Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Паэтка Даша Бялькевіч у Кіеве расказала, як паэзія і мова збліжаюць украінцаў і беларусаў


Даша Бялькевіч
Даша Бялькевіч

Менская паэтка Даша Бялькевіч выступіла перад кіеўскай публікай у кнайп-клюбе «Купідон», папулярным месцы творчых імпрэзаў ва ўкраінскай сталіцы. Тут на ініцыятыву беларускага цэнтру «Сябры» адбыўся яе творчы вечар, наведнікамі якога былі кіеўскія аматары беларускае мовы і добрае паэзіі. Пасьля вечарыны Даша дала інтэрвію карэспандэнту Свабоды.

— Даша, ты выступіла ў Кіеве. Гэта адзіны выступ ці частка нейкага большага праекту?

— Гэта праект, які называецца «Мой адпачынак за чатыры гады». Маю крышачку больш за тыдзень, езьдзіла ў Харкаў да сяброў, у Кіеў таксама прыехала да сяброў. Але калісьці Алег Аўчыньнікаў пытаўся, калі я буду ў Кіеве, хацеў зладзіць выступ. Я сказала: «Добра, з радасьцю», бо люблю выступаць ва Ўкраіне. І ён арганізаваў гэты выступ. Шкада, што сам Алег сюды ня трапіў, але, думаю, яму распавядуць, як усё адбывалася.

Кава ад Ірванца

— А ўвогуле ці часта ты ўдзельнічаеш ва Ўкраіне ў нейкіх праектах?

— Параўнальна часта, я б сказала, таму што я ўжо два разы, два гады, удзельнічала ў літаратурным фэстывалі «Ї», на моладзевай сцэне выступала і летась у Кіеве (гэта быў вечар беларускае паэзіі, я чытала свае вершы, вершы іншых беларускіх паэтаў — атрымалася вельмі душэўна). Ну і вось тут, у кнайпе «Купідон», праходзяць чытаньні з Ірванцом, вельмі цікава, як ён крытыкуе вершы, аналізуе. Я на іх таксама трапіла, прачытала два вершы, выйграла каву ад Ірванца як камплімэнт. Кава была смачная. Увогуле я бываю ва Ўкраіне два-тры разы на год і два-тры разы на год я выступаю.

— Ці ёсьць розьніца фарматаў, розьніца аўдыторыяў, калі ты выступаеш у Беларусі і ва Ўкраіне?

У Беларусі людзі больш заціснутыя, ім калі нават падабаецца, яны пра гэта ня кажуць, баяцца пляскаць, неяк выказваць свае пачуцьці. Наогул больш пасіўныя, мала людзей ходзіць на такія імпрэзы.

— Тут хутчэй розьніца мэнталітэту, якая накладае адбітак на тое, як людзі ўспрымаюць, і на нейкую культуру наведваньня і спажываньня... культуры, уласна кажучы. Таму што ў Беларусі людзі больш заціснутыя, ім калі нават падабаецца, яны пра гэта ня кажуць, баяцца пляскаць, неяк выказваць свае пачуцьці. Наогул больш пасіўныя, мала людзей ходзіць на такія імпрэзы.

Я сама арганізатарка — арганізоўваю канцэрты, паэтычныя конкурсы, творчыя вечары ў Менску. І мы змагаемся за кожнага наведніка. Людзі часта могуць ня вельмі ўважліва слухаць, пасьля выступу ніхто не падыдзе, ня скажа «гэта было добра» ці «гэта было так сабе» — нейкай аддачы не адчуваецца. Ва Ўкраіне людзі ходзяць слухаць нават незнаёмых людзей, таму што ім цікава, што гэта, як — яны зацікаўленыя мастацтвам у прынцыпе. І яшчэ калі ўкраінцам нешта спадабалася, яны пра гэта скажуць, калі не спадабалася — таксама, ты адчуваеш нейкую аддачу. Гэта не тое, што хтосьці горшы, хтосьці лепшы — проста рознае стаўленьне.

З розьніцы нацыяў бяруцца сюжэты і натхненьне

— Калі казаць пра наш рэгіён (Беларусь, Украіна, Польшча, Літва), ці натхняе цябе пераадоленьне межаў і розьніцы мэнталітэту?

— За гэтым заўжды цікава назіраць. Як мяняюцца людзі, калі пераяжджаеш з месца на месца, якія пытаньні задаюць, якія вершы падабаюцца ці не, «заходзяць» ці «не заходзяць». У розных месцах па-рознаму. Я адзін раз выступала зь беларускамоўнымі вершамі ў Расеі, у Санкт-Пецярбургу. Там была паэтычная імпрэза — «салянка», груба кажучы. Ім спадабалася мілагучнасьць мовы, хаця, думаю, ім цяжка было ўспрымаць, ім больш цікавы быў гук. Пра беларусаў і ўкраінцаў я ўжо сказала, а ў Польшчы пакуль што не выступала.

— Але калі абстрагавацца ад выступаў — для цябе як літаратаркі што значыць вось гэтая розьніца паміж грамадзтвамі?

— З розьніцы я звычайна бяру сюжэты, натхненьне і радкі для вершаў. Гэта ў асноўным назіраньне і падкрэсьліваньне таго, што адбываецца і здаецца табе незвычайным ці іншым.

— І, мабыць, лепш разумееш свой народ і культуру? «Каб любіць Беларусь нашу мілую...»

— Так, вядома, гэта справядліва. Можа, я яшчэ маладая ці максымалістка, але я пакуль што не ўяўляю, як можна пераехаць і жыць у іншай краіне. Ня тое што я там баюся, моўныя бар’еры ці нейкія іншыя, але мне падабаецца Беларусь, мне падабаюцца людзі, мне падабаецца пачуцьцё гумару, таму што не заўжды нейкія жарты могуць быць зразумелыя.

Беларусам трэба быць сьмялейшымі ў мастацтве

Даша Бялькевіч
Даша Бялькевіч

— Калі б была магчымасьць зьменаў у культурным жыцьці Беларусі і беларускае сталіцы, якіх бы ты хацела?

— Тут трэба закрануць розныя аспэкты. Што хочацца зьмяніць у творчасьці сваёй і іншых літаратараў; што хацела б зьмяніць ва ўспрыманьні творчасьці і ў нейкіх рухах, у агульным.

У сваёй творчасьці ёсьць куды рухацца, няма межаў для самаўдасканаленьня. Калі параўноўваць з Украінай — украінцы ў сваёй творчасьці сьмялейшыя. Мне здаецца, што беларусам трэба быць крыху сьмялейшымі ў мастацтве, рабіць нечаканае. Як сказаў Уладзімір Караткевіч: «Рабі нечаканае, рабі, як не бывае, як ня робіць ніхто, — і тады пераможаш».

Пра наведнікаў, спажыўцоў культуры — трэба, каб яны больш хадзілі, больш цікавіліся. Цяпер у нас такая «яма» — вельмі мала людзей цікавіцца культурай, а калі нават цікавяцца, то гэта замежная культура, расейская ці там амэрыканская. І калі прыедуць да нас нейкія расейскія выканаўцы і беларускія, гурт, які нават лепшы па якасьці, сэнсава — у асноўным пойдуць на расейскі. Можа, ён больш на слыху, а можа, не — але пойдуць на расейскі, на беларускі ня пойдуць.

Я ня ведаю, як так зрабіць, каб — «трыньк!» — і людзі сталі цікавіцца. Мы займаемся рэклямай, прасоўваньнем беларускіх артыстаў, падтрымлівалі Navyband на Эўрабачаньні, раскручвалі іх у інтэрнэце — таму што гэта якасная музыка па-беларуску, яна прасякнутая беларушчынай. Неяк трэба людзей накіроўваць, каб ім было цікавае беларускае, і пры гэтым яшчэ ствараць якасны прадукт.

— Ва Ўкраіне ты адчуваеш зацікаўленасьць беларускай культурай?

— Безумоўна. Па-першае, гэта цікава таму, што гэта штосьці падобнае, але крышачку іншае, а па-другое — гэта зацікаўленасьць мастацтвам. Калі б гэта было якое фінскае мастацтва, украінцам было б таксама цікава.

— Яны б мову не разумелі настолькі добра.

Што б я хацела зьмяніць у творчым жыцьці Беларусі — каб у нас не было такое бюракратыі для арганізацыі добрых імпрэзаў. (...) — Трэба пастаянна даводзіць, што тыя гурты, якія ты хочаш запрасіць, таго вартыя і ў іх няма нічога страшнага, палітычнага ці нечага такога.

— Так, з мовай у нас, вядома, супадае больш за 70 адсоткаў. Дарэчы, у агульным што б я хацела зьмяніць у творчым жыцьці Беларусі — каб у нас не было такое бюракратыі для арганізацыі добрых імпрэзаў. Асабліва, калі ты хочаш зрабіць нешта маштабнае — а ты не піўзавод «Аліварыя», а проста фізасоба — і трэба пастаянна даводзіць, што тыя гурты, якія ты хочаш запрасіць, таго вартыя і ў іх няма нічога страшнага, палітычнага ці нечага такога.

— Якія пляны ў цябе ёсьць на супрацоўніцтва з украінцамі, запрашэньня ўкраінцаў у Беларусь ці наадварот — беларусаў ва Ўкраіну?

— Пляны ёсьць, я цяпер ведаю шмат украінскіх паэтаў, запрашаю ўсіх у Беларусь. У нас ёсьць конкурс «Рухавік», украінцы ўжо ўдзельнічаюць у чытаньнях і конкурсах. Дарэчы, украінскі паэт перамог у беларускім паэтычным конкурсе, які ладзілі я і калегі мае з працы. Так атрымалася, але гэта было справядліва, я лічу, ён быў найбольш яскравым.

Магчыма, калісьці мне захочацца перакласьці кніжку з украінскае на беларускую. Я яшчэ сур’ёзна пра гэта ня думала, але пакуль што такая задума на ўзроўні ідэі існуе.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG