Вайскова-паветраныя сілы Паўднёвай Карэі правялі вучэньні ў адказ на запуск КНДР чарговай балістычнай ракеты. Зьнішчальнікі F-15 скінулі на палігоне восем авіябомбаў, кожная зь якіх важыла тону.
Камандуючы вучэньнямі маёр Лі Кук-Но заявіў, што паўднёвакарэйскія самалёты «зьмятуць з аблічча зямлі» кіраўніцтва Паўночнай Карэі ў выпадку пагроз ядзернай зброяй.
Праз некалькі гадзін пасьля пуску паўночнакарэйскай ракеты плянавыя вучэньні таксама правяла Японія. На вайсковай базе ў Токіё былі разгорнутыя супрацьракетныя комплексы Patriot.
Рана раніцай 29 жніўня Паўночная Карэя запусьціла ракету, якая праляцела над паўночным японскім востравам Хакайда і ўпала ў Ціхім акіяне. Токіё назваў гэтыя выпрабаваньні «беспрэцэдэнтна небясьпечнай і сур’ёзнай пагрозай Японіі».