Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Моладзь БНФ абвяшчае конкурс эсэ «Чаму варта рэабілітаваць Ларысу Геніюш?»


Ларыса Геніюш
Ларыса Геніюш

Моладзь БНФ працягвае кампанію ўшанаваньня памяці выдатнай пісьменьніцы і грамадзкай дзяячкі Ларысы Геніюш. Акцыя распачатая яшчэ летась і ўжо набыла самыя разнастайныя формы. Цяпер — чарговая ініцыятыва.

«Рэабілітацыя для цябе ня проста фармальнасьць? Хочаш выказаць сваю падтрымку кампаніі #Геніюш2016? Вазьмі ўдзел у конкурсе эсэ!», — заклікаюць ініцыятары акцыі.

Паводле ўмовы, калі сёньняшнім беларусам неабыякавая памяць пра знакамітую зямлячку і ёсьць жаданьне падзяліцца сваімі думкамі наконт таго, чаму рэабілітацыя Ларысы Геніюш надзвычай важная для Беларусі, можна дасылаць свае эсэ на пошту moladzbelarus@gmail.com.

Аб’ём тэксту ня болей за 3 старонкі фармату А4, тэма: «Чаму варта рэабілітаваць Ларысу Геніюш?». Конкурс працягнецца да 26 ліпеня, вынікі будуць агучаныя 10 жніўня. Кожны ўдзельнік атрымае памятны дыплём, кнігу Ларысы Геніюш «Споведзь» ды памятныя падарункі.

Конкурс эсэ — гэта наступны крок у спробах данесьці думку грамадзкасьці прадстаўнікам улады, паказаць, што пытаньне рэабілітацыі Ларысы Геніюш сапраўды важнае для беларускага народу.

Ня так даўно актывісты арганізацыі накіравалі ў Генэральную пракуратуру Беларусі пісьмовае патрабаваньне рэабілітаваць літаратарку. Адказ зь ведамства быў катэгарычным: «Геніюш Л.А. прызнана не падлеглай рэабілітацыі».

Актывісты Моладзі БНФ ня згодныя з падобнай трактоўкай і перакананыя, што Ларыса Геніюш вартая аднаўленьня яе добрага імя і ўшанаваньня памяці.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG