Кіраўнік краіны запэўніў, што ў Беларусі ёсьць усё неабходнае, каб даць адпор любому агрэсару. Сучасная беларуская армія ўвесь час мадэрнізуецца, мабільная, навучаная і ўзброеная.
Перад пачаткам параду да Дня незалежнасьці, у якім узялі ўдзел больш за 3 тысячы вайскоўцаў і 300 адзінак баявой тэхнікі, выступіў Аляксандар Лукашэнка.
Ён адзначыў, што нязьменны прынцып Беларусі — роўнасьць усіх краін і іх неўмяшаньне ва ўнутраныя справы адно аднаго і вырашэньне любых міжнародных канфліктаў выключна за сталом перамоў.
«На жаль, іншыя краіны не пажадалі пераняць гэты прыклад. Да чаго гэта прывяло? Ідзе нарастаньне глябальнай нестабільнасьці. Міжнародная бясьпека разбурана. На шлях мілітарызацыі ўступілі краіны Эўропы. Яны ўцягваюцца ў гонку ўзбраеньняў і ваенныя падрыхтаваньні. Злучаныя Штаты Амэрыкі разгортваюць тут, каля нашых межаў, сыстэму супрацьракетнай абароны і ўдасканальваюць свой ядзерны патэнцыял. Наш адказ — сучасная беларуская армія. Яна ўвесь час мадэрнізуецца, мабільная, навучаная і ўзброеная».
Лукашэнка таксама адзначыў важкі ўклад айчыннага абаронна-прамысловага комплексу ў павышэньне боегатоўнасьці краіны.
«У краіне пасьпяхова разьвіваецца ўласнае ракетабудаваньне. Можна назваць больш за сотню ўзораў беларускіх вырабаў ваеннага прызначэньня, якія ўяўляюць сабой прынцыпова новую, інавацыйную прадукцыю. Баявы арсэнал, якім мы валодаем, сёньня будзе паказаны падчас параднага маршу. Кожны зможа пераканацца: у нас ёсьць усё неабходнае, каб даць адпор любому агрэсару».
Расею ён назваў братняй краінай, зь якой «мы разам абараняем межы створанай намі Саюзнай дзяржавы. Краіны — чальцы Арганізацыі Дамовы аб калектыўнай бясьпецы ён назваў «надзейнымі партнэрамі і вернымі сябрамі», зь якімі «мы разам сёньня абараняем сьвет ад новых пагрозаў».