Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Амэрыканская пара палюбіла Беларусь за тое, чаго самі беларусы не заўважаюць


Джош і Жаклін Смолі ужо два гады жывуць у Менску і лічаць яго ідэальным месцам для спакойнага жыцьця. Маладая амэрыканская пара прыехала ў Беларусь працаваць і каб быць «бліжэй да Эўропы».

У інтэрвію Свабодзе яны распавялі, што незвычайнага заўважылі ў Беларусі і беларусах, і што непаўторнае страціць краіна, калі сюды хлынуць турысты.

Маладая амэрыканская пара працуе ў Менскай міжнароднай школе, якая зьяўляецца часткай Quality Schools International. У Беларусь яны трапілі пасьля трох гадоў працы ў Казахстане. І гэта не была выпадковасьць.

«Менск быў абраны дзеля цэлага шэрагу фактараў. Гэта і даступныя для замежніка цэны, блізкасьць да Эўропы, блізкасьць да скандынаўскіх краінаў, якасьць грамадзкага транспарту, а таксама спакойная і чыстая атмасфэра, шматлікія азёры ў паўночнай частцы Беларусі, і многае іншае», — кажуць амэрыканцы.

Штат Вашынгтон, радзіма Джоша і Жаклін
Штат Вашынгтон, радзіма Джоша і Жаклін

Джош і Жаклін вырасьлі ў суседніх мястэчках у штаце Вашынгтон. Хадзілі ў тую самую школу, царкву і на тыя самыя імпрэзы. Пасьля вясельля пайшлі вучыцца разам у коледж. Разам пачалі працаваць настаўнікамі ў штаце Орэган.

«Калі мы былі зусім маладыя, бацькі выслалі нас у падарожжа па Мэксыцы. Гэтая вандроўка натхніла нас падарожнічаць і цаніць багацьце культур і той досьвед, якія прапануе нам сьвет. Менавіта тады мы вырашылі пачаць працу як міжнародныя настаўнікі. Мы спадзяемся, што будзем падарожнічаць ажно да сьмерці і што здолеем натхніць да таго самага і іншых».

Натхняюць іншых Джош і Жаклін праз свой блог «Вандроўныя настаўнікі» («Traveling Teachrz»). Пара аб’ехала практычна ўсю Эўропу, Азію, абедзьве Амэрыкі, Афрыку. Свае прыгоды і ўражаньні ад Шры-Ланкі, Маляйзіі, Паўднёвай Афрыкі, Кеніі, Танзаніі, Швэцыі ці Румыніі яны распавядаюць у тэкстах, відэа, фатаздымках. Пасьля кожнага падарожжа яны вяртаюцца ў Менск, дзе і ствараецца іх блог. Адзін зь яго разьдзелаў прысьвечаны і Беларусі.

Жаклін і Джош пабывалі ў Дудутках, Нясьвіжы, Міры. Наведалі мноства цэркваў, касьцёлаў і вёсак.

У Налібацкай пушчы
У Налібацкай пушчы

«Адной зь мясьцінаў, якая запала нам у сэрца, стала Налібацкая пушча. Гэты незвычайны лес нам паказаў прафэсар Вадзім Сідаровіч. Мы былі ў гасьцях у яго на палявой станцыі ажно шэсьць разоў. У Налібацкай пушчы мы пабачылі дзіка, лася, амэрыканскую норку, рысь, ваўка, аленя, бабра, выдру і шмат чаго іншага. Лекцыі і трэнінгі прафэсара Сідаровіча былі бясцэнныя. Мы паступова адкрываем Беларусь, але гэта яшчэ далёка ня тое знаёмства, якое б нам хацелася навязаць з краінай».

Беларусь амэрыканскай пары адкрываюць самі беларусы. За два гады яны пасябравалі зь вялікай колькасьцю людзей. Першымі якасьцямі беларусаў яны называюць працавітасьць, шчодрасьць і прыязнасьць.

«Адно з адрозьненьняў паміж намі, амэрыканцамі, і беларусамі — у публічным выяўленьні сваіх эмоцыяў. У Амэрыцы людзі могуць быць гучнымі і ярка паказваць свае эмоцыі ў грамадзкіх месцах. У Беларусі людзі даволі стрыманыя і спакойныя. Часам гэта можа шакаваць, калі ты стаіш на прыпынку і чуеш толькі шэпт 50 чалавек, якія там стаяць. У большасьці гарадоў Амэрыкі давялося б перакрычаць шум, каб пагаварыць з чалавекам побач з вамі».

Большасьць часу амэрыканцы праводзяць у Менску і кажуць, што атрымліваюць асалоду ад процьмы цікавых рэчаў і магчымасьцяў, якія дае беларуская сталіца.

«Нам падабаецца, што ў Менску няма натоўпаў людзей. Нас вабяць некранутыя турызмам месцы і спакойны тэмп жыцьця. Нам падабаецца беларуская ежа. У Менску ёсьць таксама выдатныя індыйскія, тайскія, узбэцкія і вэганскія рэстараны, якія мы палюбілі. Падабаецца Няміга зь яе рэстаранамі і крамамі. Я б раіў замежнікам скарыстацца 5-дзённым бязьвізавым рэжымам, каб адкрыць для сябе гэты горад. Калі застанецца час, то абавязкова варта паехаць у Белавескую і Налібацкую пушчы, або ціхае месца на поўначы Беларусі сярод азёраў», — кажа Джош.

Жаклін Смолі
Жаклін Смолі

У добрае надвор’е амэрыканцы любяць катацца на роварах каля Менскага мора, уздоўж Сьвіслачы, або адпачываць у гарадзкіх парках. Менск яны лічаць вельмі зялёным горадам і хваляць за добрыя роварныя сьцежкі. Амэрыканскія блогеры-падарожнікі лічаць Беларусь выдатным месцам для турыстаў, якія хочуць даведацца, што такое Ўсходняя Эўропа.

«Пакуль гэта нішавы напрамак. Але Менск — гэта ідэальнае рашэньне для тых, хто хоча адкрыць усходнеэўрапейскую культуру і людзей. Вялікія гандлёвыя цэнтры, забаўляльныя паркі, музэі. Або лецішча і лазьня ў вёсцы. Калі турыст хоча схавацца ад мітусьні, яму трэба ехаць сюды».

Праблемай для турыстаў у Беларусі можа стаць несупадзеньне чаканьняў з рэальнасьцю, кажуць амэрыканцы. Таму ня варта настройвацца на ўражаньні «ад Парыжу». Вялікім недахопам для прыежджых Джош і Жаклін называюць адсутнасьць цікавых заняткаў зімою і візы. 5-дзённы бязьвізавы рэжым яны называюць крокам у правільным напрамку, але толькі крокам. Бязьвізавы рэжым, на іх думку, здолеў бы прыцягнуць замежнікаў у краіну. Але пра гэта яны кажуць і не без шкадаваньня, бо з прыходам турыстаў, многія рэчы, якія сёньня іх захапляюць у Беларусі і якія турысты яшчэ не пасьпелі крануць, паволі пачнуць зьнікаць.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG