Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МЗС Беларусі пра крытыку Кіева: Украіна паводзіць сябе не па-партнэрску 


Афіцыйны прадстаўнік МЗС Беларусі Дзьмітры Мірончык у адказе на пытаньне TUT.BY абверг заяву намесьніцы міністра замежных спраў Украіны Алены Зеркаль пра тое, што Беларусь паводзіць сябе з Украінай не па-партнэрску.

Паводле Мірончыка, ад 29 жніўня на запыт амбасады Ўкраіны праваахоўныя органы Беларусі — Генэральная пракуратура, Міністэрства ўнутраных спраў, Сьледчы камітэт, Камітэт дзяржаўнай бясьпекі, Памежны камітэт — вядуць пошук украінскага грамадзяніна Паўла Грыба. Сабраная інфармацыя абагульняецца і рыхтуецца для перадачы ўкраінскаму боку.

«Людзі, на жаль, зьнікаюць з самых розных прычын — і па ўласнай волі ці дурасьці, і ў выніку зламысных дзеяньняў трэціх сілаў, — сказаў Дзьмітры Мірончык. — Калі за 19-гадовым маладым чалавекам не ўсачылі яго бацькі і ўлады ўласнай краіны, то гэта яшчэ не падстава валіць з хворай галавы на здаровую.

Дакладна не па-партнэрску праз суткі пасьля афіцыйнай просьбы аб дапамозе вінаваціць у чым-небудзь краіну, якая безь яе ведама была выбрана месцам ці то рамантычнага спатканьня, ці то кансьпіратыўнай сустрэчы.

Тым больш недарэчна, карыстаючыся справай Грыба як падставай, публічна пагражаць Беларусі, а празь Беларусь яшчэ і яе партнэрам па ЭАЭС — Армэніі, Казахстану, Кіргізстану і Расеі — навязаць свае інтарэсы ў эканамічнай сфэры».

Дзьмітры Мірончык
Дзьмітры Мірончык

​Паводле Дзьмітрыя Мірончыка, непрымальнасьць падобных выказваньняў і беспэрспэктыўнасьць пагрозаў была даведзена да дарадцы-пасланьніка амбасады Ўкраіны ў Беларусі Валерыя Джыгуна, які быў выкліканы ў беларускі МЗС 31 жніўня.

Было падкрэсьлена, што беларускі бок мае намер безь якой-небудзь палітызацыі і пераводу ў публічную плоскасьць пасьлядоўна абараняць інтарэсы сваіх грамадзян, затрыманых праваахоўнымі органамі Ўкраіны на больш чым спрэчных падставах.

Намесьніца міністра замежных спраў Украіны Алена Зеркаль у эфіры «5 каналу» заявіла, што зь беларускага боку адсутнічае належны ўзровень супрацы ў справе зьніклага ў Гомлі Паўла Грыба.

«Мы спрабуем высьветліць сытуацыю і наагул зрабіць усё магчымае для таго, каб зьмяніць гэтую сытуацыю, — сказала чыноўніца. — Вядома, сказаць, што беларусы супрацоўнічаюць так, як трэба, мы, на жаль, ня можам. Мы паднялі ўсіх консулаў, усе працуюць і ўсе спрабуюць высьветліць сытуацыю. Мы не разумеем, дзе фактычна, фізычна ён знаходзіцца», — сказала Зеркаль.

Зьнікненьне на парадку дня

Мяркуецца, што сёньня ў Будапэшце кіраўнік МЗС Украіны абмяркуе справу зьніклага ўкраінца зь міністрам замежных спраў Беларусі Ўладзімерам Макеем. 31 жніўня там пройдзе сустрэча міністраў замежных спраў краін — чальцоў «Усходняга партнэрства» і Вышаградзкай групы.

Афіцыйны прадстаўнік Дзяржаўнага памежнага камітэту Беларусі Антон Бычкоўскі паведаміў Свабодзе, што Павал Грыб перасек мяжу пры ўезьдзе ў Беларусь 24 жніўня. Інфармацыі пра выезд няма.

Прэсавы сакратар МУС Беларусі Канстанцін Шалькевіч сказаў карэспандэнту нашага радыё, што адносна Грыба ніякіх зваротаў у органы ўнутраных спраў не было.

Павал Грыб
Павал Грыб

Як зьнік Грыб

Раней украінскі афіцэр запасу Ігар Грыб заявіў, што спэцслужбы Расеі выкралі ў Беларусі ягонага сына. 24 жніўня Паўло Грыб выехаў у Беларусь на сустрэчу зь дзяўчынай, зь якой да гэтага меў зносіны толькі праз сацсеткі, пасьля чаго зьнік.

Памежная служба Ўкраіны афіцыйна пацьвердзіла факт перасячэньня Паўлам Грыбам мяжы зь Беларусьсю. Ігар Грыб паведаміў, што сын павінен быў вярнуцца ў той жа дзень. Калі гэтага не адбылося, ён адправіўся на пошукі Паўла ў Гомель. Там ён высьветліў, што сын знаходзіцца ў вышуку па арт. 205 КК РФ (тэрарыстычны акт), а ініцыятар вышуку — ФСБ РФ па Краснадарскім краі (горад Сочы).

Грыб перакананы, што ФСБ выманіла Паўла пад выглядам сустрэчы зь дзяўчынай і правяла затрыманьне. На думку бацькі, прычынамі выкраданьня сына маглі стаць паведамленьні Паўла ў сацсетках, накіраваныя супраць агрэсіі Расеі ва Ўкраіне.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG