Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Трохкніжжа: Цыцкі Цыцэрона, канібалы ў Кітаі, цудоўная выспа Туле


Мэры Бірд, «SPQR».

63 год да н. э., Рым. Цыцэрон, адчуваючы пагрозу з боку Катыліны, прыходзіць на консульскія выбары ў жалезных дасьпехах, што пагрозьліва выглядваюць з-пад тогі. Гэта тое самае, калі б сучасны палітык заявіўся ў парлямэнт у дзелавым касьцюме з «калашнікавым» наперавес, піша прафэсарка гісторыі Кембрыджскага ўнівэрсытэту Мэры Бірд, аўтарка кнігі «SPQR». І калі вы ня ведаеце, што азначаюць гэтыя чатыры літары, дык і нон-фікшн гэты наўрад ці ацэніце, як і дасьпехі на цыцках Цыцэрона. Але калі ў вашай галаве ўвесь час круціцца «Civis romanus sum» як адказ на ўсе пытаньні дзяржаўных і ўнутраных органаў — тады Мэры Бірд напісала кніжку для вас.

Сьлядоў Рыму навокал значна больш, чым падаецца. Ягонае водгульле чуецца дагэтуль паўсюль, дзе любяць словы «дэмакратыя» і «імпэрыя». Рым ёсьць нават у Беларусі, дзе сэнат нібыта і існуе, а вось populus’у ад гэтага ні холадна, ні горача. Мэры Бірд спрабуе патлумачыць рымскія рэаліі сучаснай мовай і дапамагчы зірнуць на гэтых дзіўных людзей у тогах з той павагай, якую яны заслужылі — пры гэтым нікога не называючы героем. Урэшце, Рым быў усяго нейкіх там пару тысячагодзьдзяў таму. Чытаючы «SPQR», разумееш, які гэта кароткі адрэзак часу.

Тое, што мы ведаем пра Рым і яго суседзяў — збольшага вэрсія саміх рымскіх гісторыкаў, якія былі адначасова творцамі мітаў, іх першымі крытыкамі і толькі потым — навукоўцамі і дасьледчыкамі, піша Бірд. Гісторыя ўвесь час абнаўляецца, няма гісторыі застылай і навек правільнай — пагатоў апошнія навуковыя дасягненьні даюць магчымасьць сумнявацца і дапаўняць, папраўляць і бачыць усё больш і больш там, дзе, здавалася, усе кропкі ўжо расстаўленыя і на зьмену гісторыі прыходзіць літаратура.

Праз 2080 гадоў пасьля таго дэмаршу Цыцэрона мы з жонкай наведалі ў Менску лекцыю гісторыка Аляксея Братачкіна, які дасьледаваў выкладаньне гісторыі ў БССР і ў лукашэнкаўскай Беларусі. Тая гісторыя, якую беларускія школьнікі атрымліваюць нэрвова адмеранымі дзяржавай порцыямі — гэта інструмэнт прапаганды. Чалавека, а тым больш жывога свабоднага беларуса ў ёй няма. Ёсьць войны і героі, чужая віна і наша гордасьць. Мо таму ў нас такія праблемы зь літаратурай «нон-фікшн», падумаў я пасьля лекцыі. У тым ліку гістарычнай: пішуць або псэўдапаэтычныя славаслоўі, або сухія справаздачы. Гісторыя не ўспрымаецца як нешта, што «пра чалавека» і пра ягоную паўсядзённасьць.

Sono Pazzi Questi Romani: яны вар’яты, гэтыя рымляне — так у найноўшым Рыме перафразавалі абрэвіятуру SPQR. Іранічна (і самаіранічна), бяз плачу па залатым веку і ўсё ж з павагай. Нам бы так, у нашых пэнатах — і ў кніжках, і ў сэнатах, і ў снах, і міжсобку.

Мо Янь, «Краіна віна».

Што не дае спакою эўрапейцам і прымушае ўчытвацца ў раманы Мо Яня, другога кітайскага літаратурнага набэліянта — дык гэта, мабыць, пытаньне: як гэта з такой вусьцішнай прозай ён усё яшчэ на свабодзе ды да ўсяго, здаецца, займае крэсла старшыні Саюза кітайскіх пісьменьнікаў? А мо… А мо Мо? Мо Янь — такі сабе экспартны варыянт, кітайская гарантыя на выпадак міжнародных папрокаў у цэнзуры?

Ня ведаю, як там у арыгінале, а ў перакладзе Мо Янь — адданы прадаўжальнік гогалеўскіх традыцый. А яшчэ Маркесаўскіх. Штопраўда, апантаны сэксам, гвалтам і таму падобнымі рэчамі, ад якіх сусьветная літаратура даўно пазяхае ва ўвесь свой рот. Але толькі ня ў тым выпадку, калі дзеяньне адбываецца ў КНР. Неяк не асацыюецца яна ні зь віном, ні з порна, ні з канібаламі. Але Мо Янь выратаваў нацыянальную годнасьць. Застаецца спадзявацца, што не па заданьні партыі.

Сьледчы Дын Гоўэр едзе ў шахцёрскую правінцыю, каб разабрацца ў справе канібалаў. Бо ў Краіне Віна, Цзю Го, ня толькі здабываюць вугаль, тут п’юць усё, што гарыць, і ядуць смажаных немаўлятаў. Кошт аднаго — пару тысяч юаняў. «Ды якія ж мы канібалы?» — замілавальна ўсьміхаюцца мясцовыя партыйныя фунцыянэры, начутыя пра ягоны прыезд, начальнічкі, якім начхаць на сталічнага сьледчага, і простыя чэсныя людажэры з працоўнай клясы.

Гэта адна лінія. Другая: ліставаньне таварыша Мо Яня з адным вінаробам, дзе яны абмяркоўваюць праблемы літаратуры, гісторыі КНР і сельскай гаспадаркі, часам блытаючы першае з трэцім, а трэцяе — і зь першым, і з другім.

Калі пераадолець першыя недвухсэнсоўныя пазывы — раман зацягвае, як добрае віно. Толькі закусваць ня хочацца яшчэ доўга. Небясьпечная гэтая сучасная кітайская літаратура.

Павэл Шыдэл, «Невялікі выбар».

Паэзія — ня тая ежа, якая цяпер у модзе на літаратурных сталах. Тым большым цудам падаецца кніжка польскага паэта Паўла Шыдэла, якога давялося нядаўна паслухаць, а затым і прачытаць на фэстывалі «Stranou» у Чэхіі. Павел быў важнай фігурай польскага андэрграўнду 80-х, заснавальнікам часопісу і фэстывалю «Пабочча». Ён жыве ў Ястшэмбцы і піша пра польскія 80-я — пра людзей, касьцёлы і танкі, пра чалавека канца века: страшнага і добрага. Верш з кніжкі «Невялікі выбар» пад назвай «Песьня пра цудоўную выспу Туле» — адзін з найлепшых тэкстаў зборніка. Рэч у тым, што… Што шмат складзена песьняў пра цудоўную выспу Туле, але людзі там жывуць сваімі штодзённымі клопатамі, такімі, як нашыя, і толькі

…ўвечары часам бывае ўсе запрашаюць на танцы
баб сваіх тоўстых і потных вялікіх як боханы хлебу
цьвёрдымі лапамі іх за шырокія сьцёгны хапаюць і п’яныя ў рытме віруюць
потым з галовамі бы ў тумане да хатаў вяртаюцца страшных
партыю новых пысаў пладзіць як мага найхутчэй як мага непрыкметней
каб выжыць

і адзін толькі дурань вясковы бяз пэўных заняткаў
такіх каб жыцьцё мела сэнс хаця б нейкі сядзіць і складае
новую песьню пра Туле пра выспу цудоўную тую дзе кожны шчасьлівы
і ў рэках цякуць несупынна
мёд і віно.

Вершы Паўла Шыдэла па-беларуску — у новым, «паэтычным» нумары часопісу «ПрайдзіСьвет».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG