Як вынікае з праграмы форуму, апублікаванага на сайце Згуртаваньня беларусаў сьвету «Бацькаўшчына», прадстаўнікоў дыяспары чакае насычаная дыскусія.
Адкрыюць зьезд кіраўніца «Бацькаўшчыны» Алена Макоўская і старшыня рады Ніны Шыдлоўская, пасьля чаго адбудуцца выбары рабочых органаў і зацьвярджэньне парадку дня.
Зь вітальнымі прамовамі выступяць прадстаўнікі дзяржаўных установаў і дыпляматычных прадстаўніцтваў, затым пачнуцца даклады на асноўную тэму. Сярод сьпікераў — доктар гістарычных навук, супрацоўнік Інстытуту гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Валянцін Голубеў; кандыдат гістарычных навук, намесьніца дырэктара Беларускага дзяржаўнага архіву-музэю літаратуры і мастацтва Натальля Гардзіенка; доктар гістарычных навук, старшыня Беларускага гістарычнага таварыства ў Беластоку Алег Латышонак.
Тым часам у кулюарах распачнецца аўтограф-сэсія пісьменьніка Ўладзіміра Арлова з апошнім фаліянтам «Айчына: маляўнічая гісторыя. Ад Рагнеды да Касьцюшкі».
Першы дзень завершыць справаздачны даклад Ніны Шыдлоўскай аб дзейнасьці ЗБС «Бацькаўшчына» і сьвяточны канцэрт з удзелам беларускіх выканаўцаў зь Беларусі і замежжа.
16 ліпеня распачнецца праца ўдзельнікаў у сэкцыях.
- «Беларуская дзяржаўнасьць: станаўленьне, рэаліі, пэрспэктывы».
- «Беларуская дыяспара і Беларусь: стратэгія ўзаемадзеяньня ў сучасных умовах».
- «Беларуская мова і культура — аснова нацыянальнай дзяржаўнасьці». Таксама заплянаваны справаздачны даклад кантрольна-рэвізійнай камісіі і выбары кіроўных органаў ЗБС «Бацькаўшчына» — Вялікай рады і старшыні.
Зьезды беларусаў сьвету праводзяцца, пачынаючы ад 1993 году, кожныя чатыры гады ў Менску. Менавіта зь ініцыятывы «Бацькаўшчыны» пачалі фармавацца прапановы для законапраекту «Аб беларусах замежжа» і дзяржаўнай праграмы «Беларусы ў сьвеце». З прыняцьцем гэтага закону ў 2014 годзе быў юрыдычна замацаваны статус «беларус замежжа» і закладзеная заканадаўчая база для супрацоўніцтва зь беларускай дыяспарай, якую неабходна напаўняць практычнымі крокамі. І гэта адна з задачаў сёлетняга зьезду.
Згуртаваньне беларусаў сьвету «Бацькаўшчына» аб’ядноўвае некалькі дзясяткаў арганізацый з больш як двух дзясяткаў краінаў.