У адмысловай заяве рада заклікала беларускіх патрыётаў узяць удзел у акцыі папярэджаньня магчымай агрэсіі. Яна пройдзе 8 верасьня а 18-й гадзіне на Кастрычніцкай плошчы ў Менску.
«У гэты дзень 25 гадоў таму тысячы беларускіх вайскоўцаў, дзейных і ў запасе, прынялі на галоўнай плошчы сталіцы сымбалічную прысягу на вернасьць Беларусі. Іх клятва бараніць сваю Бацькаўшчыну прагучала на ўсю краіну. Яна была цьвёрдым папярэджаньнем тым, каму косткай у горле была маладая беларуская незалежнасьць. Яна змусіла тагачасныя ўлады прывесьці да афіцыйнай прысягі на вернасьць Айчыне ўсё беларускае войска. З нагоды гэтай падзеі Рада БНК прапануе прыняць 8 верасьня Прысягу свабоды. Разам паклянёмся вызваліць нашу краіну ад унутранай акупацыі і абараніць яе ад любой вонкавай пагрозы», — гаворыцца ў заяве БНК.
Паводле аўтараў заявы, кіраўніцтва краіны парушае канстытуцыйнае палажэньне аб імкненьні да нэўтралітэту. Адно з такіх парушэньняў — сумесныя беларуска-расейскія вайсковыя вучэньні «Захад-2017», заплянаваныя на верасень гэтага году.
«Нас ня могуць не хваляваць зьвесткі, што пасьля вучэньняў расейскія вайскоўцы могуць застацца ў Беларусі, што ў нашых памежных раёнах рыхтуюцца базы захоўваньня расейскай зброі на выпадак вайны Расеі з NATO ці Украінай. Мы не жадаем, каб беларусаў зноў рабілі гарматным мясам у чужых войнах, каб на нашай зямлі лілася чалавечая кроў. Мы заяўляем, што будзем разглядаць разьмяшчэньне чужых войскаў на нашай зямлі як акт агрэсіі супраць Беларусі. Мы гатовыя да супраціву любой агрэсіі супраць нашай краіны», — гаворыцца ў заяве.