«3 ліпеня антыбеларускі рэжым Лукашэнкі будзе праводзіць у Менску вайсковы парад у гонар прызначанага ім сьвята рэжымнай незалежнасьці, — зьвяртаецца да суайчыньнікаў Зянон Пазьняк на сваім пэрсанальным сайце. 3 ліпеня 1944 году — гэта дзень, калі нямецкая акупацыя Менска зноў зьмянілася на савецкую. Ніякага дачыненьня да незалежнасьці Беларусі гэтая дата ня мае».
Гэтаксама Зянон Пазьняк перакананы, што няма чаго беларусам рабіць 3 ліпеня на Кастрычніцкай плошчы, куды мабілізуе людзей сустаршыня Беларускага нацыянальнага кангрэсу Мікола Статкевіч.
«На дзень параду беларускага і расейскага войска Мікола Статкевіч заклікае менчукоў на пратэстную дэманстрацыю — быццам бы супраць рэжыму Лукашэнкі. На самай справе гэта пераўтворыцца ў правакацыю з мэтай выявіць несасьпелыя яшчэ пратэстныя сілы і разграміць іх. Такое ўжо было ня раз. Не хадзіце, ня верце безадказным асобам. Захавайма нашыя сілы і нашых людзей для будучага пераможнага змаганьня. Усё наперадзе!», — падкрэсьлівае заснавальнік Беларускага Народнага Фронту.
На думку Зянона Пазьняка, няма ніякай патрэбы хадзіць на «рэжымныя парады і правакацыйныя дэманстрацыі ў прыдуманы лукашыстамі дзень, дзе будзе шмат войска, спэцназу, амапу, гэб’я і некіраваных танкаў».