На фоне напружанасьці ў трансатлянтычных адносінах з прычыны гандлю, бясьпекі і клімату, урад Польшчы, дзе кіруюць кансэрватары, хоча зрабіць акцэнт на паляпшэньні дзелавых сувязяў паміж ЗША і былымі камуністычнымі дзяржавамі цэнтральнай і ўсходняй Эўропы.
Трамп наведае саміт удзельнікаў «Ініцыятывы трох мораў», якую запусьцілі ў мінулым годзе Польшча і Харватыя. Ініцыятыва мае на мэце разьвіцьцё гандлю, супрацоўніцтва ў сфэры энэргетыкі і інфраструктуры паміж краінамі ад Балтыкі да Балканаў, на ўзьбярэжжах Балтыйскага, Адрыятычнага і Чорнага мораў.
Некаторыя прадстаўнікі ЭЗ скептычна ставяцца да гэтага праекту і лічаць спробай Польшчы, шмат у чым ня згоднай з Бруселем, здабыць ролю лідэра ў рэгіёне, што абʼядноўвае найбяднейшыя краіны ЭЗ.
Як чакаецца, Трамп, які таксама ўступіў у палеміку з ЭЗ па шэрагу пытаньняў, будзе прапагандаваць экспарт амэрыканскага прыроднага газу ў сваім звароце да дзесяці лідэраў краін рэгіёну, які імкнецца зьнізіць сваю залежнасьць ад Расеі ў сфэры энэргетыкі.
Польшча, найбуйнейшая эканоміка былога камуністычнага рэгіёну, у мінулым месяцы ўжо атрымала першую пастаўку амэрыканскага газу ў балтыйскім порце Сьвінавуйсьце.
Кіраўнік польскай дзяржаўнай кампаніі GAZ-System заявіў, што саміт «Ініцыятывы трох мораў» павінен стымуляваць разьвіцьцё праекта газавага калідора «Поўнач-Поўдзень», які накіраваны на дывэрсыфікацыю паставак газу.
«Для такіх праектаў вельмі важная палітычная падтрымка, гэта дапамагае ўкласьціся ў тэрміны», — заявіў ён у інтэрвію Reuters, дадаўшы, што гэта таксама дапамагло б Польшчы атрымаць фінансаваньне ад ЭЗ, калі Брусэль палічыць калідор прыярытэтнай задачай.
Газавы калідор «Поўнач — Поўдзень», будаўніцтва якога плянуецца завяршыць у бліжэйшыя два-тры гады, дапаможа транспартаваць газ, атрыманы праз тэрмінал у Свінавуйсьце і па заплянаваным Балтыйскім трубаправодзе, па тэрыторыі Польшчы, Чэскай Рэспубліцы, Славаччыны і Вугоршчыны ў новы тэрмінал у Харватыі.