Пры гэтым ён прызнаў, што стасункі СССР з Аўганістанам былі няпростымі і Беларусь як адна з былых саюзных рэспублік таксама нясе адказнасьць за тагачасныя падзеі. Хоць і ўдакладніў, што ў распальваньні канфлікту вінаватыя і іншыя краіны:
«Я не прыхільнік таго, каб забываць гісторыю, але і пакутаваць увесь час праз тыя працэсы, якія адбываліся, напэўна, будзе няправільна, — цытуе БелТА Лукашэнку. — Трэба выстройваць дачыненьні, трэба рабіць усё, каб у будучыні нашы адносіны былі выдатнымі і каб нам не было сорамна глядзець адзін аднаму ў вочы».
Аляксандар Лукашэнка сказаў, што неаднаразова прасіў прэзыдэнта Туркмэністану, каб той паспрыяў наладжваньню кантактаў з вышэйшым кіраўніцтвам Аўганістану. І вось рэальны вынік працяглай працы.
Ён запэўніў кіраўніка выканаўчай улады Аўганістану, што беларускі ўрад будзе рабіць усё дзеля таго, каб закласьці падмурак двухбаковых дачыненьняў і ўмацаваць іх канкрэтным зьместам. Паводле яго, беларускі бок гатовы перайсьці ад пажаданьняў да рэальнай супрацы.
Афіцыйны візыт кіраўніка аўганскага ўраду будзе доўжыцца да 17 жніўня. Ад пачатку плянаваліся ягоныя перамовы з прэм’ер-міністрам Беларусі Андрэем Кабяковым у вузкім і пашыраным складзе. Аднак з госьцем захацеў сустрэцца і Аляксандар Лукашэнка.
15 жніўня Абдула Абдула пабываў на Менскім трактарным заводзе і прадпрыемстве «Амкадор». Таксама ў графіку наведваньне МАЗу, «БелОМА» і агракамбінату «Дзяржынскі».
У якасьці культурнай праграмы будзе арганізавана экскурсія па музэі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны.
З улікам нестабільнай сытуацыі ў Аўганістане аб’ём таваразвароту Беларусі з гэтай краінай зусім невялікі. Калі меркаваць па апошнім часе, у сярэднім паказьнік вагаецца ў межах 15-20 мільёнаў даляраў, хоць былі і зусім правальныя гады ў 5-6 мільёнаў.
Аснову беларускага экспарту складаюць нафтапрадукты, трактары, грузавыя аўтамабілі, шыны, запчасткі. Амаль на 1 мільён даляраў пастаўляецца гумовага абутку.
З Аўганістану завозіцца пераважна сьвежая і сушаная садавіна.