Алег Куржалаў быў карэнны віцяблянін, які прысьвяціў гісторыі роднага гораду ўсё сваё жыцьцё. Пасьля сканчэньня гістарычнага факультэту БДУ ён шмат гадоў адпрацаваў адказным сакратаром віцебскай арганізацыі Беларускага таварыства аховы помнікаў, быў адным са стваральнікаў клюбу аматараў гісторыі і даўніны “Узгор’е”, сябры якога адстойвалі помнікі архітэктуры, асуджаныя да зносу тагачасным, савецкім кіраўніцтвам гораду.
Адным з дасягненьняў клюбу сталася перамога ў барацьбе за Пакроўскую царкву, якая была захавана і потым адноўлена. Аднак Алегу Куржалаву грамадзкая актыўнасьць і пратэст супраць афіцыйнага меркаваньня каштавалі працы: у 1984-м годзе ён быў звольнены.
Зрэшты, адданасьць таму, у што ён верыў, абарочвалася стратай працы не аднойчы. Калі Алегу Куржалаву заставаліся лічаныя гады да пэнсіі, ён быў вымушаны сысьці з абласнога аб’яднаньня па арганізацыі пазашкольнай работы. Шмат гадоў ён адпрацаваў там загадчыкам аддзелу беларусазнаўства і краязнаўства, здолеў адшукаць гэткіх самых апантаных аматараў гісторыі роднага краю практычна ва ўсіх рэгіёнах Віцебскай вобласьці.
Ён дапамагаў ствараць школьныя музэі, выдаваў зборнікі краязнаўчых прац, ладзіў вандроўкі, праводзіў конкурсы, запрашаючы ў журы не чыноўнікаў, а вядомых, знакавых асобаў – беларускіх пісьменьнікаў і грамадскіх дзеячаў. Гэта не падабалася кіраўніцтву, і ва ўстанове вырашылі правесьці рэарганізацыю – аб’яднаць аддзел беларусазнаўства і краязнаўства з аддзелам патрыятычнай працы, які займаўся пераважна праблематыкай Вялікай айчыннай вайны. Месца ў новым утварэньні для Алега Куржалава не знайшлося. Ня гледзячы на ягоны вялікі досьвед і арганізацыйны талент, на жаданьне працаваць на карысьць Віцебшчыны.
Знаёмыя і сябры адзначаюць, што Алег Куржалаў ніколі ня скардзіўся на лёс, трымаўся здаровага ладу жыцьця, быў аптымістам і выглядаў нашмат маладзейшым за свой узрост.
Аматар віцебскай гісторыі, выкладчык і патрыёт свайго краю пайшоў з жыцьця ўночы 25-га ліпеня. Разьвітаньне з Алегам Васілевічам Куржалавым адбудзецца 26 ліпеня ў 12:15 у рытуальнай залі “Ціхая абіцель” (Віцебск, вуліца Петруся Броўкі, 50).