Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі патрабуе, каб Заводзкі суд Менску патлумачыў сваё рашэньне адносна выплаты кампэнсацыі маральнай і матэрыяльнай шкоды сям’і Ігара Пцічкіна, які загінуў у СІЗА № 1. МУС лічыць, што не павінен плаціць кампэнсацыю.
«Плянам рахункаў Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь не прадугледжаныя выплаты на выкананьні рашэньняў судоў у частцы пакрыцьця грамадзянам прычыненай шкоды. Адпаведнага бюджэтнага фінансаваньня міністэрства не атрымлівае», — гаворыцца ў лісьце МУС.
Маці загінулага вязьня Жанна Пцічкіна зьвярнулася да праваабаронцаў «Вясны», каб яны дапамаглі прымусіць міліцэйскае ведамства выканаць судовае рашэньне.
«Судовае рашэньне ўступіла ў сілу 25 траўня, аднак дагэтуль маці і сястра Пцічкіна не атрымалі ніводнага рубля кампэнсацыі. МУС па-ранейшаму выкарыстоўвае розныя зачэпкі, каб выкараскацца сухімі з вады і адмовіцца ад выплаты кампэнсацыі», — лічаць праваабаронцы «Вясны».
Міністэрства ўнутраных спраў павінна выплаціць паводле судовага рашэньня 30 тысяч рублёў кампэнсацыі маральнай шкоды і яшчэ 6 тысяч рублёў — матэрыяльнай на карысьць маці і сястры Ігара Пцічкіна, які загінуў у СІЗА.
МУС абскардзіў гэтае рашэньне ў Менскі гарадзкі суд. Маўляў, сума кампэнсацыі завышаная і выплачваць яе павінна Міністэрства фінансаў. Аднак Менскі гарадзкі суд пакінуў рашэньне ў сіле, адмяніўшы толькі спагнаньне зь міністэрства дзяржаўнага збору за разгляд справы.
Мянчук Ігар Пцічкін памёр 4 жніўня 2013 году празь некалькі дзён зьняволеньня на «Валадарцы», дзе пачаў адбываць 3 месяцы арышту за кіраваньне аўтамабілем без правоў. У мэдчастцы ўстановы да яго былі ўжытыя «меры фізычнага стрымліваньня ў выглядзе фіксацыі рамянямі». У такім стане Пцічкін прабыў да сьмерці больш за 20 гадзін. Адміністрацыя ізалятара заявіла, што малады чалавек памёр ад сардэчнай хваробы, але сваякі выявілі на целе сінякі і сьляды пашкоджаньняў.