Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сідарэвіч пра памерлага Багуцкага: «Гэта быў сапраўдны партыйны апаратчык, у добрым сэнсе гэтых слоў»


фота http://www.bsdp.org
фота http://www.bsdp.org

29 жніўня ва ўзросьце 49 гадоў пайшоў з жыцьця палітычны аналітык, былы кіраўнік спраў Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі Алег Багуцкі, паведамляе афіцыйны сайт БСДП (Грамада)

Як пішуць, апошнія дванаццаць гадоў Алег Багуцкі жыў і працаваў у Кіеве. Сьмерць напаткала яго ў Бішкеку (Кіргізстан), дзе ён быў у камандзіроўцы. У Менску ў яго засталася старэнькая маці.

Пра Алега Багуцкага Свабодзе расказаў вядомы гісторык, сацыял-дэмакрат Анатоль Сідарэвіч:

Анатоль Сідарэвіч
Анатоль Сідарэвіч

«Я найперш думаю пра яго старэнькую маці. Яна застаецца адна, і больш нікога ў яе няма. У Алега Данілавіча сям‘і не было. Таму вось так і атрымалася. Да Веры Мікалаеўны ўжо езьдзілі два нашыя партыйцы, сябры Алега. Яна пра ўсё ўжо ведае.

Багуцкі быў чалавекам з вострым языком. Ён, напрыклад, пасьмейваўся, калі чуў пра аб‘яднаньне нацыяналістаў і сацыялістаў. Казаў: «Што тады атрымаецца? Атрымаецца нацыянал-сацыяліст».

Я ўсе дэталі ня памятаю. Але ён быў спачатку ў нашай партыі. Пасьля пайшоў да Шушкевіча (партыя «Беларуская сацыял-дэмакратычная Грамада». — РС). Пасьля зноў вярнуўся да нас. Гэта ўсё пачалося з 2000 году, калі Мікола Статкевіч павёў частку партыі на парлямэнцкія выбары, а была дамоўленасьць дэмсілаў пра іх байкот. Вось тады і адбыўся партыйны раскол. Аляксей Кароль ды іншыя выйшлі з партыі. І Багуцкі быў сярод іх. А калі Кароль вярнуўся, то і Багуцкі таксама.

Ён быў кіраўніком спраў партыі. У яго была ўся партыйная дакумэнтацыя, усе зьвесткі. І быў парадак. Яго немагчыма было падмануць. З Алега рос вельмі добры партыйны бюракрат, апаратчык. Камусьці ж трэба было займацца будзённай партыйнай працай. Апарат жа павінен быць і ў партыі.

Бо правадыры з трыбун выступаюць, а руцінную працу вёў Багуцкі і яшчэ адзін яго калега.

Ён ведаў, як правільна напісаць пратакол партыйнага сходу, як граматна аформіць дакумэнты ў Міністэрства юстыцыі.

Чаму Алег пераехаў ва Ўкраіну? Ён добра ведаў палітычнае аблічча нашых правадыроў. І ня верыў, што ў Беларусі могуць аб‘яднацца нават сацыял-дэмакраты, ня кажучы ўжо і пра іншыя апазыцыйныя партыі. Таму адсутнасьць рэальных вынікаў, адсутнасьць станоўчай пэрспэктывы і выклікала ягоны пераезд. Усьлед некаторыя назвалі яго агентам КДБ. Але каго толькі не запісвалі ў агенты КДБ у нашым асяродку?!

Ва Ўкраіне Багуцкі працаваў зноў жа ў палітычнай сфэры — дарадцам, кансультантам.

У Беларусь ён прыяжджаў рэгулярна. Алег не зьнімаўся з партыйнага ўліку ў Ленінскай раённай арганізацыі Менску, плаціў партыйныя складкі. Сувязі з Бацькаўшчынай не парываў.

І вось гэтая жудасная навіна. У мяне і сківіца адвісла — яшчэ ж малады чалавек».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG