Расейская «Новая газета» папрасіла Нобэлеўскую ляўрэатку Сьвятлану Алексіевіч пракамэнтаваць апошнія інфармацыйныя падзеі, зьвязаныя зь яе імем: інтэрвію агенцтву Regnum, якое яна забараніла публікаваць, тэлефанаваньні расейскіх пранкераў Вавана і Лексуса ад імя прадстаўнікоў уладаў Ўкраіны і Расеі і выступ гендырэктара інфармацыйнага агенцтва «Россия сегодня» Дзьмітрыя Кісялева.
Прапануем вам адказы Алексіевіч у скароце.
Пра інтэрвію Сяргею Гуркіну
Бачыце, як машына завялася. Гэта ўжо сурʼёзна. І цяжка адбіцца. Справа нават не ў размове, а ў хвалі, якая паднялася пасьля яе. Падобна на тое, я сурʼёзна ім усім перашкаджала: і вось зьявіўся прэцэдэнт. Тэма для абмеркаваньня. З беспардоннымі падтасоўваньнем цытатаў. Я вось думаю: а ці чыталі гэтыя людзі публікацыю Regnum? Кніг маіх яны не чыталі дакладна.
Мабыць, я цяпер раздражняю ўсурʼёз. Я ж ніколі не лічыла патрэбным хаваць тое, што думаю: казала адкрыта і пра анэксію Крыма, і пра Данбас.
У Пецярбургу адбылася размова з Гуркіным. Я адразу зразумела: гэта не інтэрвію. Я яго і не ўспрымала як інтэрвію. Прыйшоў нэрвовы, устрывожаны, ускудлачаны малады чалавек з агрэсіўным наскокам. Мяне ўразіла, што ён супрацоўнік «Дзелавога Пецярбурга». Я, скажам, згадала пра русыфікацыю. Яна ў Беларусі пачалася з 1922 года. Спадар Гуркін відавочна пра гэта нічога не ведаў і спытаў: «А пры чым тут 1922 год? Мы з вамі жывём сёньня».
Мяне падвяла пісьменьніцкая цікаўнасьць. Трэба было гутарку адразу абарваць: на трэцяй хвіліне было зразумела, што гэта не інтэрвію, а сварка. А я з ім працягвала размаўляць, бо мне цікавы і такі чалавек. Асабліва малады чалавек такіх поглядаў. Мы ж так доўга, з вялікай надзеяй чакалі: прыйдзе нябітае пакаленьне! Вось яно і прыйшло.
Аднак я адразу ж і цьвёрда сказала, што забараняю гэта друкаваць. У выніку: публікацыя Regnum і хваля «водгукаў» на яе. Кашын, Бабіцкі, Прылепін, Шаргуноў, Кісялёў... як адмашку далі. Пра каламуць, што бушуе ў фэйсбуку, нават не кажу. Але чытаю з цікавасьцю.
Пра статус расейскай мовы
І такое ўражаньне, што сьпяваюць людзі з голасу адзін аднаго. Не прачытаўшы нават той «сваркі». Бо я не казала зусім пра забарону рускай мовы! Я казала пра адмену яе як мовы навучаньня. Каб сцэмэнтаваць новыя нацыі. На нейкі час. Даслоўна: «Калі ласка, гаварыце па-руску, але ўсе навучальныя ўстановы будуць, вядома, на ўкраінскай».
Гаворка ішла пра тое, як адчайна людзі хочуць пабудаваць сваю дзяржаву. І іх лёгіка жорсткая вельмі. Але трэба паспрабаваць у яе ўдумацца. Зразумець іх пазыцыю. Паспрабаваць.
Пра пранкераў Вавана і Лексуса
Потым пайшла наступная хваля: Алексіевіч і пранкеры! Так, яны мне тэлефанавалі. Лексус і Ваван. Адзін — нібыта ад імя міністра культуры Ўкраіны. Другі — ад імя Аркадзя Дварковіча. І абодва прапаноўвалі ордэны «Нябеснай сотні» і Дружбы народаў, здаецца.
Растлумачу, што я ніякіх узнагарод ні ад якіх краінаў не вазьму. Гэта абдуманая пазыцыя. У такі час, як сёньня, мастак узнагароды браць не павінен. Калі пазваніў Ваван (або Лексус?) ад імя Украіны, я не вельмі зьдзівілася: ведала, што Парашэнка хацеў сустрэцца са мной. Званку Лексуса (або Вавана?) ад імя Расеі зьдзівілася больш, падумала пра пранкераў, і мне стала цікава: як яны працуюць? Таму я нядоўга, але пагутарыла.
Пра выступ Кісялёва
Дарэчы, калі б усе, хто з такім імпэтам угрызаецца ў сказанае мной, выварочваючы словы навыварат, паназіралі з такой жа жарсьцю за словамі Дзьмітрыя Кісялёва: ім бы бездані адкрыліся!
І вось яму я хацела б сказаць: «Спадар Кісялёў, а не пужайце мяне. Я не паддамся».