Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь не падтрымала спробу Расеі зьняць з парадку ПА АБСЭ рэзалюцыю пра Ўкраіну


Belarus - 26th Annual Session of the OSCE Parliamentary Assembly in Minsk, 5Jul2017
Belarus - 26th Annual Session of the OSCE Parliamentary Assembly in Minsk, 5Jul2017

На паседжаньні аргкамітэту сэсіі ПА АБСЭ кіраўнік расейскай дэлегацыі, намесьнік сьпікера Дзяржаўнай думы Пётар Талстой выказаўся супраць праекту рэзалюцыі пра аднаўленьне сувэрэнітэту і цэласнасьці Ўкраіны. Беларусь пазыцыю Расеі не падтрымала.

Украінскі бок прапанаваў да разгляду праект рэзалюцыі «Аднаўленьне сувэрэнітэту і тэрытарыяльнай цэласнасьці Ўкраіны». Усе 36 пунктаў дакумэнту расейскі бок назваў «хлусьнёй».

«Мы катэгарычна супраць прапанаванай Украінай рэзалюцыі, якая называецца «Аднаўленьне сувэрэнітэту». «Мы лічым, што краіна, якая ня мае сувэрэнітэту, ня мае права быць прадстаўленай у ПА АБСЭ», — растлумачыў пазыцыю расейскага боку Пётар Талстой.

Большасьць прысутных пазыцыю Расеі не падтрымалі, у тым ліку і Беларусь:

«Нашы паважаныя калегі, у тым ліку і калегі зь Беларусі, не падтрымалі нас наконт украінскай рэзалюцыі», — сказаў Пётар Талстой пракрамлёўскаму агенцтву «Спутник».

Віцэ-спікер Палаты прадстаўнікоў Баляслаў Пірштук у кулюарах сэсіі ПА АБСЭ гэтак патлумачыў журналістам пазыцыю Беларусі: «Мы настойваем і абсалютна падтрымліваем мір у гэтым рэгіёне. Мы займаем абсалютна нэўтральную пазыцыю, і нам важна, каб гэты мір усталяваўся раней. Мы зьяўляемся міратворчай пляцоўкай. Мы дамовіліся, у тым ліку з украінскімі і расейскімі калегамі, што гэтая пазыцыя мусіць быць ім зразумелая. Мы суседзі, мы мусім выбудоўваць добрыя мірныя стасункі. Вось і ўсё. Ніякіх праблем мы ня бачым. Безумоўна, дэпутаты, фармуючы павестку дня, выбудавалі сваю пазыцыю».

Прадстаўнік Вярхоўнай рады Ўкраіны Ігар Папоў высока ацаніў пазыцыю беларускага боку і тыя заявы Аляксандра Лукашэнкі, якія прагучалі падчас адкрыцьця сэсіі.

Такім чынам, украінская рэзалюцыя будзе разгледжаная і стане часткай глябальнай рэзалюцыі АБСЭ «Умацаваньне ўзаемнага даверу і супрацоўніцтва дзеля міру і працьвітаньня ў рэгіёне АБСЭ».

Падрабязьней пра акалічнасьці расейска-ўкраінскага дыпляматычнага канфлікту — на сайце ўкраінскай Свабоды.

***

Раней Беларусь на міжнародных пляцоўках галасавала па ўкраінскіх пытаньнях так жа, як Расея.

Пасьля далучэньня Крыму да Расеі праз «рэфэрэндум» пад наглядам узброеных «зялёных чалавечкаў» (пазьней прызнаных Расеяй сваімі войскамі) у ААН адбылося галасаваньне па прызнаньні «рэфэрэндуму» незаконным. Са 193 краінаў ААН 100 прагаласавалі «за», але 11 — «супраць», у ліку апошніх былі Армэнія, Балівія, Беларусь, Вэнэсуэла, Зімбабвэ, Кітай, Куба, Нікарагуа, Расея, Сырыя і Судан. Беларусь таксама галасавала супраць рэзалюцыі ААН аб правах чалавека ў Крыме і спрабавала заблякаваць рэзалюцыю аб прызнаньні Расеі «дзяржавай-акупантам». Але МЗС Беларусі ўхіляецца ад прызнаньня або адмовы ў прызнаньні Крыму расейскім.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG