Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Менск — палітычная пляцоўка Масквы», — ва Ўкраіне не чакаюць прарыўных рашэньняў ПА АБСЭ


Украінскі палітычны экспэрт Аляксандар Салантай
Украінскі палітычны экспэрт Аляксандар Салантай

Украінскі палітычны экспэрт Аляксандар Салантай у інтэрвію Свабодзе заявіў, што галоўным інтарэсам Украіны на пасяджэньні Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ ў Менску мае стаць праблема ўкраінскіх грамадзян, якія незаконна ўтрымліваюцца на тэрыторыі Расеі.

«Украінская дэлегацыя мае выкарыстаць гэтую пляцоўку, каб яшчэ раз гучна заявіць, што на тэрыторыі Расеі ёсьць закладнікі — гэта ўкраінскія грамадзяне. Гэта трэба зрабіць так сама гучна, як на мінулым пасяджэньні асамблеі заявілі пра патрабаваньне да Расеі вярнуць Крым», — сказаў Аляксандар Салантай у камэнтары Свабодзе.

У той жа час экспэрт перакананы, што правядзеньне пасяджэньня ПА АБСЭ ў Менску ёсьць недарэчным.

«Яшчэ нядаўна ў Менску разганялі людзей, забаранялі сьвяткаваць Дзень Волі, затрымлівалі і сотнямі рабілі прысуды. За апошні год ёсьць шмат выпадкаў экстрадыцыі ці перадачы ўкраінцаў расейцам на запыты ФСБ. Менск — гэта вядомая палітычная пляцоўка Масквы, а Расея для нас — краіна-агрэсар», — дадаў ён.

«Праваабаронцы з усіх эўрапейскіх арганізацый, у тым ліку і ўкраінскія, зьвярталіся з патрабаваньнем не праводзіць пасяджэньне ў Менску. Але тым ня менш на гэта не зьвярнулі ўвагу. Гэта азначае, што ніякіх сур’ёзных, глябальных рашэньняў там ня будзе. У Менску гэта апрыёры немагчыма», — кажа Аляксандар Салантай.

Паводле экспэрта, Парлямэнцкая асамблея АБСЭ павінна акцэнтаваць сваю дзейнасьць на публічнай абароне правоў чалавека і грамадзянскіх свабодаў.

«А гэтую сваю базавую функцыю ПА АБСЭ ў Менску ня можа выканаць нават прыблізна, таму што давядзецца размаўляць пра выбары, напрыклад, ці аб правах чалавека ці абароне свабодаў у краіне, у якой ёсьць з гэтым праблемы», — дадаў экспэрт.

Аляксандар Салантай таксама выключыў магчымасьць прыняцьця рашэньня пра зьмену фармату маніторынгавай місіі АБСЭ, якая працуе на Данбасе.

«Ніякіх сур’ёзных рашэньняў у Менску з нагоды павышэньня эфэктыўнасьці місіі АБСЭ на Данбасе ня можа быць. Але, магчыма, яно і будзе абмяркоўвацца», — адзначыў украінскі экспэрт.

Украінскую дэлегацыю на пасяджэньні ПА АБСЭ ў Менску будзе ўзначальваць кіраўнік фракцыі «Блёк Пятра Парашэнкі» ў Вярхоўнай Радзе Артур Герасімаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG