Апошнія гады на парадзе да 3 ліпеня рэгулярна бралі ўдзел вайскоўцы Пскоўскай дэсантнай дывізіі. Сёлета — не.
Былі, праўда, расейскі самалёты — мільганулі дзесьці ў небе. А працяглую карцінку ствараюць людзі. Людзі ў форме ідуць шчыльнымі шэрагамі, бачныя іх суворыя і рашучыя абліччы. А яшчэ цягам ўсяго параду бачны расейскі сьцяг.
Магчыма, удзел расейцаў у беларускім прадзе дэманстраваў нашым «усходнім партнэрам» ляяльнасьць, прыхільнасьць, саюзьніцтва не на паперы. А таксама беларускай расеепрыхільнай публіцы дэманстраваўся «саюз непарушны». Але гэтым разам расейскага сьцяга не было.
Паводле аналітычнага рэсурсу «Belarus Security Blog», беларускія улады адмовіліся ад пскоўскіх дэсантнікаў, таму што яны бралі ўдзел у акупацыі Крыму і былі заўважаныя ва ўварваньні на Данбас. А беларускі бок мусіць улічваць меркаваньне і Захаду, і Ўкраіны, таму адмовіўся ад старых гасьцей.
Дык дзеля працягу традыцыі можна было запрасіць іншых вайскоўцаў з РФ, якія 100% апошнія тры гады не аддаляліся ад базы дысьлякацыі, прынамсі ў кірунку Ўкраіны. Тым больш расейскія войскі сымбалічна ў выглядзе самалётаў усё роўна прысутнічалі.
Магчыма, ёсьць яшчэ нейкія нябачныя публіцы матывы ва ўзаемадачыненьнях Драздоў і Крамля.
У кожным разе, да ўсіх магчымых тлумачэньняў варта дадаць грамадзкае меркаваньне ў Беларусі. Уладныя аналітыкі маглі пралічыць хвалю нэгатыву, якая магла б узьняцца ў сацыяльных сетках. Пасьля «украінскіх падзей» беларускае грамадзтва расколатае ў сваім даверы і недаверы да Расеі.
З кожным годам колькасьць карыстальнікаў сеціва расьце, у тым ліку множацца ўдзельнікі сацыяльных сетак, у якія ў сваю чаргу актыўна ўкараняюцца незалежныя СМІ і грамадзкія ініцыятывы, далёкія ад ляяльнасьці да Расеі.
Колькі б не гаварылася пра тое, што навіны ў сеціве актыўна абмяркоўвае меншасьць, што большасьць шукае забаўляльны кантэнт, а агромністая колькасьць спажыўцоў СМІ ўсё яшчэ глядзіць антэну БТ і чытае паперу «СБ», менавіта пракачаная меншасьць у сацсетках фармуе карціну грамадзкага меркаваньня. У тым ліку і для Расеі.