На сайце Віцебскай абласной управы Сьледчага камітэту не пацьверджаная інфармацыя, выкладзеная раней расейскімі СМІ, пра тое, што затрыманьне «бацюшкі з храму Сьвятых апосталаў Пятра і Паўла ва Ўсяволаскім раёне Ленінградзкай вобласьці Мікалая Кірэева» адбылося падчас «штурму прытону з прастытуткамі».
У афіцыйным паведамленьні сказана, што «жыхар Ленінградзкай вобласьці 1978 г.н., знаходзячыся на тэрыторыі Віцебску, шляхам намоваў ды пагрозаў спрабаваў арганізаваць вываз у Санкт-Пецярбург дзьвюх жыхарак Віцебску». Аднак зьдзейсьніць задуманае яму не ўдалося, бо «3-га жніўня ён быў затрыманы ў раёне аўтавакзалу ў момант пасадкі ў аўтобус на Санкт-Пецярбург» разам зь дзьвюма жанчынамі 20 і 30 гадоў.
Віцебскія сьледчыя пачалі супраць 39-гадовага расейскага сьвятара Мікалая Кірэева крымінальную справу за замах на арганізацыю заняткаў прастытуцыяй — яго злавілі з прастытуткамі ў Віцебску, падазраюць, што ён мог ладзіць вываз жанчын у Расею.
Прадстаўнік Расейскай праваслаўнай царквы, кіраўнік інфармацыйна-аналітычнага ўпраўленьня Сынадальнага інфармацыйнага аддзелу РПЦ Вахтанг Кіпшыдзэ заявіў Lenta.ru, што ў царкве, дзе служыў Кірэеў, яго «характарызуюць толькі станоўча».
«У выпадку, калі выстаўленыя абвінавачваньні, нягледзячы на іх зусім беспрэцэдэнтны характар, пацьвердзяцца, мы б зыходзілі з таго, што найбольш пажаданай для нас [царквы] была б выдача гэтага сьвятара ў Расею ў адпаведнасьці зь Менскай канвэнцыяй аб праўнай дапамозе паміж Расеяй і Рэспублікай Беларусьсю для яго крымінальнага перасьледу», — адзначыў Кіпшыдзэ.
Раней выданьне 47news апавядала, што Кірэеў сказаў пападзьдзі аб ад’езьдзе ў «блаславёныя мясьціны» і перастаў выходзіць на сувязь 3 жніўня. Ягоная жонка зьвярталася ў паліцыю з заявай аб зьнікненьні мужа.