Каардынатар культурніцкіх праектаў Глеб Лабадзенка ініцыюе перанос на радзіму праху выбітнага беларускага пісьменьніка Зьмітрака Бядулі (Самуіл Плаўнік, 1886–1941).
Літаратар памёр у 1941 годзе па дарозе ў эвакуацыю недалёка ад гораду Ўральску ў Казахстане.
«Нейкі час таму трапіліся на вочы здымкі магілы Зьмітрака Бядулі, — напісаў Глеб Лабадзенка ў Фэйсбуку. — У 1941-м яго пахавалі ва Ўральску: вайна, не да таго было, каб думаць, як вярнуць прах на радзіму. Ад таго часу, кажуць, пару разоў узьнікала ідэя перанесьці парэшткі клясыка ў Беларусь. Але далей за размовы нічога не ішло... Калі я гляджу на фота той магілы, у мяне няма пытаньняў да ўлады: чаму яны ня робяць? У мяне ёсьць пытаньні да нас: чаму мы ня робім? Ня ведаю, як вам, а мне сорамна глядзець на ўсё гэта».
Тым, хто ўсталёўваў помнік, складана было разабрацца ў нязвыклым вымаўленьні, таму Зьмітрок пераўтварыўся на манер прозьвішча ў «Змитров». Бядуля, адпаведна, выглядае як імя. Некаторыя літары зьбітыя, сама пліта патрэскалася і патрабуе радыкальнага абнаўленьня. Год нараджэньня дадзены з памылкай — 1889, трэба 1886.
Глеб Лабадзенка расказаў, што зьвязаўся з 83-гадовым Яфімам Плаўнікам, сынам Зьмітрака Бядулі. Той сказаў, што вельмі хацеў бы, каб магіла бацькі была перанесеная ў Беларусь. Пацьвердзіў, што гэтая тэма сапраўды некалькі разоў уздымалася, але нічога ня зрушылася. Сам ён на месцы пахаваньня быў вельмі даўно — усё ж да Ўральску 2000 кілямэтраў.
Таксама Лабадзенка патэлефанаваў у Казахстан. Тамтэйшыя чыноўнікі адказалі, што пра магілу беларускага пісьменьніка ведаюць, як могуць даглядаюць. Расказалі, што пару разоў прыяжджалі беларусы, абяцалі паставіць новы помнік. Але не атрымалася.
Паводле Глеба Лабадзенкі, ён знайшоў людзей, гатовых дапамагчы непасрэдна ва Ўральску:
«Верагодна, гэтая справа будзе каштаваць грошай, але, думаю, мы з вамі скінемся дзеля такога? Зьмітрок Бядуля шмат зрабіў для Беларусі і беларускай літаратуры. Натуральна, што ён ня меў плянаў спачыць на чужыне і заслужыў права вярнуцца ў сваю родную зямлю. Усё гэта рэальна», — перакананы Лабадзенка, нагадваючы, што ня так даўно ўдалося вярнуць на радзіму прах Магдалены Радзівіл.