«Мы, пасажыры „Аэрофлота“, грамадзяне Расеі патрабуем у абавязковым парадку спыніць у „Аэрофлоте“ дыскрымінацыю толькі прадстаўніц жаночага полу ў працоўным калектыве „Аэрофлота“ (стуардэсы) паводле вонкавых дадзеных і ўзросьце. На фота: прыгажуні стуардэсы зь вялікім вопытам Ірына і Яўгенія. Менавіта іх закранула дыскрымінацыя ў кампаніі!» — на сайце Change.org зьявілася пэтыцыя ў падтрымку бортправадніцаў, якія судзяцца з расейскім нацыянальным авіяперавозчыкам. «Прафэсіяналізм не залежыць ад памеру», — лічаць бортправадніцы авіякампаніі Ірына Іерусалімская і Яўгенія Магурына, якiя працуюць у авіяцыі больш за 15 гадоў. Зь іх меркаваньнем згодныя сотні чалавек, якія рэгулярна лётаюць рэйсамі «Аэрофлота».
Пэтыцыя пасажыраў у падтрымку стуардэс ужо шырока разышлася ў сацсетках.
Яе аўтар — Алена Папова, сузаснавальніца «Праекту W: сеткі ўзаемадапамогі жанчын», таксама кліент «Аэрофлота».
Радыё Свабода першае падрабязна расказала пра сутнасьць канфлікту паміж бортправадніцамі і працадаўцам у лютым сёлета, калі бортправадніцы Ірына Іерусалімская (працуе ў «Аэрафлоце» ад 1998 году) і Яўгенія Магурына (у авіякампаніі ад 2010 году) зьвярнуліся ў Тушынскі і Прэсьненскі суды, абвінавачваючы кампанію ў парушэньні іх працоўных правоў і дыскрымінацыі супрацоўніц паводле вонкавага выгляду, вагі і ўзросту.
Аклад у бортправадніцы «Аэрофлота» складае 7 тысяч рублёў, астатнія выплаты — гэта розныя надбаўкі
На судовым працэсе па справе Яўгеніі Магурынай высьветлілася, што аклад у бортправадніцы «Аэрофлота» складае 7 тысяч рублёў, астатнія ж выплаты — гэта розныя надбаўкі. І залежаць яны ў тым ліку ад геаграфіі палётаў (за замежныя рэйсы належаць камандзіровачныя) і так званага «асабістага ўкладу». Самая высокая зарплата бортправадніка, які лётае за мяжу ў бізнэс-клясе, з максымальна магчымым налётам і ўсімі надбаўкамі складае 80 тысяч рублёў. Пры палётах па Расеі, у асноўным так званымі «кароткімі рэйсамі», заробак ніжэйшы амаль удвая.
«Асабісты ўклад» (ці «паказчыкі прафэсійнай пасьпяховасьці» у тэрміналёгіі ўнутраных дакумэнтаў авіякампаніі) налічваецца пры адсутнасьці заўваг па працы і веданьні замежнай мовы на «4» і «5» і зьніжаецца пры наяўнасьці скаргаў і дысцыплінарных праступкаў (напрыклад, спазьненьне, заўвагу за запаўненьне палётнай дакумэнтацыі або несвоечасовае праходжаньне прафэсійнай падрыхтоўкі). Ёсьць сярод пунктаў, па якіх зьніжаецца «асабісты ўклад» і такі як «невыкананьне стандартаў» Аэрофлота і «неадпаведнасьць патрабаваньням да членаў кабінных экіпажаў». Сярод гэтых патрабаваньняў ёсьць пункт аб памеры адзеньня — ён не павінен быць больш за 48-ы памер для жанчын. Для мужчын-бортправаднікоў прадугледжаныя іншыя патрабаваньні — ім можна быць да 52-га памеру. На судзе высьветлілася, што патрабаваньняў да памеру адзеньня няма ні ў адным міжнародным дакумэнце, які рэгулюе дзейнасьць авіяцыі, няма іх, зрэшты, і ні ў адным расейскім. Акрамя «асабістага ўкладу» у «Аэрафлоце».
Усяго «пад санкцыі» трапілі 480 бортправадніцаў, жартам самі сябе яны называюць «групай СТС» — «старыя, тоўстыя, страшныя»
Усе бортправадніцы, якім за 40 і якія носяць больш за 48-ы памер, пасьля «кантрольнага ўзважваньня» і фатаграфаваньня ў розных ракурсах, праведзенага ў авіякампаніі, неўзабаве былі пераведзеныя толькі на расейскія рэйсы. Усяго «пад санкцыі» трапілі 480 бортправадніцаў, жартам самі сябе яны называюць «групай СТС» — «старыя, тоўстыя, страшныя». Пазбавіўшыся палётаў за мяжу і зьніжэньня «асабістага ўкладу» з-за памеру адзеньня, яны адразу страцілі ў заробку. За мяжу ж сталі лётаць у асноўным маладыя і стройныя бортправадніцы.
Яўгенія Магурына і Ірына Іерусалімская, абедзьве зь велізарным вопытам работы, «пяцёркамі» па ўсіх профільных іспытах і падзякамі ад пасажыраў, апынуліся ў ліку тых, яікя «трапілі пад санкцыі». Як і астатнія амаль паўтысячы бортправадніц, яны сталі лётаць у асноўным уначы або ранкам, так званымі «кароткімі рэйсамі», працуючы практычна без выходных і ўсё роўна ня маючы магчымасьці зрабіць «максымальны налёт», які дасягаецца ў асноўным за кошт «доўгіх (шматгадзінных ) рэйсаў». Пазоў Іерусалімскай у судзе адхілілі паводле фармальных прыкметаў, палічыўшы, што ўжо прайшлі тэрміны для абскарджаньня гэтага становішча. Справа Магурынай разглядалася больш падрабязна, але з тым жа вынікам, паколькі суд дыскрымінацыі ў дзеяньнях «Аэрофлота» ня ўбачыў. Абедзьве жанчыны апратэставалі гэтыя рашэньні ў другой інстанцыі (пазоў Іерусалімскай будуць слухаць 18 ліпеня, Магурынай — 22 жніўня).
Пасажыры, якія падпісалі пэтыцыю ў падтрымку бортправадніц, патрабуюць ня толькі спыніць дыскрымінацыю стуардэс паводле памеру адзеньня і ўзросту, але і прынесьці ім публічныя прабачэньні, а гендырэктара «Аэрофлота» Віталя Савельева зьняць з пасады за прафнепрыдатнасьць і невыкананьне законаў РФ у сфэры працы. Кліенты «Аэрофлота» нагадваюць кіраўніцтву авіякампаніі, што і Канстытуцыя, і Працоўны кодэкс забараняюць дыскрымінацыю і абвяшчаюць роўныя правы на працу і роўнасьць усіх перад законам.
Вы, панове, не паненак у бардэль набіраеце, ды і ў бардэлі, дарэчы, таксама розныя патрэбныя
«Не хацеў бы я ўбачыць як (ня дай бог) дзяўчынка-бортправадніца 42-га памеру будзе спрабаваць выцягнуць параненага пасажыра з самалёта ў выпадку чаго! — піша масквіч Сяргей Фамін. — Я падпісваюся, таму што таксама магу стаць больш за 48 памер і калі-небудзь мне будзе больш за 40 гадоў. І я не хачу, каб толькі паводле гэтых прыкметаў мяне пазбаўлялі магчымасьці працаваць. А тэндэнцыя ўжо даўно намецілася», — дадае Віта Анікіна са Шчолкава«. Таму што гэта крайні непрафэсіяналізм кіраўнічага складу кампаніі «Аэрофлот», і гэта варта публічна асудзіць«, — лічыць Алеся Капліна з Масквы.
«Вы, панове, не паненак у бардэль набіраеце, ды і ў бардэлі, дарэчы, таксама розныя патрэбныя, бо ёсьць і антыквары, і аматары пышных формаў. А лукізм (lookism), які набірае абароты — на самай справе вялікая праблема. І такога роду дыскрымінацыя агідная па сутнасьці сваёй», — піша Кацярына Мішына з Масквы.
«У прафэсіяналізму няма памеру адзеньня. Гэта проста ганьба, што такое адбываецца», — не сумняваецца масквічка Аляксандра Рэмень.
Зрэшты, жанчын у барацьбе за чалавечую годнасьць падтрымліваюць далёка ня ўсе.
Убачыш гэтых дзьвюх дзяўчат з фатаздымку на рэйсе — і ты ўжо не ляціш, а едзеш у пляцкарце па маршруце Масква — Уладзівасток
«Заўсёды прыемна глядзець на прыгожых і мініятурных стуардэс. У рэшце рэшт, стуардэса — твар кампаніі і, пры ўсёй маёй павазе да дзяўчат у целе, на стройных дзяўчат глядзець больш прыемна. Убачыш гэтых дзьвюх дзяўчат з фатаздымку на рэйсе — і ты ўжо не ляціш, а едзеш у пляцкарце па маршруце Масква — Уладзівасток», — піша Алег Бялоў зь Бійску. «Я гляджу, зараз увогуле эпоха трыюмфу ўшчэмленых, — мяркуе масквіч Міхаіл Сяргееў. — Нетрадыцыйныя арыентацыі хочуць салідарнасьці ад усіх. Тлустыя таксама хочуць салідарнасьці. Вельмі папулярна стала быць „body-positive“- канечне, бо ня трэба працаваць над сабой, прымайце мяне з усімі недахопамі, а я толькі буду іх разьвіваць. Таму ў нас і картавыя тэлевядучыя, і тлустыя стуардэсы і т. д ». «Я ў шоку ад камэнтароў, — заўважае масквічка Любоў Ячная. — Наступным крокам, напэўна, са шпіталёў трэба звольніць усіх жанчын-лекараў больш за 48 памер і старэйшых за 40 гадоў. Таму што пацыентам-мужчынам больш прыемна глядзець на маладзенькую доктарку мадэльных парамэтраў. Веды і вопыт яе пры гэтым значэньня ня маюць. Слушна?»
Яўгена Магурына кажа, што дзякуючы судоваму працэсу ўжо ёсьць некаторыя станоўчыя зьмены ў лёсе 120 бортправадніц са сьпісу «СТС».
120 чалавек з гэтага «чароўнага сьпісу», які складаўся раней з 480 прозьвішчаў, рэабілітавалі
— Асабіста нас з Ірынай зьмены не закранулі, але 120 чалавек з гэтага «чароўнага сьпісу», які складаўся раней з 480 прозьвішчаў, рэабілітавалі, як любіць казаць нашае кіраўніцтва. Насупраць іх прозьвішчаў стаяць цікавыя пазнакі, напрыклад «пэрыядычна мяняецца вага» ці «працуем над іміджам». Іх перафатаграфавалі па-новаму і пашырылі ім геаграфію палётаў, — распавядае Магурына. — Асабіста адносна мяне зьменаў асаблівых не адбылося, акрамя таго, што я цяпер лётаю ў Караганду, Тбілісі і Баку. Ірына як лётала па Расейскай Фэдэрацыі, так і лётае. Адзінае, што кіраўніцтва ёй крыху дадало налётаў паводле яе заявы, але яна, уласна кажучы, ня можа нават у Баку зьлятаць, на жаль.
— Тыя, хто не падтрымлівае вашы патрабаваньні, лічаць, што вы маглі б і схуднець, калі хочаце і далей лётаць за мяжу, — такія камэнтары ёсьць і пад пэтыцыяй, і ў сацсетках.
— Хачу расказаць сумную гісторыю, якая адбылася з адной з маіх калегаў. Жанчыне 44 гады, і яе так жа, як і мяне, ушчамлялі з-за памеру адзеньня. З кастрычніка мінулага году яна лётала толькі па начах і толькі кароткімі рэйсамі, ёй таксама сказалі, што яна старая, страшная, тоўстая. Яна пачала ўзмоцнена худнець, хадзіць у спартзалю пасьля начных палётаў, і ў выніку на днях яе сьпісалі на зямлю. Гэта значыць, чалавек вырашыў адпавядаць стандартам працы і ў выніку зарабіў сурʼёзнае захворваньне шчытападобнай залозы, тырэятаксыкоз. ВЛЭК (урачэбна-лётная камісія) адхіліла яе ад працы, таму што з такім захворваньнем лётаць нельга. Увогуле ў нас даволі сурʼёзныя патрабаваньні да стану здароўя, за якім сочаць лекары, і калі мы ўсе дапушчаныя да палётаў, значыць, з намі ўсё ў парадку. Вядома, вельмі непрыемна чытаць пра сябе, што ты «тлустая стуардэса» і іншыя розныя гадасьці, крыўдна чыста па-чалавечы. Мы спадзяваліся, што здаровы сэнс пераможа, але, на жаль... мы, вядома, разумеем, што пачалася інфармацыйная вайна супраць нас, і сілы нашы няроўныя. Нашы юрысты падтрымліваюць нашу пазыцыю, і я ведаю, што гэтая справа выклікала вялікую цікавасьць у адвакатаў, і многія робяць стаўкі, чым гэта ўсё скончыцца. І наогул, гэта гучная справа для Расеі. Хацелася б пытаньне вырашыць у рамках нашай краіны, але мы зьвярталіся ў разнастайныя органы, пачынаючы ад Сьледчага камітэту і заканчваючы пракуратурай, да ўпаўнаважанага па правах чалавека і гэтак далей, а толку пакуль мала. І калі ў нас у краіне гэтае пытаньне не атрымаецца вырашыць, то давядзецца, мабыць, зьвярнуцца ў Эўрапейскі суд па правах чалавека, — кажа Яўгенія Магурына.
Вельмі непрыемна чытаць пра сябе, што ты «тлустая стуардэса» і іншыя розныя гадасьці, крыўдна чыста па-чалавечы.
Між тым, цягам разьвіцьця скандалу вакол дыскрымінацыі бортправадніц, «Аэрофлот» абвясьціў некалькі цікавых тэндэраў. Адзін зь іх, коштам 5 мільёнаў рублёў, на «аказаньне комплексу паслуг па пытаньнях сацыяльна-працоўных адносін». Іншы — «на паслугі ў галіне кіраваньня інфармацыйнымі рызыкамі». Як вынікае з тэхнічнага заданьня, гаворка ідзе «аб пакеце мер па нэўтралізацыі выяўленай рэпутацыйнай рызыкі». Што ўключае ў сябе «публікацыі ў фэдэральных выданьнях, накіраваныя на нэўтралізацыю выяўленай рызыкі», «арганізацыю публікацый на старонках папулярных карыстальнікаў сацсетак» (гаворка ідзе пра тых блогераў, у каго ў падпісчыкаў больш за 2000 чалавек) і т. Д.
— «Аэрофлот» літаральна загразнуў у тэндэрах, мы ледзь пасьпяваем іх адсочваць, на днях мы даведаліся, што «Аэрофлот» пачынае буйную піяр-кампанію ў замежных СМІ, — кажа старшыня Шарамецьеўскага прафсаюзу бортправаднікоў Ілона Барысава. — Маючы ўласны вельмі вялікі штат юрыстаў, на працэсы з бортправадніцамі яны чамусьці наймалі староньніх адвакатаў. Яны, дарэчы, прынесьлі ў суд па справе Магурынай вельмі цікавы дакумэнт, у якім было напісана, што адзін «дадатковы кіляграм бортправадніка» абыходзіцца авіякампаніі ў 759 рублёў на год, бо цягне павелічэньне выдаткаў на паліва. Авіяцыйныя спэцыялісты, якім мы паказвалі гэтыя разьлікі, рагаталі як коні, калі гэта чыталі. У сваіх разьліках паліва «Аэрофлот» не ўказаў, пры якім колькасным складзе бортправаднікоў узьнікаюць падобныя выдаткі. На ўсіх А-320 устаноўлена па шэсьць крэслаў бортправаднікоў, а ўсе рэйсы выконваюцца брыгадамі з чатырох чалавек, гэта значыць, мінімальна дапушчальнай колькасьцю, што прапісана ва ўсіх кіруючых дакумэнтах. Ня вельмі зразумела, зь якога часу мінімальны склад у нас стаў нормай і адкуль тады наогул узяўся перарасход? Наогул жа фактары, якія рэальна ўплываюць на расход паліва, дэталёва выкладзены ў ФАПе (фэдэральныя авіяцыйныя правілы). Але, мабыць, у Мінтрансе ў нас усе ідыёты, калі не заяўляюць сярод іх вагу бортправадніка.
Адзін «дадатковы кіляграм бортправадніка» абыходзіцца авіякампаніі ў 759 рублёў на год
Юрыст Ксенія Міхайлічэнка з Цэнтру сацыяльна-працоўных правоў прадстаўляла ў судзе інтарэсы бортправадніц. Яна кажа, што хоць у расейскім заканадаўстве ўстаноўлена, што такое дыскрымінацыя, судовых працэсаў, зьвязаных зь ёй, практычна няма.
— Што такое дыскрымінацыя? Гэта вызначэаньне нейкіх характарыстык для работніка, якія ня маюць дачыненьня да яго дзелавых якасьцяў. У бортправадніц у патрабаваньнях кампаніі якраз вызначаная такая характарыстыка, як памер адзеньня. Прычым, што вельмі цікава, для жанчын да 48-га памеру, для мужчын — да 52-га. І тут таксама цікавая розьніца — чамусьці мужчына 52-га памеру можа выдатна выконваць абавязкі бортправадніка, хоць гэты памер адзеньня нашмат большы, чым у жанчыны 48-га памеру. Гэтыя характарыстыкі да дзелавых якасьцяў бортправадніка ня маюць дачыненьня, таму што яны не ўстаноўленыя ні Паветраным кодэксам, ні загадам Міністэрства транспарту, у якім якраз вызначаныя спэцыяльныя патрабаваньні да дзелавых якасьцяў бортправадніка.
— На вас падчас гэтага працэсу рабіўся які-небудзь ціск?
— На юрыстаў не. Але Ірына і Яўгенія вытрымліваюць калясальны прэсінг. Чытаеш велізарную колькасьць камэнтароў у фэйсбуку: пішуць вельмі розныя людзі і розныя рэчы. Дарэчы, гэта яшчэ адно пацьверджаньне таго, што невядома наогул, як гэта справа скончыцца, таму што ў нашым грамадзтве погляды на пытаньні дыскрымінацыі вельмі розныя, часта дыямэтральна супрацьлеглыя. І некаторыя людзі вельмі шчыра кажуць: «Якая ж гэта дыскрымінацыя? Усё добра, гэта нармальная практыка», — распавяла Радыё Свабода Ксенія Міхайлічэнка.