясцовага самакіраваньня вырашаць, у якіх месцах і ў які час дазваляць продаж сьпіртнога. Новыя правілы меліся распаўсюдзіць ня толькі на крамы, але і ўстановы харчаваньня. Аднак у ініцыятывы шмат праціўнікаў і далей за размовы справа не пайшла. У якасьці аднаго з аргумэнтаў даводзіцца, што гэта ўдарыць па бюджэце краіны. Сёньня алькаголь можна набываць дзе і калі заўгодна.
Балтыя
У краінах Балтыі дзейнічае забарона на раздробны продаж сьпіртнога і піва ад 22-й да 8-й гадзіны.
У Латвіі ў начны час гандаль алькаголем дазволены толькі ў барах і рэстаранах, якія маюць адпаведную ліцэнзію.
У Літве, якая лідзіруе ў рэйтынгу самых пітушчых краінаў сьвету, Кабінэт міністраў сёлета ухваліў больш жорсткія захады ў рэалізацыі алькагольнай прадукцыі, якія пачнуць дзейнічаць ад 2018 году. Будзе дазволены продаж ад панядзелка да суботы ад 10.00 да 20.00, а ў нядзелю — да 15.00, а ўзроставы цэнз падвышаны з 18 да 20 гадоў. Начны продаж у гандлёвых цэнтрах, крамах, на аўтазаправачных станцыях забаронены ад канца 2000-х.
Начная забарона на продаж сьпіртнога дзейнічае таксама ў Эстоніі. Прапанова прыпыніць рэалізацыю алькаголю ў выходныя дні падтрымкі не атрымала.
Нямеччына
У Нямеччыне ніякіх абмежаваньняў на рэалізацыю алькаголю не існуе. Ён прадаецца як у звычайных прадуктовых крамах, так і ў спэцыялізаваных ці фірмовых маркетах. Забаронена тычыцца толькі ўзросту пакупніка — ня меней за 18 гадоў. Адзінае выключэньне — дазвол на продаж алькаголю на аўтазаправачных станцыях — ад 10.00 да 18.00.
Швайцарыя
У Швайцарыі, якую нярэдка бяруць за ўзор ва ўсім, у 2013 годзе забаронены продаж алькаголю пасьля 22.00. Час забароны дзейнічае да 6-й раніцы. За гэта аднагалосна прагаласавала Рада кантонаў. Начное абмежаваньне дзейнічае для ўсіх прадпрыемстваў розьнічнага гандлю, а таксама для кур’ераў дастаўкі ежы, якім дагэтуль дазвалялася прывозіць кліентам піва ды слабаалькагольныя напоі. Гатэлі і рэстарацыі пад пагрозай пакараньня ня маюць права прадаваць у начны час алькаголь з-пад прылаўка.
Францыя
У вінаробнай Францыі забаронена прадаваць любы алькаголь пасьля 22.00, але гэта правіла распаўсюджваецца на гіпэр- і супэрмаркеты. Міні-крамы бесьперашкодна гандлююць усім асартымэнтам, пачынаючы ад піва і заканчваючы 40-градуснымі напоямі. Таксама забароненыя «адкрытыя бары», дзе напоі, якія зьмяшчаюць алькаголь, уключаныя ў кошт уваходных квіткоў. У крамах пры аўтазаправачных станцыях, а таксама ў разьмешчаных тут кавярнях забаронены продаж алькаголю ад 18-й вечара да 8-й раніцы.
Скандынавія
У Скандынавіі самыя жорсткія алькагольныя правілы ў Эўропе. Гандаль ажыцьцяўляецца выключна празь дзяржаўныя сеткі і прадаюць асобам, старэйшым за 20 гадоў. У Швэцыі моцны алькаголь і піва прадаюцца ў манапалістычнай сетцы Systembolaget: ад 10.00 да 18.00 па буднях і з 10.00 да 15.00 у суботу. У нядзелю алькаголем не гандлююць.
У Нарвэгіі больш чым паўстагодзьдзя дзейнічала поўная забарона на вытворчасьць моцных алькагольных напояў. Сёньня продажам сьпіртнога займаецца сетка Vinmonopolet, крамы працуюць ад 10.00 да 17-й ці 18-й гадзіны. Прычым на ўсё Осла толькі чатыры спэцыялізаваныя кропкі. Піва ў гіпэрмаркетах адпускаюць да 19.00.
У суседняй Фінляндыі за адзін раз можна купіць максымум два літры абсалютнага алькаголю. Віна-гарэлачныя крамы тут працуюць у будні ад 10-й да 17-й, у суботу — да 14-й, у нядзелю зачыненыя.
Злучаныя Штаты
У ЗША абмежаваньні на час і месцы продажу сьпіртнога адрозьніваюцца ў розных штатах. Так, у Каліфорніі гандаль як у барах, так і ў розьнічных сетках забаронены ад 2 да 6 гадзін раніцы. У Калярада ўсе напоі, акрамя 3,2-адсоткавага піва, можна прадаваць толькі ў спэцыяльных крамах. У многіх штатах нельга прадаваць выпіўку па нядзелях, у некаторых — на Каляды і падчас выбараў. У астатнім доступ да сьпіртнога збольшага неабмежаваны за выняткам таго, што пакупніку мусіць быць не меней за 21 год.
Арабскі сьвет
Самыя жорсткія абмежаваньні на абарачэньне алькаголю дзейнічаюць у арабскім сьвеце. У бальшыні краінаў вытворчасьць, імпарт і спажываньне забаронена законам, за парушэньне якога прадугледжваюцца суровыя пакараньні. Тым ня меней, у больш лібэральных месцах дазволены гандаль сьпіртным у гатэлях: алькаголь адпусьцяць замежніку пасьля прад’яўленьня пашпарта.