Праваабарончы цэнтар «Вясна» апублікаваў відэа, на якім неназваны міліцыянт бʼе мужчыну за адмову выключыць тэлефон. Аўтар відэа расказаў «Вясьне», што напісаў скаргу на дзеяньні рэчыцкага міліцыянта ў мясцовае аддзяленьне Сьледчага камітэту і рыхтуе заяву ва Ўпраўленьне ўласнай бясьпекі МУС.
«Я разам са сваім таварышам ішоў па вуліцы ў горадзе Рэчыца нападпітку, — распавядае аўтар відэа. — Нас затрымалі супрацоўнікі міліцыі і папрасілі праехаць у аддзяленьне, мы пагадзіліся без усялякага супраціву, паехалі дыхаць у трубку, а потым ізноў у аддзяленьне, каб выпісалі штраф.
Там я пачаў весьці відэаздымку на тэлефон, пасьля гэтага мяне пабіў супрацоўнік міліцыі і адправіў ў ізалятар часовага ўтрыманьня на 72 гадзіны. Пасьля мяне абвінавацілі паводле трох артыкулаў і далі штраф 22 базавыя велічыні [506 рублёў]».
Свабода спрабуе атрымаць камэнтар рэчыцкай міліцыі і Сьледчага камітэту.
Днём раней міністар унутраных справаў Беларусі Ігар Шуневіч дапусьціў магчымасьць некампэтэнтнасьці сваіх падначаленых. Раней Шуневіч на заявы аб зьбіваньні людзей міліцыянтамі адказваў заявамі пра «інфармацыйную вайну» супраць МУС з мэтай «зьмены сацыяльнага ладу».