Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як і чаму беларуская дэманічная яліна стала сьвяточным калядным дрэвам?


Лічаныя дні застаюцца да Калядаў і Новага году. На плошчах гарадоў, у крамах, офісах ужо зіхацяць сьвяточныя ялінкі. Ім радуюцца і дзеці, і дарослыя. А вось гісторыя ўпрыгожваньня цацкамі хваёвых дрэваў дагэтуль цьмяная. Пра яе загадкі напярэдадні Сьвятаў мы гутарым з доктарам філялягічных навук, этнакультуролягам Тацянай Валодзінай.

— Няўжо ў хроніках, летапісах, дакумэнтах няма дакладных зьвестак, калі ўзьнік, адкуль паходзіць усімі любімы звычай упрыгожваць ялінку?

— Сапраўды, хацелася б ведаць. Але дагэтуль працягваюцца спрэчкі, дзе і калі ўпершыню была дакумэнтальна зафіксаваная ўстаноўка каляднай елкі. Мы маем сьціслыя згадкі пра падобную цырымонію напярэдадні 1510 году ў Рызе. Дэталяў вельмі мала, але напісана, што пасьля сьвята дрэва было спалена. Іншыя пішуць, што калядная традыцыя ўпрыгожваньня яліны ўпершыню зьявілася ў францускім Эльзасе. Але часьцей у якасьці першай каляднай елкі навукоўцы прапануюць тую, якую паставіў ля свайго дому на Раство славуты нямецкі рэфарматар Марцін Лютэр. Лютэр не пазначыў дакладнага году тае падзеі, але яна таксама адносіцца да пачатку XVI стагодзьдзя. Безумоўна, пытаньне «першай ялінкі ў Эўропе» мае значнае турыстычнае, а таму і эканамічнае значэньне. Цікавы факт: напярэдадні новага 2011 году паміж Рыгай і Талінам разгарэўся сапраўдны дыпляматычны канфлікт у пытаньні елачнага першынства. У эстонскіх дасьледнікаў знайшліся аргумэнты за тое, што ў Таліне ялінку паставілі на 400 гадоў раней за рыскую, гэта значыць яшчэ да першай узгадкі самога гораду ў 1154 годзе. Мэр Рыгі ахарактарызаваў сытуацыю як «елачную вайну» і паабяцаў знайсьці годны адказ «агрэсару».

Тацяна Валодзіна
Тацяна Валодзіна

— У кожным разе зразумела, што карані звычаю ўпрыгожваць ялінку сягаюць у эўрапейскае Сярэднявечча. Таксама звычай мае повязь зь фігурай Марціна Лютэра. Ці не азначае гэта, што звычай уласна хрысьціянскі?

— Шматлікія крыніцы ўсё ж паказваюць на тое, што навагодняе шанаваньне елкі распачалося на тэрыторыі германскіх земляў, дзе елка ў часы паганства атаесамлялася з сусьветным дрэвам. Менавіта тут, у старажытных германцаў, яна і стала спачатку навагоднім дрэўцам, а пазьней — сымбалем Раства. Прынамсі, дасьледнікі найдаўнейшыя апісаньні звычаю ісьці на Новы год у лес па ялінку знаходзяць у германскіх народаў. Ну, а пасьля хрышчэньня звычаі і абрады, зьвязаныя з ушанаваньнем елкі, пачалі паступова набываць хрысьціянскі сэнс, і яе сталі выкарыстоўваць як дрэўца Раства (Weihnachtsbaum).

— Але чаму менавіта яліну ўшаноўвалі і ўшаноўваюць?

— Бо яна — вечназялёная. Як у той загадцы: «зімой і летам адным цьветам». І сымбалізуе праз тое вечнасьць, бясконцасьць жыцьця. У сьнягі і віхуры нагадвае пра хуткую вясну і непазьбежнасьць перамогі лета над зімою, жыцьця над сьмерцю.

— У такім разе ўзьнікае найпершая асацыяцыя з пахавальнай абраднасьцю. Бо і да сёньня на дарогу перад нябожчыкам кідаюць яловыя галінкі, елкай аздабляюць жалобныя вянкі. Наколькі можна праводзіць такую аналёгію?

— Ды яна відавочная. Менавіта яліна ў балта—славянскай традыцыi лiчыцца за дрэва, зьвязанае са сьветам памерлых. Так, гэта зьвязваецца ў першую чаргу зь вечнай зелянiнай елкі, што не магло не асацыявацца зь вечнасьцю жыцьця, з магчымасьцю працягваць iснаваньне ў іншых яго вымярэньнях. Дарэчы, «сьмяротная» сымболіка елкі была перанятая і савецкай ідэалёгіяй, калі менавіта гэтае дрэва стала часткаю афіцыйных могільнікаў, а найперш маўзалею Леніна ў Маскве, ля якога былі пасаджаныя серабрыстыя нарвэскія елкі. Але, вярнуўшыся ў нашыя вёскі, варта сказаць, што яліну не садзілі ў межах сядзібы.

Фота ©Shutterstock
Фота ©Shutterstock

— Толькі таму, што яна ёсьць сьмяротным дрэвам?

— У жывой прыродзе елка расьце ў сырых, цёмных месцах, лiчыцца нядобранадзейнай, адмоўнай. У мiталягiчным пляне «калючасьць», «адмоўнасьць» яліны адбілiся ў яе сувязi з дэманалягiчным сьветам. Высокi ствол, нiзкiя калматыя галiнкi, дрэва, што зрокава займае ўсю прастору ад неба да зямлi, — усё гэта стварала адпаведную асноведзь для зьяўленьня ў народнай фантазii рознай нячыстай сiлы.

— І мы такое дэманічнае могілкавае дрэва нясем у хаты і цешымся зь яго ўсе Калядныя сьвяты?

— Вось тут і назіраем мы, як прыродны расьлінны абʼект, стаўшы абʼектам рытуальным, ня раз мяняе міталягічныя значэньні на працягу сваёй гісторыі і зазнае ацэначныя трансфармацыі. Ва ўяўленьнях беларусаў гэтаксама пашыраныя ўяўленьні пра елку як пра дрэва «сьвянцонае». У яе ніколі ня бʼе Пярун, таму падчас навальніцы найлепей было хавацца менавіта пад елкай. Гэтыя асаблівасьці тлумачыць этыялягічная легенда, у якой апавядаецца, што калі слугі цара Iрада хацелі забіць немаўля Хрыста, то Божая Маці, уцякаючы, хавалася пад елку. Дрэва само апускала сваё гальлё, каб прыкрыць іх. За гэта Бог асьвяціў елку і прызначыў заўжды яе ставіць у хаце. У беларускіх вёсках кажуць, што праз асьвячонасьць каляднай елачкі лепш яе не выкідаць на вуліцу, але пасекчы і спаліць. Вось што я пачула ў 2007 годзе ў вёсцы Вулька Першая Лунінецкага раёну ад мясцовай жанчыны Марыі Раманаўны Лабко, 1933 году нараджэньня:

«І ёлочкі, шчо сьвяцяць на Коляды, нельзя выкідаць на двор. Это, шчытаецца, Божа Маці, як мучыць Хрыста хоцелі, то Вона кругом Йго ховала, Дзіця Свое. Вона пыд осінку — осінка затрослась, нельга заховаць; Вона пыд ёлочку, а ёлочка лапкі опусьціла і накрыла Йго. Вот для этого і радзяць ёлочку.

— А асінка затраслася і што?

— А Бог сказаў, то ты будзеш усю жызьню трасьціса. Вот як у лісе, то прыдзівіцесь, осіновые лісьця і церусяцца, і церусяцца, чы віцер, чы нема вітру, то вона церусіцца. А ёлочка — ціхонька. Вона заслужаная, на Коляды <ставяць> на плошчадзі. Вот некоторы, знаеце, не понімае, да высуне, выкіне. Так неможна. Вот у міне була ёлочка тожэ, я ўзяла посікла, посікла, да й спаліла, хай ідзе дымом да Бога».

Да таго ж сымболiка вечнасьцi, iдэя сувязi сьветаў абумовіла ня толькі сьмяротна-пахавальныя аналёгіі яліны, але і скарыстаньне яе ў вясельным комплексе беларусаў. Упрыгожаная ў Зборную суботу «елачка» сымбалiзавала дзявоцкасьць маладой, яе ха-раство. Атрыбут уяўляў сабой невялiкае дрэўца, нават яго вершалiну або галiнку, прычым толькi зiмой — яловую, летам жа ў якасьцi «елачкi» выступалi галiнкi пладовых дрэваў. «Елачку» ўторквалi ў каравай цi ставiлi на спэцыяльную падстаўку, упрыгожвалi стужкамі i кветкамi. Такое выкарыстаньне яліны ўпiсвалася ў больш агульную iдэю пераходу, асноўную i для вясельнага, i для пахавальнага абрадаў. І для навагодняга пералому.

Вячаслаў Ракіцкі і Тацяна Валодзіна
Вячаслаў Ракіцкі і Тацяна Валодзіна

— Але ці азначае гэта, што і беларусы, як і германцы, ставілі ялінку на Раство з самых даўніх часоў?

— Вось тут і пачынаецца самая загадка. А ня ставілі... Запытайцеся нават сёньня ў найстарэйшых вясковых жыхароў, калі пачалі ставіць ялінкі, дык пачуеце ў адказ, што толькі ў пасьляваенныя гады. А так да Калядаў ці Вялікадня як сьвятаў, зь якіх у розныя часы распачынаўся новы год, у хаце вешалі саламяных павукоў, што гэтаксама сымбалічна пазначалі колаварот часу.

Гэтак выглядае беларускі саламяны «павук»
Гэтак выглядае беларускі саламяны «павук»

А ў савецкую пару ставілі елку ўжо не да Раства, як у сярэднявечнай Эўропе, а да Новага году. Паводле дасьледаваньняў, у Рэчы Паспалітай ялінкі пашыраліся на рубяжы ХVІІІ — ХІХ стагодзьдзяў дзякуючы нямецкім пратэстантам, і наагул гэтая традыцыя пашыралася з захаду на ўсход. Хоць сьвяткаваньне Новага году 1 студзеня было прынятае тут яшчэ ў сярэдзіне ХVІ стагодзьдзя Стэфанам Баторым, пра елку зьвесткі яшчэ не адшуканыя. Альбо яе і не было. Што да Расеі, дык першыя навагоднія елкі былі ўпрыгожаныя перад новым 1700 годам, калі вырашана было сьвяткаваць Новы год менавіта 1 студзеня.

— Значыць, і елку прывёз у Расею Пётр Першы. Ці маюцца зьвесткі, як гэта адбывалася?

— Так, паводле дасьледаваньня Алены Душачкінай, у гэты дзень загадана было пускаць ракеты, запальваць агні і ў сталіцы Расеі (тады яшчэ Маскве) паставіць «упрыгожаньні ад дрэваў і галінаў хваёвых, яловых і ялаўцовых...». Так яліна, дрэва, зьвязанае зь «ніжнім сьветам», упершыню ў расейскай практыцы апынулася ў шэрагу рытуальных абʼектаў сьвята навалецьця. Упрыгожаньні зь елкі загадвалі ўсталёўваць звонку: на брамах, на вуліцах, на дахах дамоў. Ялінка, такім чынам, уводзілася як дэталь навагодняга гарадзкога пэйзажу, а не каляднага інтэрʼеру, чым яна стала пасьля. Для цара Пятра важны быў эстэтычны складнік, а не сымбалічны ў рэчышчы ўсходнеславянскай традыцыі. Цяжка нават уявіць сабе навагоднюю Маскву 1 студзеня 1700 году зь елкамі, што як бы ператварыла яе ў «горад памерлых». Натуральна, пасьля Пятра традыцыя страцілася.

Навагоднія цацкі, зробленыя на «Сьнежаньскім фэсьце» ў Магілёве, архіўнае фота
Навагоднія цацкі, зробленыя на «Сьнежаньскім фэсьце» ў Магілёве, архіўнае фота

— Як згубілася? Але ж і сёньня ў той жа Расеі, як і па ўсім сьвеце, ставяць на цэнтральных плошчах велічных прыгажуняў...

— Вярнулася елка ў Расею толькі напачатку XIX стагодзьдзя дзякуючы пецярбурскім, зноў жа, немцам. Засваеньне ў Расеі новага рытуалу дзівіць сваёй імклівасьцю. Калі ў пачатку 1830-х гадоў пра елку яшчэ толькі казалі як пра «мілую нямецкую задуму», дык у канцы дзесяцігодзьдзя яна становіцца ў расейскай сталіцы шырока вядомай. З XIX стагодзьдзя елка набывае хрысьціянскую сымбалічнасьць. Расейская елка, як і на Захадзе, становіцца «Хрыстовым дрэвам», хоць праваслаўная царква неаднаразова выступала супраць гэтага звычаю. А ўжо да пачатку ХХ стагодзьдзя елка трывала заняла сваё месца ў дамах багатых гараджанаў, ды і ня вельмі багатых. Істотна тое, што гэта гарадзкая традыцыя з заходнімі каранямі. У беларускіх вёсках Каляды гулялі зусім па-іншаму.

— Якія зьмены спазнала елка ў савецкі час?

— Пры канцы 1920-х гадоў, калі Раство было абвешчана рэлігійным перажыткам, елка зьнікае. Але сьвята і яго атрыбутаў чалавек прагне ў любы час, і ў савецкі прагнуў таксама. І раптам на зыходзе 1935 году ў газэце «Правда» зьяўляецца нататка кандыдата ў члены Палітбюро ЦК ВКП(б) Паўла Постышава: «Давайце арганізуем да Новага году дзецям добрую елку!» У выніку дарэвалюцыйны звычай быў нібыта адроджаны. Але цяпер елка называлася не каляднай, а навагодняй або проста — савецкай. На першы погляд, вяртаньне «старарэжымнага» рытуальнага абʼекту ў эпоху 1930-х гадоў можа здацца дзіўным. Але рэабілітацыя елкі адбылася празь месяц пасьля таго, як Сталін вымавіў знакамітую фразу: «Жить стало лучше, товарищи. Жить стало веселее». Як лічаць расейскія дасьледнікі, елка магла паслужыць рэжыму, вяртаючы людзям звыклыя радасьці жыцьця. Але елка была ня гэтулькі адроджаная, колькі пераўтвораная ў новае сьвята, якое атрымала выразную фармулёўку: «Навагодняя елка — сьвята радаснага і шчасьлівага дзяцінства ў Савецкай краіне».

Нататка Паўла Постышава ў газэце «Правда» 28 сьнежня 1953 году
Нататка Паўла Постышава ў газэце «Правда» 28 сьнежня 1953 году

— І ўсё ж хацелася б пачуць пра менавіта беларускія асаблівасьці, што да звычаю ўпрыгожваньня ялінкі.

— Я ўжо казала пра вясельную елачку. А яшчэ елкі ўпрыгожвалі да іншых сьвятаў: Стрэчаньня па Палесьсі, Юрʼя і нават да Масьленкі. І нават у легендзе ялінка вечназялёная, бо дапамагла схавацца дзяўчыне, якая ратавалася ад страшэннага цмока. Падам у гэтым зьвязку расповед Марыі Шуст, 1928 году нараджэньня, жыхаркі вёскі Вайнілавічы Нясьвіскага раёну, запісаны ў 2006 годзе:

Шчэ мама расказывала, як ехаў Юрай на кані. Ён жа ж о зь пікаю з такою. А дзеўчынка... Хацеў яе зьесьці цмок. Вуж гэтакі. Ішла дзеўчына па дарозе, а ляжаў Цмок той. Яна найшла на яго, і ён яго хацеў зьесьці. А тут наехаў Юрай. Як наехаў Юрай, так і стаў яе бараніць. Яна стаіць, тая дзеўчынка, ужо і плачэць. А Юрай вужа гэтага пікаю з каня забіў, а тая дзеўчынка ўжэ ўцякала. Уцякала і прыбегла пад асіну і просіць:

— Схавай мяне! — А асіна сказала:

— Не магу я цябе схаваць, мае лісты рэдкія. — Дак яна пабегла пад бярозу. А на асіну сказала:

— Каб ты траслася, сколькі ты стаяць будзеш. — Яна прыбегла пад бярозу, а бяроза сказала:

— Я цябе не схаваю, — але падсаветавала: — Бяжы пад ёлку.

Яна схавалася пад ёлку, а ёлка апусьцілася, і ўжо уцалела яна.

— Каб ты была зялёная і зялёная зімой і летам.

І ёлка стала зялёная і зялёная заўсюды. А асіна каб траслася, сколькі жыла. І от лісьця ў асіны і трасуцца, казалі гэтак. А на бярозу сказала:

— Каб ты красавалася і была заўсёды харошая.

— Гэта што падказала?

— Што падказала, каб пад ёлку пабегла.

Ялінка насамрэч суправаджае беларуса ўвесь каляндарны год. Нягледзячы на тое, што зьявілася яна ня ў нас, а недзе на Захадзе, і пражыла няпростую гісторыю, у наш час яна прыжылася і становіцца на Каляды і пад Новы год жаданай госьцяй у кожнай сямʼі.

  • 16x9 Image

    Вячаслаў Ракіцкі

    Вячаслаў Ракіцкі – беларускі журналіст, тэатральны і кінакрытык, рэжысэр і сцэнарыст дакумэнтальнага кіно, перакладчык. Кандыдат мастацтвазнаўства. Сябра Саюзу беларускіх пісьменьнікаў і Беларускай асацыяцыі журналістаў. Аўтар Радыё Свабода з 1997 году.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG