30 чэрвеня апэляцыйная калегія Вярхоўнага суду пакінула ў сіле сьмяротны прысуд, які вынес Гомельскі абласны суд жыхару Нароўлі Аляксею Міхаленю, ягоная скарга пакінутая без задавальненьня. Пра гэта паведаміў сайт Вярхоўнага суду Беларусі.
17 сакавіка Гомельскі абласны суд прызнаў Міхаленю вінаватым у забойстве дзьвюх асоб, учыненым з асаблівай жорсткасьцю. Сьмяротны прысуд быў першы, які беларускія судзьдзі вынесьлі ў 2017 годзе.
Міхаленю 32 гады, раней ён ужо быў асуджаны за забойства чалавека. Цяпер, каб пазьбегнуць расстрэлу, Аляксей Міхаленя можа спадзявацца толькі на памілаваньне Аляксандра Лукашэнкі.
5–6 ліпеня ў Менску будзе праходзіць штогадовая сэсія Парлямэнцкай Асамблеі АБСЭ. Праваабаронцы Беларусі зьбіраюцца азнаёміць удзельнікаў сэсіі з сытуацыяй адносна сьмяротнага пакараньня ў Беларусі. Раней з боку парлямэнтарыяў эўрапейскіх краін прагучала прапанова прыняць падчас сэсіі рэзалюцыю па Беларусі, у якой адным з патрабаваньняў да ўладаў будзе ўвядзеньне мараторыю на прымяненьне сьмяротнага пакараньня.
Беларусь застаецца адзінай краінай Эўропы, дзе ўжываецца сьмяротная кара.