Меркаваны кіроўца мікрааўтобуса, які наехаў напярэдадні, 17 жніўня, на пешаходаў у цэнтры Барсэлёны, быў сярод тэрарыстаў, забітых паліцыяй празь некалькі гадзінаў пасьля гэтага ў Камбрыльсе пры спробе ўчыніць аналягічны тэракт, паведамляе газэта El Pais са спасылкай на крыніцы ў паліцыі.
El Pais не падае іншых падрабязнасьцяў. Паводле дадзеных El Periodico, гаворка ідзе пра 17-гадовага Мусу Укабіра. Ён нарадзіўся ў Марока ў кастрычніку 1999 году. Ягоны брат Дрыс Укабір — адзін з чатырох чалавек, затрыманых паліцыяй празь некалькі гадзінаў пасьля тэракту ў Барсэлёне, — заявіў, што ягоныя дакумэнты скралі для арэнды фургона.
Каталёнская паліцыя шукае чатырох падазраваных у датычнасьці да тэрактаў у Барсэлёне, усе яны ўраджэнцы Марока, піша газэта La Vanguardia.
14 чалавек загінулі ў выніку наезду фургона на натоўп у цэнтры Барсэлёны 17 жніўня. Цягам апошніх двух з паловай гадоў у краінах Эўразьвязу адбыліся каля двух дзясяткаў маштабных тэрактаў, многія зь якіх — з выкарыстаньнем аўтамабіляў.