Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Магілёве на дамах невядомыя малююць нацысцкую свастыку


Свастыка на пад’езьдзе
Свастыка на пад’езьдзе

У Магілёве зноў малююць нацысцкую сымболіку. Надпісы застаюцца незафарбаванымі доўгі час. Камунальнікі зьвяртаюць увагу на іх пасьля скаргаў. Звычайныя гараджане імкнуцца такія знакі не заўважаць.

Каб зафарбавалі свастыку, пісаў у КДБ

Нацысцкая свастыка на працягу тыдня застаецца незафарбаванай на двух пад’ездах дома на Пушкінскім праспэкце Магілёва. Пра яе паведамілі карэспандэнту Свабоды актывісты габрэйскай суполкі, даслаўшы яму фотаздымак.

Лідэр габрэйскай грамады Аляксей Каплан называе яшчэ некалькі адрасоў, дзе бачылі такую сымболіку. Ім заўважана, што нацысцкія надпісы зьяўляюцца перад Днём гораду і афіцыйным Днём Незалежнасьці. Абедзьве даты зьвязаныя зь перамогамі над нацыстамі ў час Другой усясьветнай вайны.

«Заўважана гэта мною на працягу двух гадоў, і мне здаецца, што тут ёсьць сувязь. Мне, аднак, цяжка вызначыць хто малюе свастыку і дзеля чаго», — кажа Аляксей.

«Камунальнікі такія знакі зафарбоўваюць не апэратыўна, — адзначае ён. — Аднойчы мне нават давялося пісаць электронны ліст у КДБ, каб надпісы зафарбавалі. Гаварыў на гэтую тэму і з старшынём гарвыканкаму Ўладзімерам Цумаравым. Пасьля гэтага нацысцкую сымболіку зафарбоўвалі. Прыходзіў мне ліст і з ідэалягічнага аддзелу гарвыканкаму, у якім адзначалася, што работнікам камунальных службаў даручана ўзмацніць кантроль за такімі надпісамі».

«Свастыка ў жыцьці ўжо нічога ня значыць»

На Пушкінскім праспэкце нацысцкія крыжы (пад адным зь іх напісанае імя вядомай гістарычнай асобы 1930-1940 гадоў, па віне якой была разьвязаная вайна) намаляваныя на ўваходных дзьвярах. Не заўважыць надпісы, уваходзячы ў пад’езд, складана. Жыльцы пад’езду ня ўтойвалі, што свастыку бачыць ня першы дзень. На пытаньне, што варта зрабіць, каб надпіс зьнік, суразмоўцы адказвалі:

«Я ж ня буду браць фарбу і замазваць гэтую свастыку».

Яшчэ адзін нацысцкі знак на пад’езьдзе
Яшчэ адзін нацысцкі знак на пад’езьдзе

«Я супраць таго, што намалявалі. Трэба ў міліцыю заявіць. А чаму ніхто не заявіў, ня ведаю. Я дык малюнак толькі сёньня ўбачыла, як у краму выйшла».

«Гэта падлеткі сваволяць, бо дарослыя на такое ня здольныя. Гэта цяпер так моладзь выхоўваюць. Мы зьбіраліся былі зафарбаваць, але не знайшлі фарбы, каб падыходзіла колеру дзьвярэй».

«Няхай моладзь сваволіць. Я гэтую свастыку тыдзень бачу, — нечакана заявіў мужчына. — Прыйдзе дворнік і зафарбуе. А тое, што дагэтуль не замазана, дык мяне гэта асабліва не хвалюе».

«Мы цяпер жывём у такі час, што ўсім абыякава, што намалявана. У кожнага свае інтарэсы, — выказаўся маладзён, які жыве ў доме са свастыкай. — З гэтым ужо час зьмірыцца. Усе гэтыя свастыкі, сэкты нічога ў жыцьці ня значаць. Падыдзіце да таго, хто малюе свастыку, ён выкажа спачуваньні ахвярам Айчыннай вайны, але працягне рысаваць, бо падабаецца яму свастыка альбо група ў сацыяльных сетках са свастыкай. Ён жа не за Гітлера, а надпісы і малюнкі нічога ня значаць».

ЖЭУ пра свастыку: адрэагуем

Супрацоўніца ЖЭУ паабяцала, што паведаміць пра надпісы свайму начальству, якое, у сваю чаргу, праінфармуе міліцыю.

У самім ЖЭУ запэўнілі, што адрэагуюць на паведамленьне пра нацысцкую сымболіку. На працягу гадзіны да пад’ездаў са свастыкай камунальнікі не прыйшлі.

Дом са свастыкай на пад’ездах
Дом са свастыкай на пад’ездах

Зацішша з нацысцкімі надпісамі трывала ў Магілёве больш за паўгода. Такія графіці перасталі маляваць пасьля затрыманьня летась прыхільнікаў нацыянал-сацыялізму, якіх асудзілі за апаганьваньне памятнага знаку ахвярам Галакосту. Мясцовая прэса шмат пісала пра расьсьледаваньне справы.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG