Рада Бясьпекі ААН аднагалосна падтрымала рэзалюцыю пра новыя санкцыі супраць КНДР. Яны могуць каштаваць Пхеньяну мільярд даляраў — траціны даходаў ад экспарту.
Уводзіцца эмбарга на вываз з КНДР жалезнай і сьвінцовай руды, вугалю і морапрадуктаў, забарона выдаваць грамадзянам КНДР дазвол на працу, ствараць новыя і пашыраць дзеючыя сумесныя з гэтай краінай прадпрыемства.
У санкцыйны сьпіс ААН унесены дадаткова 9 паўночнакарэйскіх грамадзян і 4 кампаніі.
Амэрыка стала ініцыятарам увядзеньня новых санкцый супраць КНДР у адказ на два нядаўніх запускі Пхеньянам міжкантынэнтальных балістычных ракет.
Ранейшымі рэзалюцыямі ААН Паўночнай Карэі забаронена мець ядзерную і ракетную праграмы, але яна працягвае праводзіць ракетныя выпрабаваньні, выклікаючы рэзкае асуджэньне большасьці дзяржаў.