Янку Брылю — 100
4 жніўня спаўняецца 100 гадоў з дня нараджэньня народнага пісьменьніка Беларусі Янкі Брыля. Клясык беларускай літаратуры пражыў доўгае і насычанае жыцьцё, аднак некаторыя старонкі біяграфіі дагэтуль закрытыя нават ад ягоных калегаў па цэху.
- Біяграфія Янкі Брыля
- Паслухаць Брыля. Народны пісьменьнік чытае ўрыўкі з апошняй кнігі «Парастак» (+аўдыё)
- Янка Брыль, чалавек дажджу. Блог Аляксандра Лукашука
- Як Янка Брыль узгадаваў Вольгу Іпатаву да старшыні Саюзу пісьменьнікаў
- Анатоль Сідарэвіч пра Брыля. Блог
За празрыстую прозу, за чыстыя сынкопы мініятураў, за шчырасьць, ад якой выступалі сьлёзы і хацелася чытаць уголас і дарыць яго кнігі малазнаёмым людзям, палюбіў я яшчэ ў студэнтах Янку Брыля, і калі паўстала пытаньне — загіне Беларусь і чарнобылем парасьце ці не, куды было кідацца па паратунак, як не да яго?
Лета 1979 году было скварнае, сухое, сонца паліла так, быццам рыхтавала абмежаваны кантынгент да выкананьня інтэрнацыянальнага доўгу, як будзе называцца вайна ў Аўганістане, але яна пачнецца толькі ў сьнежні, а ў чэрвені стала ясна: заданьні чацьвертага вырашальнага году 10-й пяцігодкі па вытворчасьці мяса-малочнай прадукцыі рэспубліка правальвае са страшнай сілай. Першая касавіца была мізэрная, другі ўкос выгараў, кукуруза, лубін і іншыя грубыя і сакавітыя кармы, якімі напаўнялі сіласныя ямы, пасохлі на корані, а чым карміць скаціну? Галава ў кіраўніцтва БССР балела, канечне, за калгаснае быдла, свойскае ніколі не прападзе. І тады двойчы герой і першы сакратар Машэраў Пятро Міронавіч аддаў загад: усе на фронт!
Паводле спрадвечнай завядзёнкі, ад родных ніў у інстытутах, канторах, установах культуры і адукацыі на корманарыхтоўку былі ўзятыя ўсе хадзячыя шарагоўцы разумовай працы.
Трапіў туды са сваімі калегамі-мовазнаўцамі і я. Усё было як заўсёды, і не пра гэта гаворка. А пра тое, што нарыхтоўваць загадалі не траву зь няўдобіц — густую цімафееўку з поймаў рэчак, сакавітую асаку з балотных купінаў, нават не мясісты чарот з азёрных берагоў, — а галінкі. Нарыхтоўкай галінкавага корму называлася апэрацыя па абломваньні бярозавых косаў, вярбовых пруткоў і яловых лапак.
Вярнуўшыся праз паўмесяца зь лесапавалу (бярозы заломвалі, як барбарскае войска гвалціць захоплены горад, секлі і кідалі паміраць), я пазваніў у Міністэрства сельскай гаспадаркі і спытаўся, колькі ў БССР галоў буйной рагатай жывёлы.
Ну, ня проста спытаўся, а сказаў, што быццам званю з рэдакцыі газэты. Проста так са мной размаўляць бы ня сталі, не такі я быў наіўны. Пасьля пазваніў у нейкі навуковы інстытут, каб уведаць, колькі кармавых адзінак патрабуе адна рагатая галава на стойлавы пэрыяд. У іншым НДІ ўдакладніў, колькі галінак патрабуецца на адну кармавую адзінку. Затым у Міністэрстве лясной гаспадаркі ўведаў структуру беларускага лесу ў разрэзе ліставых і хваёвых пародаў, гушчыню пасадкі на гектар, стан сьпеласьці і вэгетацыйны пэрыяд.
Што было потым, лёгка здагадацца: памножыў, склаў, памножыў, падзяліў, памножыў, яшчэ раз памножыў — і апынуўся ў частцы Афрыкі з сыпучай назвай Сахара. Там ня тое што каровы — вярблюды акалелі б.
Трэба было ратаваць Бацькаўшчыну — але як? І калі выпадкова пабачыў мажную фігуру Янкі Брыля ў фае тэатральнай залі менскага Дома афіцэраў, не раздумваючы кінуўся да яго. Што ён падумаў пасьля майго ўсхваляванага маналёгу, я ня ведаю і сёньня — мяне ўратаваў званок, пачынаўся спэктакль.
Гастраляваў маскоўскі «Тэатар на Таганцы», давалі «Гамлета», якога граў Уладзімір Высоцкі — людзі яшчэ хадзілі паміж крэслаў, усаджваліся, перагаворваліся, а ён ужо сядзеў на падлозе ў глыбіні сцэны ля знакамітай вяровачнай кулісы з гітарай у руках і ціха перабіраў струны, каб пасьля ўдарыць чорным крылом і ўзьляцець у неба і ўпасьці, як адстраляная гільза, на зямлю, сухую, пыльную і гарачую.
У антракце я аддаў Брылю паперку са сваімі разьлікамі, ён абяцаў зрабіць даведкі. Я думаў, ён адразу пазвоніць Машэраву — і пытаньне, быць ці ня быць беларускаму лесу, будзе імгненна вырашана, бо ня можа ж Машэраў не паслухацца Брыля, праўда?
Роўна праз год ня стала Высоцкага, яшчэ празь некалькі месяцаў — Машэрава. Брыль перажыў абодвух на чвэрць стагодзьдзя. Мы зь ім шмат разоў пасьля сустракаліся, пра пачатак знаёмства ён згадваў са сваёй знакамітай недагаворанай усьмешкай, і я не перапытваў, ці званіў ён тады ў ЦК і што яму адказалі, бо гэта ня важна, таму што наіўнае маё перакананьне таго лета, што існуе адказ на пытаньне, быць ці ня быць, было не такое ўжо беспадстаўнае.
Ноччу пасьля спэктаклю пайшоў дождж.
Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.