Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На што траціць грошы ўрад. Топ-10 выдаткаў Савету міністраў у 2017 годзе


Сёлета на дзейнасьць ураду патрацяць рэкордна нізкую суму за апошнія пяць гадоў. На ўсё пра ўсё заплянавана выдаткаваць толькі 188 тысяч даляраў.

Заплянаваныя на бягучы год выдаткі на функцыянаваньне апарату Савету міністраў публікуюцца штогод на адмысловым сайце дзяржаўных закупаў. Тамсама ёсьць архіў, дзе можна знайсьці зьвесткі пра закупы Саўміну пачынаючы з 2013 году — то бок за апошнія пяць гадоў. «Свабода» вывучыла гэтыя дакумэнты і падлічыла агульную суму выдаткаў за кожны год. Згодна з афіцыйнымі дакумэнтамі, у 2017 годзе апарат Савету міністраў плянуе патраціць у 4,4 раза менш грошай, чым у 2014-м. Дый наогул, сума выдаткаў на функцыянаваньне ўраду паступова скарачаецца.

2013 год — 6 млрд 559 мільёнаў старых рублёў. Па курсе лютага 2013 году (калі быў апублікаваны тэндэр) гэта 758 тысяч даляраў.

2014 год — 8 млрд 29 мільёнаў. Па тагачасным курсе — 823 тысячы даляраў.

2015 год — 3 млрд 917 мільёнаў. Гэта 265 тысяч даляраў.

2016 год — 6 мільярдаў рублёў. Па тагачасным курсе — амаль 278 тысяч даляраў.

2017 год — 357 906 рублёў 40 капеек. На момант публікацыі тэндэра гэта было 188 тысяч даляраў.

Высокі памер выдаткаў у 2013 і 2014 гадах выкліканы ў асноўным закупам складанага электроннага абсталяваньня. Напрыклад, у тэндэры на 2014 год ёсьць пазыцыя «камплект сродкаў крыптаграфічнай абароны інфармацыі» агульным коштам больш за 66 тысяч даляраў.

У тым жа годзе набывалі сэрвэры за 135 тысяч даляраў. Годам раней — Цэнтар апрацоўкі дадзеных за 195 тысяч даляраў і партыю кампутараў (50 штук агульным коштам 37 тысяч даляраў).

Выдаткі ў 2015 і пазьнейшых гадах значна меншыя. Напрыклад, сёлета ў тэндэры няма нават пазыцыі аб паслугах па забесьпячэньні харчаваньнем удзельнікаў афіцыйных прыёмаў і іншых пратакольных мерапрыемстваў. Яшчэ год таму на гэта трацілі мільярд рублёў старымі — больш за 46 тысяч даляраў.

10 самых дарагіх пазыцый тэндэра Савету міністраў на 2017 год

10. Рамкі для ганаровых грамат — 9282 рублі

У тэндэры таксама прапісаныя колькасьць (700 штук) і матэрыял (дрэва). У сярэднім кожная рамка будзе каштаваць бюджэту крыху больш за 13 рублёў.

9. Тэчкі для дакумэнтаў (10 500 штук) — 10 тысяч рублёў

Акрамя іх, яшчэ 133 файлы для папер, 500 блякнотаў, 30 штодзёньнікаў зь лягатыпам Саўміну.

8. Антывіруснае забесьпячэньне — 10 тысяч рублёў

Больш простай мовай — платныя антывірусныя праграмы. У тэндэры прапісана, што яны патрэбныя для абароны 300 сэрвэраў і працоўных станцый.

7. Кветкі — 11 007 рублёў 90 капеек

Вядомая нават дакладная лічба кветак, якія сёлета зьбіраецца набыць апарат Савету міністраў — 4346 штук. Яны патрэбныя для ўрачыстых цырымоній. А вось шакалядных цукерак, якія былі ў тэндэрах за 2015 і 2016 гады, сёлета няма.

6. Кампутары — 14 тысяч рублёў

5 штук. У кожным павінна быць па 4 гігабайты апэратыўнай памяці, 500 гігабайт на вінчэстэры, маніторы дыяганальлю 22 цалі, Windows 10, клявіятура, мышка. Пры гэтым сёлета закуп новых кампутараў у параўнаньні зь мінулымі гадамі даволі сьціплы. Напрыклад, у 2013 годзе было заплянавана набыць 50 новых кампутараў, у 2014 — 18, у 2015 — 16 штук.

5. Папера (2200 пачак фармату А4) — 14 800 рублёў

У 2016 годзе набывалі амаль удвая больш — 4000 пачак.

А яшчэ 5 пачак паперы фармату А3. Паперу ў апарат Саўміну набываюць мелаваную.

4. Блянкі — 15 тысяч рублёў

У гадавым тэндэры прапісаная дакладная колькасьць блянкаў для справаводзтва — 56960 штук. Пазначана, што ў іх лік уваходзяць разнастайныя фармуляры з паперы і кардону.

3. Картрыджы для лазэрных прынтэраў — 21 500 рублёў

Пры гэтым у Саўміне трацяцца і на запраўку выкарыстаных картрыджаў (3128 рублёў). Сёлета, да таго ж, чыноўнікі хочуць набыць 5 шматфункцыянальных прынтэраў на агульную суму 3000 рублёў.

2. Паслугі Белтэлекама — агулам 55 тысяч рублёў

Гэта без уліку інтэрнэту, на які ў гадавым бюджэце прадугледжана ўсяго 1200 рублёў. На традыцыйную пошту, дарэчы, значна больш — 2000. На спэцсувязь апарат Саўміну сёлета патраціць 300 рублёў, на фэльд’егерскую пошту (дастаўку лістоў з адмысловым кур’ерам) — 7500. На паслугі мабільнай сувязі заплянавана выдзеліць 5000 рублёў, яшчэ 230 рублёў на «Космас-ТВ».

1. Авіяквіткі (200 штук) — 100 000 рублёў

У сярэднім за кожны квіток для чыноўніка Саўміну заплянавана заплаціць каля 500 рублёў. Далей за Маскву, Варшаву ці Кіеў за гэтыя грошы на «Белавія» даляцець цяжка. Цікава, што ў тэндэры на 2016 год апарат Саўміну пазначыў толькі 100 квіткоў.

На чыгуначныя квіткі сёлета Саўмін заплянаваў патраціць 7000 рублёў — 20 паездак па 350 рублёў кожная.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG