Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Урад укінуў у пэнсійны фонд 500 мільёнаў рублёў. Не хапае грошай на пэнсіі?


Савет міністраў Беларусі пастанавіў (PDF) накіраваць зь дзяржаўнага бюджэту ў Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва 500 мільёнаў беларускіх рублёў — грошы, якія засталіся нявыкарыстанымі зь бюджэту мінулага году.

Два тыдні таму міністарка працы Ірына Касьцевіч наракала, што ФСЗН недабраў грошай з прычыны беспрацоўя і няпоўнай занятасьці насельніцтва, дый эфэктыўнасьць пэнсійнай рэформы пакуль не праявілася.

Так, летась зь дзяржаўнага бюджэту давялося дадаткова ўзяць на пэнсіі 1,4 мільярда рублёў, што складае каля 10% ад усяго пазабюджэтнага фонду, а таксама здымаць працэнты і забіраць частку грошай фонду з банкаў.

Яшчэ ў 2011 годзе Ўсясьветны банк прагназаваў праблемы з дэфіцытам у беларускім ФСЗН, чые даходы ў 2012-м сталі меншымі за расходы і такімі і застаюцца.

Адна з асноўных доўгатэрміновых праблемаў ФСЗН — старэньне насельніцтва і павелічэньне «дэмаграфічнай нагрузкі». За 5 гадоў Беларусь страціла 300 тысяч працоўных. Калі на пачатак 2011 году на 1000 беларусаў прыпадала 366 працоўных, то на пачатак 2017-га — толькі 250.

Колькі сапраўды зарабляе беларус, у якім узросьце бярэцца шлюбам, колькі мае дзяцей і калі памрэ. 20 фактаў з дасьледаваньня Белстату

Дэфіцыт пэнсійнага бюджэту прымусіў падвышаць у Беларусі пэнсійны ўзрост. З 1 студзеня 2017 году яго паднімаюць паэтапна — штогод на 6 месяцаў, пакуль ня дойдзе для мужчын да 63 гадоў, для жанчын — да 58.

Яшчэ адной пэнсійнай рэформай стала зьмена страхавога стажу, неабходнага для атрыманьня пэнсіяў. Той за два гады павялічваецца ад колішніх 5 год да 20 да 2025 году. Але празь недакладнасьці ў заканадаўстве шэраг людзей можа застацца бяз пэнсіі. У лік такіх трапляюць міліцыянты і вайскоўцы, якія «недаслужылі» да неабходнага стажу нават год, а таксама жанчыны, якія доўга былі ў дэкрэтным адпачынку.

Ад 1 жніўня мінімальная працоўная і сацыяльная пэнсіі ў Беларусі падвысіліся да 197 рублёў 57 капеек. Сярэдняя пэнсія складае 298 рублёў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG