6 жніўня адзначаецца 500 год беларускага кнігадрукаваньня. У гэты дзень у 1517 годзе Францыск Скарына выдаў «Псалтыр» — першую друкаваную кнігу па-беларуску.
Свабода паглядзела, як адзначаецца гэтая дата на сайтах афіцыйных дзяржаўных устаноў, а таксама на інтэрнэт-старонках незалежных інфармацыйных выданьняў.
Беларускі партал TUT.BY адмыслова стылізаваў выгляд галоўнай старонкі з навінамі, надаўшы ёй выгляд старога друкаванага выданьня.
Усю галоўную старонку займае матэрыял пра Скарыну і на сайце кампаніі «Будзьма!».
Афіцыйнае і самае шматтыражнае выданьне «СБ-Беларусь сегодня» 6 жніўня ня мела на тытульнай старонцы сайту артыкулы пра Скарыну на заўважных месцах, але 5 жніўня апублікавала шэраг артыкулаў пра Скарыну:«Пять веков под обложкой», «Прага. Исторические прогулки с Франциском Скориной» і «Под созвездием вечных слов». Папяровая вэрсія газэты за 5 жніўня разьмясьціла плякат са Скарынам на першай паласе, наогул жа матэрыялы пра Скарыну займалі больш за чатыры паласы.
Галоўнае інфармацыйнае агенцтва краіны BELTA абмежавалася невялікім банэрам, за якім хаваюцца апошнія навіны ад Аргкамітэту адзначэньня 500-годзьдзя кнігадрукаваньня, які ўзначальваюць міністры інфармацыі Лілія Ананіч і міністар культуры Барыс Сьвятлоў.
Але затое 4 жніўня на сайце BELTA выйшаў відэа-ролік пра Скарыну.
Нічога ня пішуць 6 жніўня 2017 году пра Скарыну афіцыйныя сайты прэзыдэнта Беларусі і Міністэрства культуры.
А старонка Міністэрства інфармацыі абмежавалася калёнкай зь пералікам пастаноў і прэс-рэлізаў датычна аргкамітэту сьвяткаваньня 500-годзьдзя.
Дзіўна, але тое самае на сайце Нацыянальнай бібліятэкі — непрыкметная спасылка зь пералікам афіцыйных мерапрыемстваў у гонар 500-годзьдзя кнігадрукаваньня, заплянаваных на 2017 год.
Арганізацыйны камітэт па падрыхтоўцы і правядзеньні сьвяткаваньня 500-годзьдзя беларускага кнігадрукаваньня быў створаны ў студзені 2017 году. Яго ўзначалілі міністар інфармацыі Лілія Ананіч і міністар культуры Барыс Сьвятлоў.
У склад аргкамітэту таксама ўвайшлі прадстаўнікі МЗС, Міністэрства адукацыі, аблвыканкамаў, Менскага гарвыканкаму і абласныя ідэолягі зь Менску і Магілёва.
Аргкамітэт павінен быў зацьвердзіць плян мерапрыемстваў з нагоды 500-годзьдзя беларускага кнігадрукаваньня і забясьпечыць яго рэалізацыю.