Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму бусел стаў абранай птушкай беларусаў?


Апошнімі гадамі ў беларускіх вёсках або на лецішчах ужо радзей можна пабачыць брутальныя пальмы з плястыкавых бутэлек ці пабудовы з гумовых колаў. Але зьявіўся новы брэнд — штучна выраблены бусел. Адзін, з элегантна падціснутай ножкай, або ў шчасьлівай сямейцы — неістотна. Галоўнае — новы герой вясковых падворкаў у шэрагу выпадкаў суседнічае з сапраўднымі гнёздамі гэтай велічнай і прыгожай птушкі. Жывы бусел у беларускім небе, на балоце, у гнязьдзе, і бусел штучны — на траўніку лецішча, шыкоўнага загараднага дому, на вясковым панадворку. Культ бусла працягваецца і нават становіцца модным. Чаму? Мы ня будзем абмяркоўваць эстэтычны бок гэтага пытаньня, а пагаворым пра прычыны абранасьці на ролю асаблівага ўлюбёнца менавіта бусла. Мая госьця — доктар філялягічных навук, этнакультуроляг Тацяна Валодзіна.

Вячаслаў Ракіцкі: І насамрэч — а чаму менавіта бусел стаў абранай птушкай для беларусаў? Не грацыёзны журавель, ня велічны сокал, не пявун-салавей, а бусел?

Тацяна Валодзіна: Пачнём з таго, што бусел для беларусаў — сьвятая птушка. Забіць бусла — вялікі грэх. Паводле вельмі даўніх легендаў, бусел — той самы чалавек, то бок ён быў чалавекам. Але Бог пакараў яго за цікаўнасьць: даручаную яму торбу ці гаршчок з сабранымі там нячыстымі жывёлінамі-гадамі ён павінен быў кінуць, не разьвязваючы, у прадоньне. Але не стрымаўся, разьвязаў паглядзець ды выпусьціў усіх тых жывёлак на зямлю. Ператвораны ў птушку, цяпер ён мусіць лавіць усё тое, што некалі выпусьціў, ачышчаць зямлю. Легенда існуе і перадаецца з вуснаў у вусны аж да нашых дзён. Вось як яе расказваюць у вёсцы Чыжаха Бярэзінскага раёну:

«Сабраў Бог усё гэта насякомае. І зьвязаў у мех і даў чалавеку занесьці гэта ўтаптаць у гразь. Ён нясе на плячах гэты мех і чуе: там жа нешта жывое, шавеліцца. Можа, ён дзіця якое туды хоча ўкінуць. Прышоў к возеру, бераг гразны, узяў і разьвязаў эты мех. Як разьвязаў, дык гэта ўсё зь меха і хлынула. І лягухі, і вужы, і гадзюкі, і ўсё эта насякомае. Ён спужаўся, кінуў эты мех і бягом дамоў. Вот яго Бог зрабіў буслам — доўгія ногі, каб лазіў па балоце і лавіў эта ўсё».

​У варыянце легенды, запісанай на пачатку мінулага стагодзьдзя выбітным беларускім фальклярыстам Аляксандрам Сержпутоўскім ад казачніка Азёмшы, апавядаецца, што чалавек ня выканаў боскае даручэньне з прычыны сваёй хітрай і падступнай жонкі, якая зь цікаўнасьці разьвязала той таямнічы гаршчок і выпусьціла на зямлю ўсю нечысьць. За гэта Бог ператварыў у птушак усю сям’ю.

— Дык такія казачкі вельмі нагадваюць клясычны міт пра Пандору! Няўжо і праўда?

— Беларускі міт блізкі да міту пра Пандору, толькі той у параўнаньні зь беларускім мітам выглядае больш позьнім. Там у гаршку Пандоры схаваныя абстрактныя паняцьці: няшчасьці, хваробы, людзкія звады і іншыя. Бусел жа выпускае нечысьць, зьмей, жаб і г.д., хоць сэмантычная блізкасьць між хтанічнымі істоткамі і чалавечымі заганамі зусім навідавоку. Як бачым, менавіта такім учынкам бусла тлумачацца асаблівасьці яго зьнешняга выгляду — доўгія ногі, нага зь пяцьцю пальцамі, афарбоўка —

«І Бог яму, кажуць, галавешкай па задніцы, у яго чорны хвост, за гэта».

​У тэксьце Сержпутоўскага падкрэсьліваецца, што колеры бусьлінай афарбоўкі адпавядаюць колерам традыцыйнай беларускай вопраткі: белы, чырвоны, чорны — старажытная колерная трыяда з глыбокім сымбалічным зьместам. Фактычна толькі да бусла з птушак зьвяртаюцца па імені.

— І якое ж гэта імя? Чалавечае?

— А якія і належаць беларусам — Сьцяпан, Гарасім, Іван, Антон... Але больш цікава, што і Адам. То бок бусел называецца імем першага чалавека на зямлі. Нават у асобных легендах і правініўся менавіта Адам, за што і быў ператвораны Богам у птушку. Вельмі цікава ў дадзеным выпадку, што бусел Адам зьбірае нават ня столькі зьмей, але раскіданыя пры жыцьці пазногці. Бо раней жа пазногці кідаць абы-дзе не дазвалялася, трэба было іх сыпаць за пазуху, на печ ці нават у якое адмысловае месца. Нібыта спатрэбяцца пасьля сьмерці, каб драцца на шкляную гару на той сьвет. А ў заходнебеларускай легендзе душа чалавека, які раскідваў іх пры жыцьці, ходзіць буслам:

«Каторы чалавек пазуры абрэзывае і кідае на землю, то па сьмерці душа его ні да пекла ні ідзе, ні да неба, адно з волі Бога ходзіць буслам, пакуль усіх пазуроў ні вызьбірае. Як бусел вызьбірае ўсе свае пазуры, то робіцца чалавекам і ідзе проста да неба, бо ўжэ яго пакута скончылася» (Federowskі 1897).

— Выходзіць, бусел як бы ад людзей аддаліўся, але не адпаў цалкам. Але ж набыў, пэўна, нейкія іншыя функцыі?

— Дачыненьні чалавека і бусла — прыклад гарманічнага суіснаваньня чалавека і дзікай прыроды, якая становіцца свойскай: чалавек дапамагаў буслу будаваць гняздо, ахвяруючы дзеля гэтага старыя колы, бароны, кладучы туды кавалкі жалеза, медзі. За гэта бусел магічным чынам засьцерагаў жытло ад пажару або папярэджваў, што жытло спаліць пярун. Пакрыўджаны бусел мог сам спаліць негасьцінную сялібу, прынёсшы на яе галавешку, або занячысьціць калодзеж, кінуўшы ў яго гадзюку. І, што ўжо само па сабе важна, бусел усьведамляецца менавіта як носьбіт нябеснага агню, як распарадчык і ахоўца яго, як апякун над іншымі нябеснымі стыхіямі, да прыкладу, над ветрам. У навальніцу раілі станавіцца пад дрэва з бусьлянкай, бо ў такое дрэва ніколі ня ўдарыць маланка.

— Неяк дзіўна гучыць, што агнём распараджаецца птушка, якая асноўны свой час бавіць па вільготных месцах, шукаючы зьмей ды жаб.

— Праўда. Бусел у народных вераваньнях паўстае як істота, здольная распараджацца як агнём, гэтак і вадою. Дарэчы, вучоныя і тлумачаць тое, што стыхія агню падпарадкоўваецца буслу, тым, што гэтая птушка найперш паўстае як увасабленьне стыхіі вады, якая сама па сабе можа супрацьстаяць агню. У такім пляне бусел уключаецца ў кантэксты, зьвязаныя з закліканьнем дажджу і прадказаньнем надвор’я ўвогуле. На Палесьсі, у прыватнасьці ў Лунінецкім раёне, да бусла зьвярталіся са словамі:

«Бусел, бусел, скінь колоду, чы на дож чы на погоду», — як клекочэ. На чым остоновіцца клекотаць, то чы дож будзе, чы погода».

— Дык бусел таксама і вешчая птушка. Што яшчэ, акрамя надвор’я, мог прадказваць гэты крылаты прыгажун?

— Як ні дзіўна, многае — надвор’е, ураджай, здароўе, шлюбныя посьпехі. Па паводзінах буслоў варажылі, які будзе год: калі ён скіне з гнязда яйка — добры год, хлеба купіш за яйка, калі птушаня — благі, неўраджайны, хлеба ня купіш. Па першай сустрэчы бусла меркавалі пра здароўе на ўвесь год: калі ўбачыш бусла лятучага, то і сам будзеш год лятаць, ногі ня будуць балець. Нават раілі, убачыўшы яго першы раз, трошку падбегчы за ім. Ну, а як сядзіць — і сам сядзеш... Казалі таксама, як «бусла первы раз убачыш, нада памыцца — будзеш здаровы, красьненькі». Фактычна кожны яго канкрэтны стан прадказваў пэўныя падзеі ў жыцьці чалавека. Самае распаўсюджанае — варажба маладых людзей аб будучым шлюбе, які прадказвала першая ўбачаная пара буслоў. А вось убачыць бусла аднаго для дзяўчыны на выданьні — нядобры знак.

— Такія варожбы з буслам можна адбываць цэлы год або толькі нейкі час, калі ён у Беларусі?

— Варажылі па першай сустрэчы з буслам. Іншая справа, што бусла традыцыйна чакалі да Дабравешчаньня:

«На Звестоване боцян на гняздо стане; Хоць лёдам падаўлюся, а да Благавешчаньня яўлюся».

Як бачым, бусел мае нават «сваё» сьвята. Убачыўшы першы раз бусла, да яго зьвярталіся (і зьвяртаюцца) з пэўнымі словамі. Статус зваротаў да бусла даволі высокі, гэта ўжо сам па сабе рытуальны акт, які ня толькі забясьпечвае кантакт з буслом (вышэйшай істотай), але і праграмуе пажаданыя наступствы. Тэкст звароту будуецца паводле тыповай схемы дачыненьняў са звышнатуральным сьветам наогул: «даю табе — а ты дай мне», «мне сваё — табе тваё». Просьбы, зьвернутыя да бусла, фармулююць надзеі і пажаданьні селяніна-земляроба. Такое можна пачуць у вёсцы Быстрыца Кобрынскага раёну:

«Бусэнь, бусэнь, на тобі галёпу, прынэсі мне жыта копу. На тобі пырога, дай мне жыта стога».

У тым жа раёне ў вёсцы Верхалесьсе расказвалі:

«Свято, вяліко. Я пэкла голёпы і выходыла на двір, у мэнэ шчэ малко дітэ булэ, і: «Бусэнь, бусэнь, на тобэ голёпу, дай мнэ жыто копу, бусэнь, бусэнь, на тобэ голушку, дай мнэ тэля і тэлушку».

— Такія словы проста выказваліся? Ці іх трэба выконваць у суправаджэньні якіх-небудзь дзеяньняў?

— Зварот да бусла пры першай сустрэчы можа суправаджацца цэлым шэрагам рытуальных магічных дзеяньняў, каб забясьпечыць сабе дабрабыт, і ў першую чаргу здароўе. Так кажуць у вёсцы Бастынь Лунінецкага раёну:

«Бусечко, тобе на поголоўе, а мне на здороўе. Каб я была така на бягу, як ты на ляту».

Да прылёту бусла пяклі так званую галёпу — печыва ў выглядзе бусловай лапкі. Побач зь пячэньнем лапкі выпякалі спэцыяльныя «барану», «серп», «касу», часам іх нават укладалі ў гняздо птушкі. У Вілейскім раёне казалі, што на Дабравешчаньне бусел ня проста прылятае, але і

«што бацян чырвоныя чаравічкі дасьць, дак лёталі босыя да току, там, дзе зярно малацілі, снапы складалі, а бываець, і сьнег. Прыбяжыш, ногі красныя, вот табе і чаравічкі. Гэта надвечарам бегалі, а даўна ж не было чаго абуць, у лапцях жа хадзілі».

— І ўсё ж, пагадзіцеся, гаспадарчыя клопаты на сёньня нават для вяскоўцаў ужо не галоўныя. А бусел становіцца ўсё больш папулярным. Мо ёсьць яшчэ якая прычына таму?

— Я б сказала — асаблівая вернасьць гэтых птушак адно аднаму. І наагул асаблівыя дачыненьні паміж птушкамі, якія пільнуюць чысьціню і адданасьць. Праўда, пра бусьліную здраду давялося пачуць толькі аднойчы, і тое бабулька яўна праецыравала на птушыны сьвет чалавечыя дачыненьні. Расказвала, што да бусьліхі ўнадзіўся лятаць залётны кавалер, пакуль яе мужыка-буцяна не было на гнязьдзе. На пытаньне, як жа бабуля адрозьнівала, дзе муж, дзе каханак, тая адказала, што муж прылятаў са здабычай, а каханак безь нічога. Таму яшчэ пытаньне, наколькі той расказік праўда. А вось гісторыі пра бусьліную вернасьць проста ўражваюць. Гэты запіс я зрабіла ў Лепельскім раёне:

«Дык вы знаеце, што буцян. Падбілі буцяна, астаўся эты буцян. Эта лічна ў мяне эты буцян быў. Астаўся, гляджу — кульгаіць. Я яго ўзяла, этага буцяна. Эта ж яшчэ даўно было, даўно. І мы этага буцяна, адгарадзілі яму ў хаце. Ён, эты буцян, выйдзець, пад’есьць, і пашоў абратна. Як мяне за язык пацягнула! Эта да Благавешчаньня, эта пра буцяноў праўду гавораць: „Хоць сьнегам падаўлюся, а да Благавешчаньня я яўлюся“. Я кажу мужыку сваёму, Паўлу: „Ай-яй-яй-яй-яй, чалавечак мой, буцяні прыляцелі!“ А гэты буцян падняўся, печ затапілася, падняўся, ножкі склаў вот так у кучачку — прыг! — у печ і згарэў. Яны ж усе парамі, а ў яго пары не было. А яшчэ як прайшэсьцьвіе раскажу, эта ж дзеці зробілі, то ўжо то грэх, нільзя. Гняздо было ў нас. Буцянова. А яны ўзялі, яйцо гусінае ўзьнясьлі туды і палажылі ў гэта гняздо. Буцяніха вывела, вывела этых — гэтага гусянёнка і свайго буцянёнка. Як наляцелі буцяны, як жа білі этую буцяніху — яна ў вакне відаць у нас во так во, як гэтыя во дрэвы. Як жа яе білі этую буцяніху! Этая буцяніха паднялася, скінулі буцяны й свайго дзяцёнка, этага буцяна, і гэтага гусянёнка скінулі. А яна паднялася вісока-вісока і разьбілася над гняздом».

— У любым разе, бусел выяўляе свае непасрэдныя дачыненьні да чалавека. І сёньня нават пасяляецца ў двары ў выглядзе драўляных фігурак. Ці не працяг гэта легендаў?

— І ў вераваньнях, і ў жыцьці рэальным, стаўшы птушкай, бусел усё адно цісьнецца бліжэй да чалавека, селіцца побач ці нават на стрэхах хатаў, прыязны і карысны людзям, жыве сямейнай парай, служыць прыкладам сужонскай вернасьці.

  • 16x9 Image

    Вячаслаў Ракіцкі

    Вячаслаў Ракіцкі – беларускі журналіст, тэатральны і кінакрытык, рэжысэр і сцэнарыст дакумэнтальнага кіно, перакладчык. Кандыдат мастацтвазнаўства. Сябра Саюзу беларускіх пісьменьнікаў і Беларускай асацыяцыі журналістаў. Аўтар Радыё Свабода з 1997 году.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG