13 ліпеня Менскі гарадзкі суд не задаволіў скаргу актывіста БХД Дзяніса Садоўскага на Менгарвыканкам за зрыў акцыі на Дзень Волі. І пакінуў у сіле рашэньне Маскоўскага раённага суду.
«Нічога, дойдзем, калі спатрэбіцца, да ААН», — сказаў пасьля суду Дзяніс Садоўскі.
Адзін зь пяці заяўнікаў шэсьця на Дзень Волі Дзяніс Садоўскі патрабуе прызнаць незаконнымі рашэньне і дзеяньні чыноўнікаў Менгарвыканкаму адносна правядзеньня ў Менску акцыі на Дзень Волі.
Паводле Садоўскага, Менгарвыканкам паведаміў заяўнікам пра дазвол акцыі менш як за дзень і зьмяніў умовы яе правядзеньня. Гэта прывяло да затрыманьня міліцыяй 25 сакавіка соцень невінаватых людзей, частку зь якіх пакаралі суткамі і штрафамі.
У траўні Маскоўскі раённы суд, куды Дзяніс Садоўскі скардзіўся на Менгарвыканкам, вырашыў, што закон аб масавых мерапрыемствах чыноўнікі не парушалі.
Але Дзяніс Садоўскі настойвае, што паводле закону рашэньне аб дазволе ці адмове ў правядзеньні акцыі мусілі прыняць не за 11 гадзін, а за 5 дзён да падзеі і адпаведна праінфармаваць заяўнікаў.
Таксама актывіст лічыць незаконным тое, што чыноўнікі без узгадненьня зьмянілі фармат, месца і час правядзеньня акцыі:
«Дый беспрычынна гэта рабіць закон не дазваляе».
Цяпер, пасьля рашэньня Менскага гарсуду, Дзяніс Садоўскі мяркуе падаваць скаргу на імя старшыні суду, а калі і яна будзе адхіленая — у Вярхоўны суд.
«Магчыма, гэтай справай сапраўды мусіць заняцца Камітэт па правах чалавека ААН — як прыкладам грубага парушэньня права грамадзян Беларусі на сходы і дэманстрацыі. Бо што атрымліваецца? Раней проста адмаўлялі ў правядзеньні апазыцыйных акцый, або заяўкі ўвогуле не разглядалі, а тут фармальна задаволілі, але парушылі некалькі палажэньняў закону і, па сутнасьці, стварылі перашкоду, „падставілі“ людзей. Ды яшчэ хочуць застацца „чысьценькімі“? Што гэта не яны парушылі закон, а людзі самі пайшлі ў аўтазакі?», — кажа Дзяніс Садоўскі пра менскіх чыноўнікаў.
Дзяніс Садоўскі быў адным зь некалькіх соцень тых, каго 25 сакавіка міліцыя затрымала на вуліцах Менску як нібыта ўдзельнікаў несанкцыянаванай акцыі.