Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму танк дрыфтаваў па цэнтральным праспэкце Менску? Мінабароны маўчыць, камэнтуюць Грыб і Алесін

абноўлена

Танк зьбіў слуп у час рэпэтыцыі параду ў Менску 24 чэрвеня, кадар зь відэа відавочца на Youtube
Танк зьбіў слуп у час рэпэтыцыі параду ў Менску 24 чэрвеня, кадар зь відэа відавочца на Youtube

Чарговая рэпэтыцыя вайсковага параду на Дзень рэспублікі ў Менску прайшла ўвечары 24 чэрвеня. Яшчэ да пачатку рэпэтыцыі адбыўся інцыдэнт: на праспэкце Незалежнасьці, каля мэтро «Маскоўская», танк, што кіраваўся на парад, на высокай хуткасьці рэзка ўвайшоў у занос, зьляцеў з дарогі і зьбіў ліхтарны слуп.

У танка лёгка пашкоджаныя каткі, трак і навясная браня. Супрацоўнікі ДАІ склалі пратакол і аформілі ДТЗ.

У межах рэпэтыцыі адбылося адно здарэньне: быў затрыманы мужчына, які спрабаваў спыніць калёну тэхнікі каля ЦУМу.

Тымчасам у сацыяльных сетках абураюцца здарэньнем, зноў заклікаюць не праводзіць вайсковыя парады ў цэнтры гораду.

Свабода паспрабавала ўзяць камэнтар да інцыдэнту з танкам у Міністэрстве абароны Беларусі, але тэлефоны прэсавай службы міністэрства не адказваюць, на сайце МА зьвестак пра інцыдэнт няма.

Алесін: «42 тоны на такой хуткасьці — гэтак мог і дом зьнесьці»

Незалежны вайсковы экспэрт Аляксандр Алесін мяркуе, што арганізатары рэпэтыцыяў параду пралічыліся.

Аляксандар Алесін, архіўнае фота
Аляксандар Алесін, архіўнае фота

«Гэта можа быць тэхнічная непаладка, прыкладам, бакавы фрыкцыён заела. А танк Т-72 даволі цяжкі ў кіраваньні, ён патрабуе рэальнай фізычнай сілы ад кіроўцы. Усё ж 42 тоны, на такой хуткасьці мог і дом зьнесьці. На парадах ці падчас праходу вайсковай тэхнікі на манэўрах такое бывала, што ў дамы заяжджалі, асабліва пры павароце. Яшчэ відаць, што пакрыцьцё мокрае, а хуткасьць вялікая, вось і не ўлічыў.

Якое можа быць пакараньне танкісту? Мяркую, будуць разьбірацца, і калі выявіцца, што адбылася тэхнічная паломка, дык вялікага спагнаньня ня будзе.

Рэпэтыцыя параду на 3 ліпеня ў 2016 годзе
Рэпэтыцыя параду на 3 ліпеня ў 2016 годзе

Але рэч ня толькі ў танкісту. Чаму такая хуткасьць? Чаго імчаўся? Ведаю, што для такіх рэпэтыцыяў складаецца вельмі шчыльны графік, усё па хвілінах расьпісана. Магчыма, зь нейкай прычыны вось менавіта гэты танк ды той, што быў за ім, адсталі ад калёны. Потым спрабавалі дагнаць — вось і вынік.

А гэта значыць, што пралічыліся арганізатары, магчыма, трэба на такія рэчы адводзіць больш часу, улічваць, што нехта можа зьбіцца з графіку, і каб потым ён не ляцеў па вуліцы, не даганяў.​

Рэпэтыцыя параду на 3 ліпеня ў 2016 годзе
Рэпэтыцыя параду на 3 ліпеня ў 2016 годзе

Яшчэ важны момант — што мінакі на ходніках ніяк не папярэджаныя, што доступ да дарогі адкрыты. Магчыма, трэба неяк агароджваць, можа, вайсковую аўтаінспэкцыю далучаць, каб іхныя машыны стаялі ўздоўж вуліцы, калі ідзе тэхніка. Памятаеце, пару гадоў таму на рэпэтыцыі ўжо быў інцыдэнт з вайсковай тэхнікай, каля плошчы Бангалёр гэта было? Задыміўся. Такое магчыма, што нешта ламаецца, але трэба рабіць высновы».​

На просьбу пракамэнтаваць прапанову ўвогуле адмовіцца ад вайсковых парадаў экспэрт сказаў:

«Ведаеце, у Беларусі парады — адзіная магчымасьць даказаць усім, што войска ў нас ёсьць. Вайскоўцы сядзяць у гарнізонах, па казармах, тэхніка ў ангарах — і ў людзей уражаньне, што арміі нібыта няма. І тады ўзьнікае пачуцьцё: а хто ж нас абараняе?

Вось яны гэтак, праз „прамоўшн“ і даказваюць, што не дарма хлеб ядуць. І, мяркую, лепш вось такімі інфармацыйна-прапагандысцкімі акцыямі, умоўна ваяваць, чым па-сапраўднаму. А тое, што парады большасьці нашых грамадзянаў падабаюцца і што на гэта зьвяртаюць увагу іншаземцы, магу засьведчыць. Ведаю, што на парад 3 ліпеня вайсковы аташэ Японіі адмыслова ў Менск прыедзе, францускі аташэ будзе — значыць, цікавяцца, ёсьць на што паглядзець. Таму мяркую, што парады сваю працу робяць».

Грыб: «Колькі будзе доўжыцца гэтая паказуха? Пакуль нехта не загіне на такой рэпэтыцыі ці на самім парадзе?»

Былы старшыня Вярхоўнага Савету 13-га скліканьня Мечыслаў Грыб абураны інцыдэнтам з танкам:

Мечыслаў Грыб, архіўнае фота
Мечыслаў Грыб, архіўнае фота

​«Танк, які ехаў на вялікай хуткасьці па праспэкце Незалежнасьці, аказаўся ў заносе, зьбіў слуп, ледзь не перакуліўся сам і не пазабіваў людзей на ходніках! Як гэта ацэньваць?! — абураецца ён у камэнтары Свабодзе. — Вядома, як былы дзяржаўны дзяяч магу сказаць, што будзе наладжаная праверка, выявяць прычыны, разьбяруцца і пакараюць вінаватых, яшчэ — што рознага кшталту інцыдэнты заўсёды магчымыя на захадах з удзелам вайсковай тэхнікі. Усё гэта так.

Але скажу і іншае: колькі будзе доўжыцца гэтая паказуха? Пакуль нехта не загіне на такой рэпэтыцыі ці на самім парадзе? Навошта патрэбныя тыя парады ўвогуле — каму мы пыл у вочы пускаем, каго хочам запалохаць ці пераканаць, што мы такія моцныя? Дык вось моцныя, ага — танкамі слупы на праспэкце зьбіваць. Цяпер відаць, што гэтая паказуха ня толькі нікому не патрэбная, але даўно і небясьпечная, бо ўлучаюць шмат тэхнікі, а тэхніка старая, людзі недастаткова навучаныя, рызыка павялічваецца.​

А потым за танкамі яшчэ самалёты паляцяць, верталёты — і што будзе, калі ў самалёце таксама нешта адмовіць, зламаецца? Ужо не кажу пра грашовыя страты ад тых парадаў, ад сапсаванай дарогі.

Цана сапсаванага парадам асфальту
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:00:32 0:00

Міністар абароны кажа, што страты на парад будуць пакрытыя з вайсковага бюджэту, але бюджэт — гэта ж падаткі грамадзянаў, гэта ж усё ад людзей, зь іхных заробкаў. І навошта? Каб разьбіваць асфальт і зносіць слупы?

Я б як кіраўнік дзяржавы такія парады даўно б не праводзіў. І ўвогуле трэба вярнуцца да адзначэньня Дня незалежнасьці 27 ліпеня, калі прынялі Дэклярацыю незалежнасьці, альбо нават да 25 сакавіка. Гэта сапраўды гістарычныя даты, паміж імі трэба было абіраць сьвята незалежнасьці, а не прыдумляць нешта, зноў пра вайну.

Ці ведаюць беларусы, што сьвяткуецца 3 ліпеня? Апытваем людзей на парадзе
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:01:43 0:00

3 ліпеня — дзень вызваленьня Менску ад фашыстаў, але толькі Менску, ня ўсёй Беларусі, у такім статусе трэба і адзначаць гэты дзень. Зладзіць масавае гуляньне ў традыцыях людзей, нейкія спартовыя падзеі арганізаваць, каб людзі маглі назіраць, удзельнічаць, але бяз гэтай параднай паказухі, без дэманстрацыі танкаў і ракетаў».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG