Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускі бок пацьвердзіў факт перасячэньня мяжы ўкраінцам Паўлам Грыбам пры ўезьдзе ў Беларусь


Паўло Грыб
Паўло Грыб

Грамадзянін Украіны Паўло Грыб перасек дзяржаўную мяжу Беларусі 24 жніўня.

Пра гэта паведаміў афіцыйны прадстаўнік Дзяржаўнага памежнага камітэта Беларусі Антон Бычкоўскі.

«Гэты грамадзянін насамрэч перасек дзяржаўную мяжу Рэспублікі Беларусь 24 жніўня ў пункце пропуску „Новая Гута“ ў вызначаным заканадаўствам парадку. Прэтэнзій з боку памежнай службы Беларусі да гэтай асобы не было», — сказаў БелТА Антон Бычкоўскі.

Афіцыйны адказ Дзяржаўнага памежнага камітэту накіраваны Дзяржаўнай памежнай службе Ўкраіны, якая ініцыявала запыт наконт Грыба.

Антон Бычкоўскі ўдакладніў карэспандэнту Свабоды, што перасячэньне мяжы ўкраінцам Паўлам Грыбам 24 жніўня зафіксавана беларускай памежнай службай пры ўезьдзе ў Беларусь.

— Гэта быў уезд, ён уехаў у Рэспубліку Беларусь у вызначаным парадку, прэтэнзій з боку органаў памежнай службы да яго не было. І у вызначаным парадку ён быў прапушчаны на тэрыторыю Рэспублікі Беларусь.

— А выезд зь Беларусі не зафіксаваны вашай памежнай службай?

— На цяперашні момант не.

Міністар замежных спраў Украіны Паўло Клімкін плянуе 31 жніўня ў Будапэшце абмеркаваць зь беларускім калегам Уладзімерам Макеем справу зьніклага Паўла Грыба.

Раней украінскі афіцэр запасу Ігар Грыб заявіў, што спэцслужбы Расеі выкралі ў Беларусі ягонага сына. 24 жніўня Паўло Грыб нібыта выехаў у Беларусь на сустрэчу зь дзяўчынай, зь якой да гэтага меў зносіны толькі праз сацсеткі, пасьля чаго зьнік.

Памежная служба Ўкраіны афіцыйна пацьвердзіла факт перасячэньня Паўлам Грыбам мяжы зь Беларусьсю. Ігар Грыб паведаміў, што сын павінен быў вярнуцца ў той жа дзень. Калі гэтага не адбылося, ён адправіўся на пошукі Паўла ў Беларусь, у Гомель. Там ён высьветліў, што сын знаходзіцца ў вышуку па арт. 205 КК РФ (тэрарыстычны акт), а ініцыятар вышуку — ФСБ РФ па Краснадарскім краі (горад Сочы).

У Гомельскай памежнай службе Грыбу сказалі, што ніякай інфармацыі пра сына ня маюць. Грыб перакананы, што ФСБ выманіла Паўла ў Гомель пад выглядам сустрэчы зь дзяўчынай і правяла затрыманьне. На думку бацькі, прычынамі выкраданьня сына маглі стаць паведамленьні Паўла ў сацсетках, накіраваныя супраць агрэсіі Расеі ва Ўкраіне.

Беларускія сілавікі заявілі, што ўкраінца Грыба ў іх няма.

Пяты дзень у Беларусі, Расеі і Ўкраіне шукаюць Паўла Грыба. Відэа
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:02:02 0:00

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG