Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Эўрапарлямэнце 27 чэрвеня абмяркуюць сытуацыю ў Беларусі


Эўрапейскі парлямэнт, фота ©Shutterstock
Эўрапейскі парлямэнт, фота ©Shutterstock

27 чэрвеня ў сьценах Эўрапарлямэнту ў Брусэлі адбудуцца слуханьні групы дэпутатаў Эўрапейскай народнай партыі «Беларускае грамадзтва: да сучаснай палітычнай і нацыянальнай ідэнтычнасьці?».

Пра гэта паведамляе БелаПАН са спасылкай на сустаршыню аргкамітэту па стварэньні «Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі» Віталя Рымашэўскага.

Мяркуецца, што ў слуханьнях возьмуць удзел ляўрэатка Нобэлеўскай прэміі па літаратуры Сьвятлана Алексіевіч, дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Алена Анісім і Ганна Канапацкая, лідэр праваабарончага цэнтру «Вясна» Алесь Бяляцкі, старшыня АГП Анатоль Лябедзька.

«Слуханьні па Беларусі — гэта важная падзея, у тым ліку ў сьвятле падрыхтоўкі да правядзеньня чарговай сэсіі Парлямэнцкай асамблеі Арганізацыі па бясьпецы і супрацоўніцтве ў Эўропе, якая адбудзецца 5–9 ліпеня ў Менску. Яна таксама важная ў пляне фармаваньня пасланьня Эўрапейскай народнай партыі, зь якім ЭНП выступіць на гэтай сэсіі, паколькі шмат дэпутатаў ад гэтай партыі будуць у сталіцы Беларусі», — заявіў Рымашэўскі.

Ён таксама адзначыў, што ўжо ёсьць дамоўленасьць пра выступ прадстаўнікоў беларускай апазыцыі на сустрэчы дэпутатаў ад ЭНП у Менску.

Эўрапейская народная партыя — правацэнтрысцкая агульнаэўрапейская палітычная партыя, заснаваная ў 1976 годзе. Уключае ў сябе хрысціянска-дэмакратычныя і кансэрватыўныя партыі краін Эўропы. Яна прадстаўленая ва ўсіх палітычных інстытутах Эўразьвязу, а таксама ў Радзе Эўропы.

Плянуецца, што ў ліпеньскай сэсіі ПА АБСЭ ў Менску возьмуць удзел каля 700 дэлегатаў з 57 дзяржаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG