Цэнтральны райаддзел Сьледчага камітэту адмовіўся ўзбуджаць крымінальную справу па факце катаваньняў міліцыянтамі затрыманых удзельнікаў акцыі на Дзень Волі 25 сакавіка ў Менску.
Падставай да такога рашэньня стала адсутнасьць у дзеяньнях міліцыянтаў складу злачынства. Адпаведны адказ з райаддзелу Сьледчага камітэту за подпісам сьледчага А. Кандратовіча атрымаў адказны сакратар Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі Дзяніс Садоўскі.
У Сьледчы камітэт зьвярнуліся 10 чалавек, якія засьведчылі факты недапушчальнага, зьдзеклівага і маючага прыкметы катаваньняў стаўленьня да іх і іншых затрыманых 25 сакавіка з боку супрацоўнікаў Цэнтральнага РУУС.
Падчас падрыхтоўкі скаргі пры дапамозе праваабарончага цэнтру «Вясна» былі сабраныя сьведчаньні пра тое, што людзей 6 гадзін трымалі пад сьнегам і дажджом на вуліцы, не давалі піць, не пускалі ў прыбіральню, увесь час трымалі на расьцяжцы, ужывалі спэцсродкі. У сувязі з гэтым у дачыненьні да вінаватых прасілі ўзбудзіць крымінальную справу па арт. 426 Крымінальнага кодэксу (перавышэньне ўлады або службовых паўнамоцтваў).
«Зьвестак, якія пацьвярджаюць выкарыстаньне нецэнзурнай лаянкі, абразаў, катаваньняў, жорсткага, бесчалавечнага абыходжаньня, а таксама ўжываньне фізычнай сілы, спэцыяльных сродкаў супрацоўнікамі Цэнтральнага РУУС Менску, у прыватнасьці В. Находкам, у дачыненьні да затрыманых ня выяўлена. Паводле праведзенай праверкі, дастатковых абʼектыўных дадзеных, якія паказваюць, што супрацоўнікі Цэнтральнага РУУС наўмысна, насуперак інтарэсам службы, з карысьлівай ці іншай асабістай зацікаўленасьці злоўжылі сваімі службовымі паўнамоцтвамі, а таксама неналежным чынам выканалі свае службовыя абавязкі з прычыны нядобрасумленнага або нядбайнага стаўленьня да службы, не знайшлі свайго пацьверджаньня», — гаворыцца ў адказе са Сьледчага камітэту.
Дзяніс Садоўскі лічыць, што такія высновы сьледчых ня ёсьць вялікай нечаканасьцю:
«Відавочна, што сапраўдная праверка нават не праводзілася. Райаддзел СК знаходзіцца ў адным будынку з РУУС, а гэта можа сьведчыць, што ўсе там адзін аднаго ведаюць і прыкрываюць. Але мы не зьбіраемся спыняцца. Хутка будзе падрыхтаваная скарга ў райаддзел Сьледчага камітэту, каб яны ўзнавілі сьледзтва. Бо бязьдзейнасьць у дачыненьні да тых, хто чыніць зьдзекі з затрыманых, будзе патураць такім дзеяньням і надалей. Краіна павінна ведаць прозьвішчы тых, хто чыніў зьдзекі — як, напрыклад, спадар Находка. Таму мы рыхтуем дакумэнты ў суд, каб празь яго зноў засьведчыць усе факты катаваньняў у дачыненьні да затрыманых 25 сакавіка», — сказаў Дзяніс Садоўскі.