Сёньня ў Менску адбываецца сустрэча новага спэцпрадстаўніка дзярждэпартамэнту ЗША па Ўкраіне Курта Волкера з памочнікам прэзыдэнта Расеі Ўладзімера Пуціна Ўладзіславам Сурковым. Тэмы перамоваў традыцыйныя — расейска-украінскія дачыненьні і ўрэгуляваньне ўзброенага канфлікту на Данбасе.
Выбар Менску — прадуманы
А вось месца правядзеньне сустрэчы зусім нетрадыцыйнае. Выбар гэтага месца — відавочны жэст новай амэрыканскай адміністрацыі да адрас афіцыйнага Менску. Да Волкера, пры прэзыдэнцтве Барака Абамы, такім спэцпрадстаўніком ЗША была Вікторыя Нуланд, Крэмль і тады, як і зараз, прадстаўляў Суркоў. Адпаведны фармат — дыялёг спэцпрадстаўнікоў, быў выпрацаваны летась. На працягу 2016 году сустрэчы Нуланд і Суркова адбыліся тройчы, у студзені — у Калінінградзе, у траўні і кастрычніку — у Маскве. Як бачым, усё ў Расеі, на тэрыторыі аднаго з перамоўных бакоў.
Што было невялічкай сымбалічнай саступкай амэрыканскага боку. Перамовы былі вельмі канфідэнцыйныя, у пэўным сэнсе нефармальныя, па іх завяршэньні пра вынікі не паведамлялася. Але прадстаўнікі былі ўсё ж афіцыйныя.
Гледзячы па ўсім, Дональд Трамп вырашыў адмовіцца нават ад сымбалічнай саступкі: месца перамоваў — не Расея і не ЗША.
Высілкі Беларусі заўважаныя
Зь іншага боку, Аляксандар Лукашэнка ўжо пасьля першых перамоваў па Ўкраіне ўвосень 2014 году пачаў гаварыць пра ролю Беларусі як донара бясьпекі ў рэгіёне, як перамоўную пляцоўку, а тое нават і пасярэдніка. Адпаведныя заявы загучалі больш гучна пасьля перамоваў па Ўкраіне на вышэйшым узроўні ў Менску напачатку 2015 году, пасьля заключэньня Менскіх пагадненьняў.
Пры гэтым пасьля заключэньня гэтых пагадненьняў менавіта ў Менску разьмясьцілася інфраструктура далейшых перамоваў.
І Захад ацаніў гэтую ролю Беларусі. Ня так высока і ўзьнёсла, як самі беларускія ўлады, але і не як «гаспадара кватэры, які даў ключы на ноч», як дасьціпна пісалі некаторыя публіцысты. Станоўча ацаніў, што знайшло ўвасабленьне і ў адпаведных заявах, і ў адпаведных дзеяньнях: роля Беларусі ў рэгіёне, яе палітыка адносна Ўкраіны, была адным з матываў скасаваньня санкцыяў і пацяпленьня адносінаў з Захадам.
Легітымная пляцоўка
Праўда, з цягам часу гэты міратворчы імідж крыху пабляк, Менскія пагадненьні хоць і спынілі маштабнае праліцьцё крыві і яго аднаўленьне, але ня надта наблізілі мір у Данбасе. Пагадненьні далёкія ад рэалізацыя амаль настолькі ж, як пры іх падпісаньні. Плён ад рэгулярных перамоваў у Менску варагуючых бакоў, мякка кажучы, даволі сьціплы.
І ў гэтай сытуацыі Вашынгтон, Трамп робіць ход, які пацьвярджае, што Менск — так, легітымная перамоўная пляцоўка, прычым перамоваў у новым фармаце, перамоваў паміж менавіта тымі дзяржавамі, чыя палітыка насамрэч вызначала і вызначае лёс усходу Ўкраіны.
Пры гэтым Менск аказаўся месцам перамоваў ня мэтадам выключэньня. Суркоў пад візавымі санкцыямі Эўразьвязу, у краіны Зьвязу ён неўязны. Але выключэньне заўсёды можна зрабіць, даць адмысловы дазвол. Ёсьць таксама Швэйцарыя — клясычнае, традыцыйнае месца міжнародных перамоваў. Швэйцарыя візавых санкцыяў адносна расейскіх урадоўцаў ня ўводзіла. Не хацелася перамаўляцца ў Расеі, ёсьць Жэнэва ці Цурых.
Адзін з чыньнікаў — «Захад-2017»
Так што Менск — не таму што больш і няма дзе, а менавіта таму што Менск. Ня выключана, што падобны жэст быў невыпадкова зроблены менавіта зараз, напярэдадні вучэньняў «Захад-2017».
Што Пуцін скарыстае вучэньні для нейкіх небясьпечных дзеяньняў — на Захадзе імавернасьць гэтага ацэньваюць ня тое, каб надта высока, але, гледзячы па ўсім, і ня лічаць яе нулявой. І каб зьнізіць гэтую імавернасьць, робяць пэўныя, добра дазаваныя крокі.
Сымбалі і «цукеркі»
Вось перакідаюць у Эстонію дадатковых 150 дэсантнікаў. Сіла невялікая, але сымбаль. Выбар Менску для перамоваў Волкера і Суркова — жэст падобнага ж кшталту, толькі ў палітычнай плашчыні, своеасаблівы палітыка-псыхалягічны парасон, пасланьне Пуціну. У верасьні захапіць ці нават проста зрабіць нешта кепскае ў краіне, у якой у жніўні адбыліся перамовы прадстаўнікоў ЗША і Расеі — гэта вельмі кепская ідэя. Значна горшая, чым была б, калі б такіх перамоваў у Менску не было.
І ўсё прыгожа, ніхто Маскве не пагражае, што ў выпадку чаго ёй зробяць тое і тое, стрымліваньне адбываецца палітычнымі сродкамі, перамоўныя пляцоўкі звычайна не чапалі і больш рашучыя ўладары, чым Пуцін.
Ну, і Лукашэнку «цукерка» — зараз яго заявы пра лёсавызначальную міратворчую ролю Менску атрымаюць сьвежае і важкае падмацаваньне.