Лінкі ўнівэрсальнага доступу

З публічнай бібліятэкі Нью-Ёрку зьнікла кніга Францішка Скарыны


Адзіная ў ЗША кніга Францішка Скарыны зьнікла. Пра гэта даведаўся Алесь Суша падчас наведваньня публічнай бібліятэкі Нью-Ёрку.

«Найбольшым расчараваньнем у Нью-Ёрку было дазнацца, што фрагмэнт выданьня Скарыны, які захоўваўся ў Нью-Ёркскай публічнай бібліятэцы, „згубіўся“ і яго ніяк ня могуць знайсьці ўжо шмат гадоў. Здараецца такое нават у найбуйнейшых бібліятэках сьвету», — напісаў учора, 11 ліпеня, у «Фэйсбуку» Алесь Суша, намесьнік дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі.

Доўгі час у публічнай бібліятэцы Нью-Ёрку зьмяшчаўся фрагмэнт «Першай кнігі Царстваў» — праскага выданьня Францішка Скарыны. Аднак, як даведаўся на месцы Алесь Суша, ужо некалькі гадоў як супрацоўнікі бібліятэкі ня могуць знайсьці скарынаўскай кнігі. Больш за тое, у бібліятэцы не захавалася ніводнай копіі «Першай кнігі Царстваў».

«Нам пра гэта не было вядома, — паведаміў Алесь Суша. — Яны (супрацоўнікі бібліятэкі. — РС) ведалі ўжо некалькі гадоў, але не раскрывалі гэтай інфармацыі».

Такім чынам, сьпіс з 520 вядомых кніг Францішка Скарыны, пра які Свабода напісала літаральна ўчора, варта падкарэктаваць. Цяпер у сьвеце застаецца 519 асобнікаў.

Нагадаем, што ў жніўні Нацыянальная бібліятэка Беларусі заканчвае двухгадовы праект пошуку кніг Скарыны па ўсім сьвеце. У межах яго створаны электронны рэестр усіх вядомых на сёньня кніг Францішка Скарыны.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG