Пасьля заслухоўваньня дакладу пра дэмаграфічную сытуацыю ў Беларусі Аляксандар Лукашэнка заявіў, што дынаміку прыросту насельніцтва Беларусі трэба павялічваць.
«За разьвязаньне гэтых сацыяльных пытаньняў спагнаньне жастачайшае з кожнага чыноўніка»
«Беларусь можа пракарміць 20 мільёнаў чалавек, — заявіў Лукашэнка. — А самая галоўная наша задача, якую ня мы, дык нашыя дзеці павінны вырашыць, — 15 мільёнаў насельніцтва. Гэта эканамічная бясьпека нашай краіны, моц нашай дзяржавы, а яна заўсёды ў людзях».
Каб павялічыць колкасьць насельніцтва, Лукашэнка паставіў ураду і мясцовым органам улады задачы стварыць умовы для стымуляваньня нараджальнасьці, забясьпечыць людзей працай (мінулы раз задача працаўладкаваць усіх была праваленая) і падвысіць дабрабыт людзей.
«За разьвязаньне гэтых сацыяльных пытаньняў спагнаньне жастачайшае з кожнага чыноўніка», — дадаў Лукашэнка.
За кошт каго расьце насельніцтва Беларусі
Паводле Лукашэнкі, у Беларусі ў апошнія гады была станоўчая дынаміка прыросту насельніцтва. Паводле абсалютных лічбаў, гэта сапраўды так: да 2014 году колькасьць насельніцтва падала, пасьля стала паволі расьці.
Калі на пачатак 1996 году ў Беларусі налічылі 10 млн 177 тысяч чалавек, то да 2014 году яна зьменшылася на 713 тысяч, потым да пачатку 2017-га вырасла на 41 тысячу — да 9 млн 505 тысяч чалавек.
Але прырост адбываецца не за кошт беларусаў — натуральнае скарачэньне насельніцтва ў Беларусі зьмяншаецца, але амаль не спыняецца. Нараджаецца меней людзей, чым памірае, але калі на піку ў 2002 годзе Беларусь страціла натуральным чынам 57,9 тысячы чалавек, то за 2016 год толькі 1,6 тысячы.
Прырост адбываецца коштам міграцыі. Так, у 2016 годзе зь Беларусі зьехалі 13 098 чалавек, а прыехалі 21 038 чалавек. Зьвестак аб грамадзянстве мігрантаў за 2016 год няма, але ў ранейшыя гады дамінавалі расейцы.
У 2010–2014 гады ў Беларусь штогод прыяжджала звыш 9 тысяч расейцаў штогод, у 2015-м прыехала толькі 7,8 тысячы. На другім месцы за расейцамі былі ўкраінцы, якіх у 2010–2013 гадах прыяжджала па 2–2,6 тысячы, але пасьля пачатку канфлікту на Данбасе ў 2014 годзе прыехала 6,3 тысячы, у 2015-м — 10,5 тысячы. Таксама ў 2014–2015 годзе вырасла колькасьць кітайцаў, што прыяжджаюць у Беларусь: да таго іх прыяжджала каля 100-200 чалавек, у 2014 годзе прыехала 465, у 2015-м — 1310. Паступова большае мігрантаў з Казахстану і Туркмэністану, у 2015 годзе іх было 1,6 і 1,3 тысячы адпаведна. На год у Беларусь прыяжджае ад пяцісот да тысячы літоўцаў, дзьве-тры сотні палякаў, латвійцаў, грузінаў, азэрбайджанцаў, немцаў, амэрыканцаў і іншых.